Артыкул пра Васіля Зуёнка, змешчаны ў першай кнізе тома 4 «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя», пачынаецца такімі словамі: «Васіль Зуёнак — адзін з самых вядомых сучасных беларускіх паэтаў пакалення „шасцідзясятнікаў“, на плечы якіх сёння надзейна абапіраецца ўвесь шматярусны гмах нацыянальнай літаратуры. Яны здолелі з немалым поспехам праявіць сябе ва ўсіх яе відах і жанрах — ад паэзіі да прозы і драматургіі ўключна. Лёс гэтага пакалення ў многім драматычны і нават трагічны — жорсткая, кровапралітная вайна, пасляваенныя нягоды <...> Нягледзячы на ўсе цяжкасці, на часы ідэалагічнай „замарозкі“, якія ў многім адмоўна адбіліся на іх літаратурна-мастацкім станаўленні, ім удалося стварыць мастацкія каштоўнасці, прызнаныя як на радзіме, так і далёка за межамі Беларусі».
Пра аднаго з найбольш знакамітых паэтаў, а гэта ўсё ж асноўны абсяг дзейнасці Васіля Зуёнка (паспяхова працуе ў крытыцы і літаратуразнаўстве, кандыдат філалагічных навук, ды і тое, што ён ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, шмат значыць), напісаў слынны даследчык, дарэчы, аўтар кнігі пра яго — «Праўда зерня», Уладзімір Гніламёдаў. Не менш важна і тое, што гэта праўдзіва, бо, як бы мы ні сцвярджалі пра новыя дасягненні нацыянальнай паэзіі, узроўню Зуёнка-«шасцідзясятніка», як і яго паплечнікаў, дасягнуць не ўдалося. І ўжо зусім радасна, што Васіль Васільевіч сустракае свой чарговы юбілей. Ды такі, пра якія многім — не намі гэта прыдумана, а самім Госпадам — застаецца толькі марыць. Мо таму так спагадліва.
Ён аднёсся да яго, што... Не, не ведаю, як лепш і сказаць.
У Васіля Васільевіча два дні нараджэння: 3 чэрвеня і 3 ліпеня. Адзін па пашпарце. Другі — сапраўдны. Лічба адна — 90!
Чаму так атрымалася, у аўтабіяграфіі «Бачу з усіх сцяжын...» тлумачыць: «Вайна знішчыла ўсе паперкі. І калі пасля заканчэння Узнацкай сямігодкі я мусіў выбірацца за абсягі родных ваколіц, прыйшлося абзаводзіцца новай дакументацыяй. Вось тут камісія пры Халопеніцкім бюро загса і вырашыла аднадушна, што нарадзіўся я не ў другой палове года, а ў першай. Аўтарытэтнае рашэнне было замацавана запісам у пасведчанні аб нараджэнні. З гэтае ласкі прыйшлося пазней выдумаць для пашпарта дату, адпаведную першай палове года, і займець на ўсё жыццё дні нараджэння».
Пісаць (вядома, не творы) навучыўся рана, магчыма, нават занадта: «Добра памятаю, як „друкаваў“ (скорапіс яшчэ не спасцігнуў) ліст браціку на фінскую вайну», а «ў школу пайшоў пасля вызвалення — у 1944 годзе. З першага класа перабраўся адразу ў трэці». Ранавата пачаў пісаць і вершы, пра што ў аўтабіяграфіі іранічна ўспамінае: «Недзе гэтым часам „здзівіў“ свет першым „плёнам“ творчасці». З гэтым звязана няпростая гісторыя. Што піша — дайшло да сакратара Халопеніцкага райкама камсамола. Ён «папрасіў паказаць, што я пішу, — назаўтра аж два сшыткі ляглі на яго стол. Каб забраць іх назад, не здарылася нагоды. Так і згубіўся, думаю, бясследна, першы том збору твораў».
З дыпломам выдатніка ў 1954 годзе скончыў Барысаўскае педагагічнае вучылішча. Гэта давала магчымасць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы без экзаменаў. На аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ішоў «з агульным сшыткам не менш агульных вершаў, — патрэбны былі для творчага субяседвання на прыёмнай камісіі». Ды «нялёгка было пасля агульнапісу выбіцца на правільную сцяжыну — знайсці самога сябе». Той стан, які апанаваў яго ў сувязі з гэтым, у аўтабіяграфіі вызначыў дакладна: «<...> міжволі думалася пра сваю пісаніну: „Чым такая, хай лепш ніякай не будзе...“ Маўчанне было пакутлівае, але, здаецца, не бескарыснае».
