Top.Mail.Ru

Вернасць свайму шляху

У сакавіку 1990 года прайшоў другі тур выбараў дэпутатаў у Вярхоўны Савет БССР. Сярод выбраных прадстаўнікоў у заканадаўчы орган тады яшчэ саюзнай рэспублікі быў і малады дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка. Гэта была добрая пляцоўка для старту палітычнай кар’еры, асабліва ў той час, калі адбываўся літаральна злом цэлых эпох. Але, каб удала стартаваць, патрэбна была ўпэўненасць у сваёй праўдзе, смеласць, бескампраміснасць і, галоўнае, каб паверылі людзі... Пазней, праз трыццаць гадоў, Аляксандр Рыгоравіч скажа фразу, якая стане крылатай: «Прэзідэнтамі нараджаюцца...»


Народны дэпутат Лукашэнка ўжо ў пачатку сваёй палітычнай кар’еры быў бескампрамісным барацьбітом з карупцыяй і бачыў, як адвесці краіну ад бездані.

Аб тым, што ў Вярхоўны Савет прыйшоў чалавек, якому наканавана стаць лідарам, зразумееш, пагартаўшы нумары «Звязды», якая ў той час таксама была парламенцкай і ўрадавай газетай. Праз нейкі час пасля выбараў прозвішча Лукашэнка ў загалоўках першай паласы сустракалася амаль гэтаксама часта, як і імёны тагачасных кіраўнікоў Беларусі, і ўжо дакладна нашмат часцей, чым прозвішчы іншых калег-дэпутатаў.

Загалоўкі былі красамоўныя. «Магчымыя іншыя варыянты выйсця з крызісу», «Лукашэнка абвінавачвае...», «Лукашэнку падтрымліваюць... і абвяргаюць», «Аляксандр Лукашэнка: У камісіі ёсць новыя факты», «Што ў чамадане ў Лукашэнкі?», «Аляксандр Лукашэнка: Першы прэзідэнт Беларусі, хто б ён ні быў, павінен адразу павымятаць карумпіраваных чыноўнікаў з вышэйшых органаў улады», «Аляксандр Лукашэнка: Сваю кандыдатуру не здыму, нават калі мяне паставяць да сценкі...» Нават у гэтых кароткіх фразах больш чым трыццацігадовай даўнасці пазнаеш моцнага палітыка, з якім будуць лічыцца ва ўсім свеце, а беларусы паважліва стануць зваць Бацькам. Дэпутат Лукашэнка ўзначальваў у Вярхоўным Савеце Часовую парламенцкую камісію для вывучэння дзейнасці камерцыйных структур, што дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах кіравання, якую журналісты трапна коратка называлі «антыкарупцыйнай», або «антымафіёзнай». У бязладдзі пачатку 90-х карупцыя, як іржа, раз’ядала ўсё, яна прабралася ў самыя высокія структуры, у той час як простыя людзі выжывалі на мяжы галечы. І тое, што адзін малады чалавек асмеліўся сказаць катэгарычнае «не» карупцыянерам ва ўладзе і распачаць з імі барацьбу, у той час для народа было нейкім прасветам, надзеяй, што можна памяняць жыццё ў лепшы бок.

16 лістапада 1993 года ў нумары «Звязды» з пачаткам на 1-й паласе ў рубрыцы «Палітычныя дыялогі» было апублікавана інтэрв’ю з народным дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам. Яшчэ не была прынята Канстытуцыя, у палітычнай структуры рэспублікі яшчэ не было пасады Прэзідэнта. А дэпутат Лукашэнка гаварыў тое, чаму застаўся верны і больш праз трыццаць гадоў, што стала яго прэзідэнцкім крэда. Прывядзём некалькі яго выказванняў з той публікацыі 1993-га.

«На чале ўлады ўжо цяпер павінен стаць палітык, які ўзяў бы на сябе смеласць і адказнасць зрабіць рашучыя, цвёрдыя і паслядоўныя крокі, каб вывесці Беларусь з крызісу, палітык, які ведае, як гэта зрабіць».

«Калі карупцыя пранізвае ўсе структуры ўлады, якія, у сваю чаргу, цесна звязаны з прадпрыемствамі, з камерсантамі, дзяржава нагадвае паўмёртвую жывёліну, цела якой з усіх бакоў апанавалі паразіты...»

«Будучыня Беларусі — у цесных сувязях з Расіяй. І я перакананы, што рана ці позна граніца паміж намі знікне — гэтага хочуць не асобныя палітыкі, а народы нашых рэспублік. Неабходнасць у цесным дзяржаўным аб’яднанні існуе і будзе існаваць... Іншага шляху няма. А калі ў некага ёсць сумненні — што ж, можам высветліць думку народа, у саюзе з кім бачыць ён сваю будучыню».

А 29 сакавіка 1994 года «Звязда» на першай старонцы апублікавала інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам, прадстаўляючы яго як патэнцыяльнага кандыдата ў прэзідэнты, хоць дата выбараў яшчэ не была абвешчана. І зноў у многіх выказваннях пазнаецца Бацька, якога не запалохаць і які ведае, што робіць...

«Адзін высокапастаўлены чыноўнік мне так адкрыта і заявіў: сунешся ў нафту (у расследаванне карупцыйнай схемы ў гэтай галіне. — „Зв.“) — атрымаеш кулю ў лоб. Тым не менш, у хуткім часе людзям будзе сказана праўда. Вось толькі закончым праверку».

«Каму быць прэзідэнтам, вырашыць народ. Аднак я лічу, што першы прэзідэнт Беларусі, хто б ён ні быў, павінен „павымятаць“ карумпіраваных чыноўнікаў з вышэйшых органаў дзяржаўнай улады. Ім там не месца».

«Мае памочнікі сустракаліся з прадстаўнікамі камерцыйных структур і адназначна заявілі, што ў выпадку выбрання прэзідэнтам Лукашэнкі красці тыя не будуць»...

13 чэрвеня 1994 года ўжо ў статусе зарэгістраванага кандыдата ў Прэзідэнты (выбары былі прызначаны на 23 чэрвеня) Аляксандр Лукашэнка ў нашай рэдакцыі праводзіў прамую тэлефонную лінію з чытачамі «Звязды». Ужо 16 чэрвеня была апублікавана справаздача аб ёй. Чытаеш і разумееш: шчырасць і адкрытасць заўсёды былі вызначальнымі рысамі Прэзідэнта. А адказы некаторым асабліва з’едлівым чытачам нагадваюць сённяшнія дыялогі Бацькі са Стывам Розенбергам... І зноў — некалькі красамоўных цытат:

«Калі ў мяне ва ўрадзе не будзе прыстойных людзей, вы ж мяне паважаць перастанеце...»

«Кандыдатам ад народа я сябе называю таму, што за мною не стаіць ні адна палітычная партыя, я не ангажаваны ніякімі палітычнымі сіламі і дзяржаўнымі структурамі».

«Я лічу, што для прэзідэнта павінны быць роўныя ўсе рэлігійныя суполкі. Да шчыра веруючых людзей я стаўлюся станоўча, як і да рэлігіі наогул. Між іншым, я лічу, што сёння царква можа адыграць ролю кансалідуючага цэнтра...»

«Цэны будуць рэгулявацца дзяржавай. Цяперашняй лібералізацыі мая каманда не прымае».

«Я лічу, што чалавек павінен размаўляць на той мове, на якой ён хоча».
«Па многіх пытаннях я гатовы правесці рэферэндум. Напрыклад, наконт сімволікі. Але канчатковае рашэнне па гэтым пытанні будзе прымаць народ».

...Праз тыдзень пасля публікацыі адбыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў. На іх прыйшлі 5,78 мільёна выбарчшыкаў, і больш за 45 % працэнтаў з іх аддалі свой голас за народнага дэпутата Лукашэнку (усяго было шэсць кандыдатаў, наступны па колькасці галасоў набраў крыху больш за 17 працэнтаў). Пачалася новая яркая палітычная кар’ера і фактычна новая гісторыя Беларусі. Шлях, па якім пойдзем, быў ужо азначаны...

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю