Top.Mail.Ru

Вернісажам Уладзіміра Гладкова распачаўся восеньскі выставачны сезон у галерэі «АртХаос»

Святло скрозь цішыню

Назва экспазіцыі — «Паміж небам і зямлёй» — адсылае нас да філасофскіх роздумаў. Што можа адбывацца паміж небам і зямлёй? Само жыццё! Кожная карціна мастака нібы прыадкрывае заслону і паказвае пэўны момант яго экзістэнцыі. Узнікае адчуванне, быццам вы размаўляеце з героямі палотнаў — яны зазвычай сядзяць да вас напаўпаварота. Гэта простыя людзі, звычайныя працаўнікі, якія ўрэшце сабраліся сям’ёй на сумесную вячэру, гараджане, якія ў святочны дзень дазволілі сабе радасць сяброўскай гутаркі, зборшчыкі мідый ці лодачнікі — іх стройныя постаці нібы напоены марскім паветрам. Некаторыя з іх відны толькі са спіны, але, нягледзячы на гэта, чамусьці адразу разумееш іх жыццё... 

На кожнай карціне побач з героямі адчуваецца аўтар. Гэта перадаецца эмоцыямі, што счытваюцца не толькі ў тварах (бо мы часам іх не бачым, а ў многіх выпадках яны як быццам змазаныя, няважныя), але і ў руху, і ў паставах людзей... Напрыклад, выява жанчыны, якая спынілася перад вітрынай ювелірнай крамкі, — нават яе сукенка цёмнага колеру напоўнена тугой па немагчымым (прынамсі, у абставінах «тут і цяпер») жыцці, дзе каханы падарыў бы ёй дарагое ўпадабанае ўпрыгажэнне як сімвал вечнай безумоўнай любові... «Сам Уладзімір — добры чалавек, і гэтая ж дабрыня прысутнічае ў яго работах», — выказваліся падчас імпрэзы сябры мастака.

Уладзімір Гладкоў удзельнічае ў выстаўках з 1979 года. За гэты час ён паспеў пабываць шмат у якіх краях, пазнаёміцца з рознымі культурамі. У экспазіцыі нямала жанравых пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў, што раскрываюць гісторыю, побыт і беларускага, і ўсходніх народаў. Напрыклад, пра кітайскія гастранамічныя асаблівасці сведчыць палатно «Едакі лапшы» (2020) (і яго сюжэт адсылае, дарэчы, да знакамітай карціны Ван Гога «Едакі бульбы» — пэўна, іранічная рэмарка аўтара). Сціплую прыгажосць і веліч роднай зямлі і яе жыхароў мастак увасобіў на карцінах «Полацк. Сафійскі сабор» (2025–2026) і «Палессе. Кірмаш на вадзе» (2025–2026). На работу «Дух продкаў» (1998), па словах Уладзіміра Гладкова, натхніў насценны роспіс у Самаркандскім музеі Афрасіаб.

Палотны мастака адметныя стрыманай, але разам з тым складанай танальнай палітрай. Ён працуе са святлом, перадаючы падабенства лёгкай смугі, паветранасці або часу, які перастаў спяшацца і вырашыў крыху адпачыць. У карцінах шмат цішыні, сузіральнасці, філасофскай недасказанасці. У сюжэтах — не літаральнае капіраванне рэчаіснасці, а стварэнне паэтычных вобразаў: утульныя вулкі прыморскіх гарадоў, якія пахнуць сонцам, спакоем і вечнасцю, светланосныя жаночыя постаці, птушкі і музыканты, лёгкія, нават святочныя лодкі альбо яхты, хараство краявідаў... Што натхняе мастака на творчы працэс? Самая розная прырода, якую яму давялося пабачыць: ён гасцяваў і на Далёкім Усходзе, і на Сахаліне, і на Байкале, і ў Сібіры, і на Поўначы. А марыць наведаць Камандорскія астравы з разнастайнасцю іх жывёльнага свету, непрыступнымі халоднымі скаламі і морам. «У сэрцы заўжды ёсць патрэба ўбачыць нешта новае, унікальнае, чаго яшчэ не сустракаў. Заўсёды спрабую ў фармаце рэалізму адлюстраваць свой стан», — прызнаўся ў гутарцы Уладзімір Гладкоў. І хоць існуе меркаванне, што, на жаль, сапраўдны жанравы жывапіс сёння не надта папулярная з’ява, вельмі хочацца пабачыць новыя краявіды і сюжэты на палотнах мастака: не толькі маржоў і цюленяў на ўзбярэжжы Берынгава мора, але і афрыканскія матывы, і індзейцаў абедзвюх Амерык, і аўстралійскіх абарыгенаў і шмат чаго яшчэ.

Казіміра Шпакоўская

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю