Штогод Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс ахінае чароўная атмасфера музыкі і танца, калі Вялікі тэатр Беларусі прывозіць сюды свае праграмы. Сёлета маштабны open-aіr праект адбудзецца ў 16-ы раз і за тры дні падарыць гледачам 13 захапляльных імпрэз: оперныя і балетныя паказы, тэатралізаваныя канцэрты і інтэрактыўныя праграмы ў аўтэнтычных інтэр’ерах.
Першыя сустрэчы адбудуцца 19 чэрвеня ў Тэатральнай зале палаца Радзівілаў. Іх рыхтуе галоўны рэжысёр тэатра Ганна Маторная, якая ажыццяўляе адметны праект дзякуючы гранту Прэзідэнта ў сферы культуры. Тэма аднаго канцэрта — «Беларуская опера: традыцыя і сучаснасць». Другі канцэрт у гэты ж дзень прысвецяць 100-годдзю вядомага расійскага і савецкага кампазітара Аляксандра Зацэпіна, аўтара папулярных песень.
Але самая чаканая сустрэча — у пятніцу вечарам, калі на сцэне ў двары палаца прадставяць спектакль «Вілісы. Фатум». У яго аснове — ранняя опера Джакома Пучыні. У версіі Аксаны Волкавай, якая ў гэтым спектаклі ўпершыню паспрабавала ролю рэжысёра-пастаноўшчыка, опера аб’ядналася з элементамі балета. Акрамя таго, відэакантэнт стварае эфект іншага свету. А калі ўсё гэта ўявіць на фоне сцен радзівілаўскага палаца, то... Можна зразумець людзей, якія адмыслова ездзяць у Нясвіж, каб сустрэцца з Вялікім тэатрам: спалучэнне класічнай музыкі і архітэктуры дае чароўныя ўражанні, якія наўрад ці адчуеш у зале тэатра — нават пры тым што сама пастаноўка вельмі атмасферная.

У суботу палац напоўніцца гасцямі з раніцы, калі ў Тэатральнай зале прагучыць класіка дзіцячай музычнай казкі «Гісторыя Бабара, маленькага сланяняці» французскага кампазітара Франсіса Пуленка. Яе выканаюць музыканты духавога квінтэта. А пасля яе тут жа дзеці разам з дарослымі атрымаюць магчымасць адчуць «Боскае святло душы беларускай», якую прадставяць музыканты, Мітрапалічы хор і артысты оперы і балета. У Тэатральнай зале ў гэты дзень чакае адметная опера «Ацыс і Галатэя» кампазітара эпохі Барока Георга Фрыдрыха Гендэля ў пастаноўцы Наталлі Бараноўскай. Вядучыя салісты, камерны склад аркестра (бо зала невялікіх памераў). Істотна і тое, што ў тэатры прэм’еру прадставілі падчас Каляднага опернага форуму, але гэта такі эксклюзіў, што вельмі рэдка выконваюць. А вечарам у гэтай жа зале адбудзецца канцэрт «Цудоўная чацвёрка», які прадставіць заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава.
Праграма суботняга дня складзена так, што яго цалкам можна правесці ў палацы. Але тыя, хто даўно сочаць за гэтым фестывалем, ведаюць, што ўзнёслыя канцэрты адбываюцца і ў Нясвіжскім касцёле Божага цела. Таму варта ўсё ж паспець туды на праграму «Золата і цень Нясвіжа: старажытная музычная фрэска». У гісторыі беларускага музычнага мастацтва ёсць адметныя творы і аўтары, імёны якіх дзякуючы даследчыкам адкрыліся нам у апошнія гады.
Выдатным завяршэннем гэтага дня стане яшчэ адна сустрэча з беларускай музыкай, у прыватнасці, кампазітара Яўгена Глебава. Ён аўтар балета «Маленькі прынц», які ёсць у афішы тэатра ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай. Мала таго, што сама гісторыя Антуана дэ Сент-Экзюперы вельмі цікавая і рамантычная, але і музыка — фантастычна-прыгожая, сапраўды здаецца, што нейкая незямная. І пры гэтым адчуваецца наш дзіўны беларускі меладызм.
І як жа было б выдатна прачнуцца ў Нясвіжы і пасля кубачка кавы паспяшацца на канцэрт «Нядзельная раніца ў добрай кампаніі»! Абудзіцца пад гукі флейт у гістарычным антуражы, адчуць сябе гасцямі магнатаў, якія любілі музыку і сачылі за навінкамі, што з’яўляюцца ў свеце. І, можа быць, некалі казалі тут: «Брава, Моцарт!» Дык і цяпер у Тэатральнай зале будуць аматары сусветнага генія падчас адмысловай праграмы з яго твораў, падрыхтаванай да 270-годдзя кампазітара рэжысёрам Наталляй Кульмянковай разам з салістамі тэатра. Наступны канцэрт зверне да старажытнасці дзякуючы праграме «Серанада+», якую выканае струнны квінтэт пад кіраўніцтвам Таццяны Траццяк.
Вечарам у нядзелю — зноў сустрэча ў двары палаца і Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі: оперы, балета, хору, аркестра, нават міманса. Тэатр — гэта заўсёды каманда, у якой важны кожны ўдзельнік, ведае спявачка Аксана Волкава, якая выступае пастаноўшчыкам. Наогул, падобныя фестывалі дазваляюць па-новаму адчуць музыку і вядомыя творы.
Ларыса ЦІМОШЫК