Top.Mail.Ru

«Важна працаваць разам і дапамагаць адно аднаму»

Дэпутат Віталь Ракавец лічыць, што на месцах павінны супрацоўнічаць усе органы ўлады



У выбарчую акругу № 54, якую прадстаўляе член Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Віталь Ракавец, уваходзяць Іўеўскі, Ашмянскі раёны і частка Воранаўскага з насельніцтвам больш за 56 000 чалавек. Дэпутат падкрэслівае, што поўнасцю ўсведамляе сваю адказнасць перад выбаршчыкамі і заўсёды стараецца быць з імі ў кантакце. Напрыклад, ён правёў прыёмы грамадзян амаль ва ўсіх сельсаветах акругі, засталося ўсяго два.

— Не кожны чалавек паедзе ў раённы цэнтр, — гаворыць ён, — па розных прычынах, таму ў сваёй рабоце практыкую выязныя прыёмы грамадзян, каб людзі маглі звярнуцца да мяне са сваімі пытаннямі. Прыемна бачыць, што выбаршчыкі давяраюць, прыходзяць па дапамогу. Нярэдка іх пытанне вырашаецца адразу на месцы, бо часта проста патрэбна кансультацыя, парада, куды лепш звярнуцца. Грамадзяне часам ідуць на прыём да мяне, абыходзячы райвыканкамы, але з іх старшынямі і намеснікамі трымаю цесную сувязь. Важна працаваць разам і дапамагаць адно аднаму. Гэта дае магчымасць аператыўна і якасна вырашаць пытанні. Пасля кожнага прыёму грамадзян абавязкова сустракаюся з кіраўніцтвам раёна, каб выказаць тое, што хвалюе насельніцтва.

Мой суразмоўца зазначае, што ў топе зваротаў заўсёды ЖКГ і сацыяльная сфера. У акрузе № 54, паводле слоў дэпутата, глабальных пытанняў, якія цяжка вырашаюцца, няма. Часам на нейкія моманты трэба больш часу, нешта чакае сваёй чаргі:

— Усё вырашальна, проста трэба разумець, што чараўніцтва не бывае, і на вырашэнне любога пытання патрэбныя рэсурсы і час. Напрыклад, у Іўеўскі райвыканкам летась паступіў зварот наконт высокіх бардзюраў на пешаходных пераходах. Так, такая праблема ёсць, многія дарогі будаваліся даўно, калі патрабаванні былі іншымі. За рашэнне пытання ўзяліся адразу, работа па заніжэнні бардзюраў ідзе і ў гэтым годзе, што дазволіць пашырыць безбар'ернае асяроддзе.

Злабадзённае пытанне ў сельскай мясцовасці — дарогі. Асабліва востра яно ўстае вясной, а таксама восенню, калі часта ідуць дажджы. З гэтымі зваротамі Віталь Ракавец таксама актыўна працуе.

— Разам з кіраўніцтвам раёна і дарожнымі службамі рэагуем на звароты. Але ў цэлым у маёй акрузе праводзіцца сур'ёзная работа па добраўпарадкаванні, яна планамерная, мясцовыя ўлады сочаць за парадкам, — адзначае дэпутат. — Вырашаюцца таксама праблемы, звязаныя з кадравымі пытаннямі, сістэмай аховы здароўя, напрыклад закупкай абсталявання. Хачу адзначыць, што ў цэлым назіраю зніжэнне колькасці зваротаў. А гэта сведчыць аб тым, што работа на месцах дакладна пастаўлена і ўлады працуюць на апярэджанне. Акрамя работы са зваротамі грамадзян актыўна праводжу сустрэчы ў калектывах і бяру ўдзел у дыялогавых пляцоўках. Абавязкова пасля любой сустрэчы застаюся, каб людзі маглі асабіста задаць нейкія пытанні, бо нехта можа пасаромецца, нехта проста не хоча агучваць пры ўсіх сваю праблему. У гэтым плане заўсёды іду на сустрэчу. Імкнуся як мага часцей сустракацца з моладдзю. Яна ў нас выдатная і вельмі актыўная. Упэўнена магу сказаць, што нам будзе каму пакінуць нашу Беларусь!

Віталь Ракавец падкрэслівае, што не бывае нязначных праблем. Любая сітуацыя, якая хвалюе грамадзяніна, важная і патрабуе ўвагі. А залог якаснай працы — абавязковасць і прыстойнасць. Дэпутат звярнуў увагу на тое, што было б выдатна, каб грамадзяне больш актыўна далучаліся да заканатворчай дзейнасці, выступалі з ініцыятывамі па паляпшэнні або дапрацоўцы тых ці іншых законаў. Гэта таксама эфектыўны інструмент для паляпшэння якасці жыцця.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю