Top.Mail.Ru

Важна ўмець слухаць і чуць людзей, быць адкрытым да дыялогу і сумленным у сваіх дзеяннях

Дэпутат Анастасія МІРОНЧЫК-ІВАНОВА — пра місію народнага выбранніка, работу з грамадзянамі і сімвалічны Год беларускай жанчыны.



Член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Анастасія Мірончык-Іванова паказвае на асабістым прыкладзе: каб прыносіць карысць людзям і сваёй краіне, не трэба выбіраць паміж кар’ерай, сям’ёй і хатнім ачагом. Для сябе Анастасія Сяргееўна прыняла рашэнне не аддаваць перавагу адной са сфер жыцця, а іх умела сумяшчаць, таму што кожная па-свойму важная і карысная. Так, напрыклад, у парламенцкай дзейнасці дэпутат бачыць сваю місію ў канкрэтных справах і развіцці акругі і, як вынік, любімай краіны. Больш падрабязна пра гэта — у нашым інтэрв’ю.

— Анастасія Сяргееўна, раскажыце, чым унікальная Дзяржынская выбарчая акруга № 98?

— Мая выбарчая акруга ахоплівае частку Маскоўскага раёна сталіцы. Яе ключавая асаблівасць — моладзь, таму што менавіта на тэрыторыі акругі размешчана знакамітая студэнцкая вёска. Гэта накладвае асаблівы адбітак на ўсю работу: мы гаворым і аб стварэнні сучаснай інфраструктуры для вольнага часу, развіцці валанцёрскага руху, падтрымцы студэнцкіх праектаў і працаўладкаванні моладзі.

Наогул, знаёмства з акругай для мяне пачалося яшчэ ў перыяд перадвыбарнай кампаніі, калі я аб’язджала раён, яго інтэрнаты, прадпрыемствы і іншыя аб’екты, каб асабіста зразумець, які тут рытм жыцця. З першых дзён я пераканалася, што гэта месца з велізарным патэнцыялам, якім рухае маладосць і энергія. Разам з тым у гэтым раёне пражываюць і людзі сталага ўзросту, якім таксама ўдзяляецца належная ўвага.

Пачаць плённую работу без знаёмства з выканаўчай уладай — кіраўніцтвам адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска — мне таксама ўяўлялася немагчымым. Упэўнены рух наперад стаў магчымы са старту нашага цеснага і плённага супрацоўніцтва.

— Што хвалюе вашых выбаршчыкаў?

— Кола пытанняў, з якімі прыходзяць людзі, вельмі шырокае, але, безумоўна, прасочваецца прамая сувязь з маёй дзейнасцю ў Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Людзі ведаюць, чым я займаюся, і прыходзяць з запытамі, якія адносяцца да гэтай сферы.

Напрыклад, хвалююць пытанні даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі, работы паліклінік, падтрымкі мацярынства і дзяцінства, а таксама стварэння сучасных спартыўных пляцовак і ўмоў для заняткаў фізкультурай.

Аднак, як паказвае практыка, не менш актуальныя для жыхароў акругі і бытавыя пытанні. Гэта добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, праблемы з паркоўкамі, азеляненне. Я заўсёды імкнуся трымаць іх на кантролі і вырашаць праблемы сумесна з адпаведнымі службамі.

З нядаўніх прыкладаў — да мяне звярнулася шматдзетная сям’я, якая своечасова не скарысталася правам на паляпшэнне жыллёвых умоў з фінансавай дапамогай ад дзяржавы. Я дапамагла ім сарыентавацца, паскорана сабраць усе неабходныя дакументы. І зусім хутка яны павінны атрымаць жыллё ў Маскоўскім раёне.


Акрамя таго, нядаўна я наведвала Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, дзе ў свой час сама трэніравалася. Ад трэнераў паступіла вельмі патрэбная, на мой погляд, для ўкаранення ініцыятыва: унесці змены ў заканадаўства і стварыць брыгадны трэнерскі метад, дзе была б 

задзейнічана пераемнасць пакаленняў. Мы ў хуткім часе збяром круглы стол і абмяркуем такую магчымасць.

Яшчэ адно вельмі важнае пытанне. Спартсмены і трэнеры вельмі хочуць, каб у іх была магчымасць выступаць на спаборніцтвах пад дзяржаўнымі сімваламі сваёй краіны. 