З-за гэтага маўчання і спазніўся з выданнем сваёй першай кнігі «Крэсіва». Яна з’явілася ў 1966 годзе, калі тыя, з кім разам уваходзіў у літаратуру, рыхтавалі ўжо наступныя. Праўда, годам раней выйшла кніга для дзяцей «Калаўрот». Хоць, будзем справядлівыя, важна, не як пачаць, а што сказаць. Ды яшчэ пасля таго, калі «маўчанне было пакутлівае», але, на радасць, аказалася, «не бескарыснае». Гэта відаць па вершы «Успамін», напісаным у 1962 годзе, які адкрывае яго падборку ў трохтомніку «Анталогія беларускай паэзіі»:
Мачулішча...
Відаць, і пры Ярыле
Ільны ў нас сеялі,
Вымочвалі ў Мачыле.
Бель-кужаль пралі, ткалі, вышывалі,
Кашулі ў кайстры
Напамінкам клалі.
Да таго, дзе «Мачулішча — блакіт палёў — // — Нябёс — // Блакіт вачэй // блакіт туманны // Слёз», у далейшым будзе звяртацца неаднойчы. Што гэтая вёска значыць для яго, нагадае і бліжэй да завяршэння аўтабіяграфіі: «Добра сказаў паэт (Рыгор Барадулін. — А. М.): „У кожнага ёсць свае Ушачы...“ Для мяне гэта — роднае Мачулішча, дзе заўсёды я сэрцам і думкамі. З усіх сцяжын бачу тую дарогу, якой трымаюцца вяскоўцы мае: сеяць, жаць, малаціць і — зноў сеяць».
Ды і адкрывалася «Крэсіва» вершам, у якім лірычны герой паўстае тым, хто ў сваёй хадзе ніколі і нідзе не спыняецца. Ад дзён далёкіх, у якіх цяжка здагадацца, дзе міф, а дзе праўда, ідзе нястомнай хадой у сучаснасць:
Мільёны год, мільёны год
Да сонца з цемені ірвуся.
Мільёны год, мільёны год
Іду. Іду — і не спынюся.
На ніве смерці і жыцця
Мне вечна юным быць аратым,
Бо ўсіх пачаткаў я — працяг
І ўсіх працягаў я — пачатак.
Наколькі адчувае лірычны герой сувязь усяго зямнога з Сусветам, добра відаць і ў гэтым вершы. «Ніхто не пачуў: // Яблык упаў дасвеццем — // Ля Халопеніч, // на Беларусі. // Ніхто не пачуў — // Ні людзі, // ні травы, // ні вецер... // Ніхто. // А шар зямны // Здрыгануўся...» Гэты, як і іншыя, верш — на пачатку дарогі, а таксама тыя, якія з’явіліся пазней, ствараў, нягледзячы на тое што шмат часу займалі штодзённыя справы. Яны, канешне, былі звязаны з творчай работай, але ў пэўнай ступені і адрывалі ад яе. Аднак гэта ў пэўнай ступені дазваляла навярстаць упушчанае. Працаваў у рэдакцыях газет «Рабочае юнацтва» і «Піянер Беларусі», узначальваў часопісы «Бярозка», «Маладосць». У 1982–1989 гадах — сакратар, у 1989–1990 — першы сакратар, у 1990–1998 — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў.
