Top.Mail.Ru
214

Важны ўнёсак у здароўе чалавецтва

Напрыканцы мінулага года студэнтка шостага курса Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Караліна Грыгор’ева стала зоркай не толькі сваёй альма-матар, але і гонарам усяго Віцебскага рэгіёна. Дзяўчына перамагла ў 15-м Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў у намінацыі «Найлепшы маладзёжны інавацыйны праект».


Родам Караліна з Бабруйска. Аб прафесіі ўрача марыла са школы, атрымаць вышэйшую адукацыю хацела менавіта ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. На другім курсе зацікавілася біяхіміяй, за што ўдзячная выкладчыку, загадчыку навукова-даследчай лабараторыі ВДМУ, прафесару, доктару медыцынскіх навук Сяргею Асачуку. Пасля паспяховай здачы экзамену прыйшла ў лабараторыю, каб займацца навукай.

«На той момант я хацела быць анестэзіёлагам-рэаніматолагам і мяне цікавіла інтэнсіўная тэрапія, работа з цяжкімі пацыентамі. Дзякуючы Сяргею Стэфанавічу мой навуковы інтарэс супаў з прафесійным, нават нягледзячы на тое, што на шостым курсе зразумела: мне бліжэй гінекалогія», — расказала Караліна Грыгор’ева.

Праект Караліны Грыгор’евай і яе навуковага кіраўніка атрымаў назву «Распрацоўка метаду эксперыментальнага прадухілення развіцця сіндрому Уотэрхауса — Фрыдырыксана (вострай наднырачнайнедастатковасці пры генералізаваным запаленні)». Простымі словамі, дзяўчына распрацавала эксперыментальны метад лячэння вострай наднырачнай недастатковасці пры сепсісе.

Тэма праекта была абрана невыпадкова: у свеце кожную хвіліну ад сепсісу памірае 14 чалавек. Штогадовая смяротнасць складае 11 мільёнаў чалавек. «Таму мы прыгледзеліся да гэтай паталогіі і зразумелі, што не хапае менавіта патагенетычна абгрунтаванага метаду лячэння, які прадугледжвае карэкцыю ўзроўню халестэрыну», — адзначыла дзяўчына.

Сутнасць праекта заключаецца ў распрацоўцы лекавага прэпарата, які будзе прадухіляць развіццё вострай наднырачнай недастатковасці альбо лячыць сепсіс. І такі прэпарат у лабараторных умовах Караліна і Сяргей Стэфанавіч змаглі распрацаваць і правялі выпрабаванні на пацуках, змадэляваўшы цяжкі варыянт сепсісу са 100 % смяротнасцю. Прэпарат жывёлам уводзілі ўнутрыбрушынна і ўнутрывенна, дасягнуўшы 80 і 87 % выжывальнасці ў залежнасці ад спосабу ўвядзення. Распрацаваны ў лабараторных умовах прэпарат здольны дастаўляць халестэ-
рын наднырачнікам з дапамогай ліпасом.

«Мы пацвердзілі ідэю, што тэрапія працуе. Цяпер распрацоўваем методыку прамысловай вытворчасці ліпасом з халестэрынам, каб правесці даклінічныя і клінічныя выпрабаванні», — заключыла Караліна.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю