Рэгулярныя велапрагулкі — выдатны спосаб не толькі прыемна правесці час, але і ўмацаваць арганізм. Чым карысная язда на веласіпедзе і як прыступіць да трэніровак, расказала загадчыца Мінскага гарадскога цэнтра здароўя Сняжана Каўрыга, паведамляе «Минск-Новости».
Шматлікія даследаванні пацвярджаюць, што ўсяго 30-40 хвілін умеранай велапрагулкі 3-4 разы на тыдзень здольныя значна палепшыць стан сардэчна-сасудзістай сістэмы, актывізаваць работу мозгу і ўмацаваць апорна-рухальны апарат.
— Для сэрца і сасудаў веласпорт становіцца сапраўдным выратаваннем. Рытмічныя рухі ног прымушаюць кроў больш актыўна цыркуляваць па сасудах, трэніруючы сардэчную мышцу і зніжаючы рызыку інфарктаў амаль удвая. Асабліва карысны веласіпед людзям з пачатковымі стадыямі гіпертаніі — мяккая нагрузка дапамагае нармалізаваць ціск без рэзкіх скачкоў, — патлумачыла Сняжана Каўрыга.
Не менш станоўчы эфект гэты від актыўнасці аказвае на мазгавую дзейнасць. Падчас язды ўзмацняецца кровазабеспячэнне мозгу, што спрыяе паляпшэнню памяці і канцэнтрацыі. Вучоныя з Універсітэта Ілінойса даказалі, што рэгулярныя велапрагулкі павялічваюць выпрацоўку бялку BDNF, які стымулюе рост новых нейронаў, фактычна амалоджваючы мозг і зніжаючы рызыку ўзроставых захворванняў.
— Што датычыцца мышцаў, то тут веласіпед прапануе ўнікальнае спалучэнне эфектыўнасці і бяспекі. У адрозненне ад бегу, ён не стварае ўдарнай нагрузкі на суставы, таму з’яўляецца выдатным варыянтам фізічнай нагрузкі для людзей з болем у каленях або залішняй вагой. Пры гэтым у работу ўключаюцца ўсе асноўныя групы мышцаў — ад лытак і сцёгнаў да прэса і спіны, фарміруючы гарманічны мышачны баланс, — патлумачыла загадчыца цэнтра.
Веласпорт пойдзе на карысць практычна ўсім — ад дзяцей з пяці гадоў да пажылых людзей. Ён асабліва рэкамендаваны офісным работнікам як кампенсацыя сядзячага ладу жыцця і пацыентам з дыябетам другога тыпу для паляпшэння адчувальнасці да інсуліну. Супрацьпаказанняў у яго няшмат: цяжкія сардэчныя паталогіі, вострыя формы артрозу, астэапароз і некаторыя захворванні вачэй. Пры наяўнасці хранічных хвароб або сур’ёзных праблем з пазваночнікам перад пачаткам трэніровак лепш пракансультавацца з урачом.
— Прыступаць да трэніровак варта паступова, пачынаючы з 15-20 хвілін павольнай язды. І абавязкова падбіраць веласіпед па росце. Важна памятаць, што нават такая зберагальная нагрузка патрабуе сістэмнага падыходу і ўвагі да сігналаў арганізма. Пры разумным выкарыстанні веласіпед сапраўды можа стаць вашым персанальным доктарам, аптэкай і нават псіхатэрапеўтам у адным флаконе, — падсумавала Сняжана Каўрыга.
Дададзім, што ў Мінску створаны добрыя ўмовы для аматараў велапрагулак, і гарадская інфраструктура працягвае развівацца. У пачатку 2025 года працягласць асноўных веласіпедных шляхоў сталіцы перавысіла 308 км, з якіх больш за 279 км — гэта адасобленыя і сумешчаныя пешаходна-веласіпедныя дарожкі. Галоўная мінская веладарожка працягласцю 27 км праходзіць праз усю сталіцу — ад вадасховішча Дразды да Чыжоўскага вадасховішча, пралягаючы ўздоўж праспекта Пераможцаў і набярэжнай Свіслачы.
Скарыстацца «зялёным» транспартам у Мінску лёгка могуць і жыхары, і госці сталіцы. У горадзе развіта сістэма аўтаматычнага пракату веласіпедаў і электрасамакатаў. Шэрынг — паслугі па пракаце сродкаў персанальнай мабільнасці аказваюць некалькі кампаній, якія прапануюць у арэнду 2,5 тыс. веласіпедаў.