А перадусім — паэзія. Кніга за кнігай: «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Час вяртання» (1981)... Кожная чымсьці адметная, але разам з тым існуе і тое агульнае, што паядноўвае іх. Паэтычны зборнік «Нача» цікавы і тым, што вершы з яго загучалі і ў космасе. Перад гэтым у адзін з летніх дзён ён быў дастаўлены на транспартным караблі «Прогресс» на калязямную арбіту, дзе знаходзілася арбітальная станцыя «Салют-6» з касманаўтам — земляком Васіля Васільевіча Уладзімірам Кавалёнкам. Зблізіла іх не толькі рэчка Нача, а і паэзія. Васіль Зуёнак прызнаваўся: «Факт гэты засведчылі ўсе касмічныя рэпартажы, якія ў той час перадаваліся па радыё, тэлебачанні, друкаваліся ў газетах (я помню інфармацыю ў „Известиях“). Памятаю тэлекадры, дзе Кавалёнак проста на арбіце чытае вершы з кнігі „Нача“ свайму касмічнаму спадарожніку Іванчэнкаву і нават перакладае з беларускай на рускую. Пасля прызямлення, як гаварыў мне сам Уладзімір Васільевіч, ён той асобнік кнігі здаў у тагачасны маскоўскі Музей Кастрычніцкай рэвалюцыі».
З «Начай» цікавая гісторыя. Правільней — перадгісторыя. Творы, што загучалі, — гэта было не першае знаёмства Уладзіміра Васільевіча з творчасцю свайго знакамітага паэта-земляка. Ды папярэдняе адбылася пры абставінах, якія не надта радавалі. Па словах Васіля Зуёнка, Уладзімір Кавалёнак любіў наведвацца на родную Крупшчыну. А тут няўдалы першы палёт. Стыкоўка, што была запраграмавана, не ажыццявілася. Давялося тэрмінова прызямляцца. У роспачы паехаў на радзіму. А перш чым накіравацца ў роднае Белае, у Крупках зайшоў у кнігарню. Убачыў кнігу з назвай «Нача», адразу купіў яе, а пасля ўзяў у Зорны гарадок. У час другога палёту папрасіў даставіць яе на арбіту касмічнай поштай. Сябар Васіля Васільевіча Рыгор Барадулін, пішучы на яго эпіграму, ішоў не ад бухты-барахты: «В. Зуёнак рыфму чуў з пялёнак. // І зямляк Зуёнкаў Кавалёнак // лётаў доўга ў космасе, няйначай // захапіўся Васілёвай „Начай“?» А гэта сказана Рыгорам Іванавічам сур’ёзна ў прадмове «Як маланка нечаканы» да выбранага «Жніўны дзень» (1985): «Такі ён і ў паўсядзённым жыцці, і ў паэзіі — грунтоўны і замроена-дзёрзкі, глыбінны на думку і шчодры на спелае, як густы верасовы мёд, слова».

Лірычны герой Васіля Зуёнка не сузіральнік таго, што адбываецца. Ён актыўны ўдзельнік да таго, што было, ёсць і будзе. Можа ўзнікнуць пытанне, тое, што датычыцца цяперашняга, — апраўдана. Што будзе магчыма далей — можна ўявіць. А як быць наконт сягання ў ранейшыя стагоддзі, у ранейшыя падзеі. Адказ наконт гэтага можна знайсці ў кнізе «Луком’е» (1984), назву якой дала аднайменная паэма, напісаная годам раней. У ёй экскурс у канец ХV стагоддзя, калі адбываліся падзеі, якія ставілі крыж на дзяржаўнасці беларускіх зямель. ВКЛ і Карона Каралеўства Польскага аказаліся ў адзінай дзяржаве — Рэчы Паспалітай. У князя Івана Лукомскага, які з’яўляецца нашчадкам роду Ізяславічаў, свая думка. Ён за тое, каб яго зямля, як і іншыя, былі ў адзінай сваёй дзяржаве.
Творчы шлях Васіля Зуёнка вышэй названымі паэтычнымі кнігамі не абмяжоўваецца. Прынамсі, у яго ёсць паэма «Агонь і сонца» (1981), прысвечаная Уладзіміру Кавалёнку. Яна цікавая і тым, што зямное і касмічнае ў ёй уз’яднаны як адзінае цэлае. Лірычны герой задумваецца: «Хто зараз ты: працяг мой у Сусвеце? // Ці сам сусвет, што да мяне ідзе? Якім таўром — скажы мне, ці прыкмеціў? — // Між зор адзначаны зямны мой дзень». Гэтыя матывы ў той ці іншай ступені паядноўваюць і ўсё напісанае Васілём Зуёнкам. Можна сказаць, што ў яго зямное — і ў космасе зямное.
Алесь МАРЦІНОВІЧ