У нашым заканадаўстве гэта прапісана, але, што датычыцца міжнароднай арэны, мы, дэпутаты, выступаем у падтрымку нашых спартсменаў, якіх гэтага права пазбаўляюць. Пры гэтым абавязкова прытрымліваемся спартыўнай дыпламатыі, таму што спорт і палітыка — розныя рэчы.

— У сваёй дзейнасці вы выкарыстоўваеце розныя формы ўзаемадзеяння з людзьмі. Якая з іх вам бліжэй?

— Я глыбока пераканана, што нельга аддаваць перавагу нейкай адной форме, таму што кожная з іх вырашае сваю ўнікальную задачу. Гэта як інструменты ў руках слесара: для кожнай дэталі — свой. Таму я выступаю за комплексны падыход, дзе ўсе формы работы арганічна дапаўняюць адна адну.

Прыёмы грамадзян — гэта магчымасць аказаць індывідуальную дапамогу, паглыбіцца ў кожную канкрэтную гісторыю і даць чалавеку кансультацыю. Сустрэчы з працоўнымі калектывамі даюць зрэз грамадскай думкі і дазваляюць пачуць людзей, якія сваімі рукамі ствараюць эканамічны дабрабыт краіны. Але ёсць форма, якая ў маёй маладзёжнай акрузе працуе асабліва ярка, — гэта дыялогавыя пляцоўкі. Тут маладыя людзі не проста слухаюць, яны ўдзельнічаюць, прапануюць ідэі, адстойваюць свае праекты. Гэта месца, дзе нараджаецца грамадзянская супольнасць.

Толькі збіраючы ўсе гэтыя формы разам, мы можам убачыць рэальную карціну таго, што адбываецца, прымаць верныя рашэнні, якія сапраўды палепшаць жыццё людзей.

— Ці ёсць нейкія асаблівыя задачы, якія вы ставіце перад сабой у сімвалічны Год беларускай жанчыны, аб’яўлены Прэзідэнтам?

— Для мяне вялікі гонар у такі знакавы год — Год беларускай жанчыны — служыць грамадзянам, з’яўляючыся дэпутатам Парламента, і праяўляць сябе ў розных кірунках.

2026 год напоўнены для мяне асаблівым сэнсам і асабістым гонарам. І мой гонар сёння — падвоены. Я ганаруся тым, што магу рабіць свой унёсак у развіццё нашай краіны не толькі як дэпутат, але і як мама.

Аб’яўленне 2026-га Годам беларускай жанчыны — гэта адлюстраванне нашай новай рэальнасці, якую мудра і паслядоўна стварае дзяржава пад кіраўніцтвам Прэзідэнта. Рэальнасці, дзе жанчына, мацярынства і самарэалізацыя — не супрацьлеглыя паняцці, а грані аднаго паўнавартаснага і шчаслівага жыцця.

Прэзідэнт паставіў амбіцыйную мэту: зрабіць мацярынства ганаровым і натхняльным трэндам. І гэта адчуваецца. Для нашых жанчын створаны ўсе ўмовы, каб працягваць працаваць, удзельнічаць у жыцці дзяржавы, не адрываючыся ад самай важнай місіі — стварэння новага жыцця.

Я хачу сваім прыкладам паказаць кожнай беларускай жанчыне: вы можаце марыць пра самарэалізацыю, пра любімую прафесію, пра служэнне Радзіме, а таксама пра сям’ю і дзіцячы смех. Дзяржава будзе побач з вамі.

— На вашу думку, у чым заключаецца асноўная місія дэпутата?

— Быць правадніком дзяржаўных рашэнняў і адначасова абаронцам інтарэсаў людзей на месцах. Гэта вялікі гонар і велізарная адказнасць, таму што дэпутат абавязаны не толькі прымаць законы, але і кантраляваць іх выкананне. Важна ўмець слухаць і чуць людзей, быць адкрытым да дыялогу і сумленным у сваіх дзеяннях.

Я бачу сваю місію ў тым, каб уносіць рэальны ўклад у развіццё сваёй акругі і, як вынік, любімай краіны, падтрымліваючы ініцыятывы моладзі, клапоцячыся пра старэйшае пакаленне. Мы выбраны грамадзянамі, каб быць прыкладам служэння Радзіме, таму што толькі разам можна пабудаваць моцную і квітнеючую Беларусь.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота ТГ-канала Палаты прадстаўнікоў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю