Дакументальны спектакль аб трагедыі ВАВ «Каляндар памяці: старонкі лёсу» пакажуць па ўсёй Беларусі. Аб гэтым паведаміла на паказе спектакля ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі мастацкі кіраўнік цэнтра і рэжысёр пастаноўкі Надзея Коршунава, паведаміла БелТА.
13 красавіка спектакль прадэманстравалі ў Мінску, далей яго пакажуць у пяці абласцях. «У рэгіёнах вельмі зацікаўлены пастаноўкай і чакаюць нас. Спачатку наведаем Магілёў, потым Гомель, Віцебск, а праз некаторы час яшчэ Гродна і Брэст. Юнакі і дзяўчаты вельмі хвалююцца, для іх гэта яшчэ больш адказна, таму што мы прадстаўляем свой праект на ўзроўні краіны», — адзначыла Надзея Коршунава.
Паводле яе слоў, праект з’яўляецца ўнікальным, паколькі ў ім прымаюць удзел маладыя людзі розных узроўняў адукацыі — устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі, ССНУ, ВНУ, пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў. «Сам спектакль быў ініцыяваны юнакамі і дзяўчатамі, і міністр адукацыі Андрэй Іванец гэта падтрымаў. Першы паказ адбыўся напярэдадні Дня народнага адзінства. Таксама мы дэманстравалі спектакль у лістападзе, была серыя паказаў у лютым. Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, убачыўшы пастаноўку, сказала, што гэта павінны ўбачыць усе», — расказала рэжысёр.
Надзея Коршунава растлумачыла, чаму было вырашана развіваць тэму вайны праз спектакль. «Тэатр — сінкрэтычны жанр, у якім аб’яднаны розныя віды мастацтва. Ён уздзейнічае на псіхаэмацыянальны стан чалавека. А мастацтва ва ўсе часы давала сілы, выхоўвала, натхняла, вучыла, давала напрамак у жыцці чалавека, — дадала яна. — Тэма Вялікай Айчыннай вайны будзе актуальнай заўсёды. Гэта важны элемент фарміравання асобы кожнага беларуса».

Паводле слоў кіраўніка харэаграфічнага калектыву «Маладзея» горада Маладзечна Наталлі Манчак, для калектыву гэты праект — даніна памяці героям, якія ваявалі за мір. «Дзецям трэба ведаць гісторыю вайны не ў датах, а менавіта ў асобах. І гэты спектакль — добрае таму пацвярджэнне. Калі мы пачалі рыхтавацца, дзецям было шмат што ў навіну. Часам было складана зразумець, як эмацыянальна сыграць, адрэагаваць на той ці іншы верш, эпізод. Але праз некаторы час яны зразумелі ўвесь сэнс спектакля», — сказала яна.

Аб сваім вопыце ўдзелу ў праекце расказаў старшына, трэцякурснік Інстытута пагранічнай службы Беларусі Алег Мароз, які сыграў ролю Барыса Коўзана. «Вялікі і цудоўны калектыў, які ставіўся з цеплынёй і дабрынёй, уклаў у мяне часцінку таго, што сапраўды не трэба забываць нікому. Я сам, непасрэдна ўдзельнічаючы ў спектаклі і пражываючы ўсе гэтыя моманты, адчуў тое, што адбывалася на вайне і як было майму герою, — растлумачыў ён. — Спектакль расказвае маладому пакаленню аб тым, што нельга забываць. Памяць жыве, пакуль мы пра яе памятаем. Кожны ваеннаслужачы і грамадзянскі чалавек, які аддаў сваё жыццё за тое, каб мы цяпер жылі пад мірным небам, — сапраўдныя героі. Неабходна ведаць іх імёны».

На думку навучэнца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Аляксея Грыневіча, такія праекты, як спектакль «Каляндар памяці: старонкі лёсу», патрэбны для таго, каб захаваць памяць аб вайне. А для Аляксандры Шаўлюк, навучэнкі Барысаўскага кадэцкага вучылішча Мінскай вобласці, тэма спектакля мае асаблівае значэнне: «На вайне быў мой дзядуля. Дзякуючы яму і іншым героям вайны мы перамаглі і цяпер жывём пад мірным небам. Аб гэтым трэба гаварыць».
У аснове пастаноўкі — сапраўдныя дакументы, фатаграфіі, франтавыя трохкутнікі і ўспаміны відавочцаў. Кожны эпізод гучыць як рэквіем мінуламу і адначасова як наказ будучым пакаленням: памятаць цану мірнага жыцця і подзвіг продкаў. Арганізатары спланавалі маршрут так, каб ахапіць як мага больш гледачоў у розных кутках краіны.