У нацыянальным парку «Белавежская пушча» 2 мая каля 400 чалавек далучыліся да патрыятычнага велапрабегу «Дарогамі памяці», паведаміла БелТА.
Жыхары розных куткоў Беларусі прыехалі, каб паўдзельнічаць у велапрабегу: правесці актыўна дзень на свежым паветры і дакрануцца да гісторыі. Дарослыя, моладзь і дзеці ў час мітынгу ўсклалі кветкі да манумента героям-кулямётчыкам і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць абаронцаў краіны і бязвінных ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
«Арганізавалі маштабны велапрабег, прымеркаваны да 9 Мая, па дарогах, дзе праходзілі баявыя дзеянні, дзе доблесныя партызаны абаранялі тэрыторыю Белавежскай пушчы. Асноўны пасыл — помніць усё, што адбывалася ў цэлым у краіне ў гады вайны», — растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Максім Прыхадоўскі.

Маршрут працягнуўся больш як на 20 км і быў напоўнены інтэрактывам. У дарозе — дзве лакацыі з ваенна-гістарычнымі рэканструкцыямі. Напрыклад, ва ўрочышчы Кіслякі цішыню лесу раптоўна працялі гукі стрэлаў. Удзельнікі велапрабегу сталі не назіральнікамі, а рэальнымі ўдзельнікамі падзей. Ваенна-гістарычныя рэканструктары разыгралі эпізод партызанскай засады.
«Разыгралі фрагмент перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Калона мірных жыхароў выпадкова трапіла ў засаду. Воіны Савецкай Арміі ўступілі ў бой і абаранілі іх ад ворагаў. Незвычайна тое, што тут перш за ўсё прысутнічае імправізацыя. Сярод рэканструктараў шмат людзей з масоўкі «Беларусьфільма», — адзначыў рэканструктар Ілья Казаноўскі.
На возеры Лавы веласіпедысты зрабілі невялікі прывал. Рэканструктары ў гэтым пункце падрыхтавалі некалькі майстар-класаў.
Мінчанка Алена ўжо не першы раз прымае ўдзел у велапрабегу да Дня Перамогі ў Белавежскай пушчы. «Калі ўдзельнічаю ў гэтым мерапрыемстве, заўсёды слёзы на вачах. Я з пашанай стаўлюся да свята 9 Мая. Мае абодва дзядулі — франтавікі, узнагароджаны медалямі. Дзядуля з Расіі прайшоў Курскую дугу, Сталінградскую бітву, дайшоў да Берліна. Дзядуля з Беларусі быў кантужаны. Тут я знаходжуся, бо захоўваю памяць пра іх», — падзялілася жыхарка беларускай сталіцы.
Вялікай кампаніяй прыехалі пінскія медыкі. Яны частыя ўдзельнікі разнастайных актыўнасцей для здаровага ладу жыцця. Не засталіся ўбаку і на гэты раз. «Велапрабег зацікавіў сваёй інтэрактыўнасцю. Падабаецца атмасфера Белавежскай пушчы, уражваюць шматгадовыя дрэвы. Часам можна сустрэць жывёл у прыродным асяроддзі, тых жа казуль, аленяў. Мне больш даспадобы не асфальт, а жывая прырода», — падкрэсліў Павел, які прыехаў у Белавежскую пушчу с сынам і калегамі. Ён дадаў, што ў дарозе ў думках звяртаецца да дзядулі, які ваяваў. «Гонар адчуваю за ўсіх абаронцаў. Мой дзядуля ўсю вайну прайшоў, быў у палоне неаднаразова, але вярнуўся дадому», — расказаў мужчына сямейную гісторыю.

Атрымліваючы асалоду ад прыгажосці запаведнага лесу, веласіпедысты дабраліся да другой лакацыі, дзе адчулі атмасферу рэканструкцыі «Асцярожна, міны!». Гэта яшчэ адзін эпізод сутыкнення абаронцаў з фашысцкімі захопнікамі. На маршруце быў прадугледжаны прыпынак каля помніка партызанскага руху імя Каўпака. Пасля цяжкай дарогі, напоўненай уражаннямі, удзельнікі велапрабегу зрабілі прывал на Царскай паляне.
Сям’я Аляксандра з Камянца любіць велапрагулкі і падарожжы. «Чакалі, пакуль падрасце сын, каб праехаць сёння больш за 20 км. Калісьці ён з намі ездзіў у спецыяльным дзіцячым крэсле. З жонкай часта ездзім на веласіпедах. У мінулым годзе здзейснілі паход каля 200 км па бурштынавым кальцы нашага Палесся, праехалі па знакамітых мясцінах. Не маглі не праехаць сёння па ўрочышчах Белавежскай пушчы», — падзяліўся мужчына. На велапрабег сямейная пара і іх васьмігадовы сын Уладзіслаў узялі салдацкія пілоткі ў памяць аб родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.
«Мы з сястрой здымалі дакументальны фільм у памяць пра нашага прадзеда, які прайшоў усю вайну да канца. Ён быў вельмі мужным і моцным, у яго было шмат раненняў. Ён быў узнагароджаны за ўзяцце Берліна, за вызваленне Варшавы, медалём «За перамогу над Германіяй», «За адвагу», ордэнам Айчыннай вайны», — з гонарам пералічыў хлопчык.
Яго бацька лаканічна растлумачыў, чаму яму важна перадаць дзецям памяць аб продках. «Народ, які не помніць сваю гісторыю, не мае будучыні. Мы павінны перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, каб людзі помнілі і ганарыліся сваімі продкамі і ні ў якім разе не дапусцілі паўтарэння той жахлівай трагедыі, якая здарылася 85 гадоў таму на нашай зямлі», — рэзюмаваў жыхар Камянца.