Top.Mail.Ru

Ветэран МУС расказаў пра складанасці і асаблівасці аператыўна-дзяжурнай службы

Палкоўнік у адстаўцы Вячаслаў Дзмітрыевіч Лойка на пенсію адыходзіў з пасады начальніка аддзела ўпраўлення аператыўна-дзяжурнай службы МУС, але з родным ведамствам не расстаўся. З 2008 года і да гэтага часу ён узначальвае бюро пропускаў, паралельна з’яўляючыся старшынёй ветэранскай арганізацыі ўпраўлення АДС МУС. З чалавекам, які прысвяціў службе больш за 32 гады жыцця, да Дня ўшаноўвання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў паразмаўляла карэспандэнт газеты «Звязда».


— Вячаслаў Дзмітрыевіч, якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік аператыўна-дзяжурнай службы?

— Перш за ўсё патрабуецца ўніверсальная падрыхтоўка: граматнасць, вытрымка, веданне спецыфікі ўсіх службаў. Бо ўявіце: адбываецца сур’ёзнае злачынства. Менавіта дзяжурны павінен адначасова накіраваць нарад, далажыць кіраўніцтву, кантраляваць ход расследавання. 

Трымаць, як кажуць, руку на пульсе. Супрацоўнік акумулюе інфармацыю цэлыя суткі, а раніцай праводзіць дэталёвы аналіз — колькі адбылося злачынстваў, правапарушэнняў, рэзанансных падзей. Затым фарміруе аператыўную зводку, дакладвае кіраўніцтву і перадае гэту інфармацыю наступнаму дзяжурнаму. 
Атрымліваецца, што гэта работа, дзе нельга выключыцца ні на хвіліну — бываюць сітуацыі, калі супрацоўнік не адыходзіць ад працоўнага месца ўсе 24 гадзіны, хаця фармальна мае права на 4 гадзіны адпачынку.

— Як спраўляюцца з патокам зваротаў грамадзян? Бо на «102» тэлефануюць па самых розных пытаннях...

— Так, гэта даўно ўжо не проста нумар міліцыі. Тэлефануюць і хворыя, і разгубленыя, і людзі ў роспачы. Наша задача — не проста зафіксіраваць зварот, але і выслухаць, супакоіць, зарыентаваць. 

Памятаю выпадак: пенсіянеру тэлефануюць ашуканцы, прадстаўляюцца супрацоўнікамі МУС і нібыта выклікаюць у ведамства. А там не тое, што супрацоўніка, кабінета такога не існуе. Аказваецца, злачынцы такім чынам спрабавалі вывудзіць пашпартныя дадзеныя мужчыны. Мы разабраліся з падманам, дапамаглі накіраваць заяву ў галоўнае ўпраўленне супрацьдзеяння кіберзлачыннасці. У гэтым праца і заключаецца — своечасова зрэагаваць і падключыць патрэбных спецыялістаў.

— Справа, бясспрэчна, напружаная. Што змянілася ў прафесіі за гады вашай службы?

— Вырас агульны прафесіяналізм. Жыццё прымушае быць больш мабільным, аператыўным. Але і чалавечы фактар стаў больш складаным. Часам тэлефануюць людзі з ментальнымі парушэннямі, ці ў стане стрэсу, ці проста якія маюць патрэбу ва ўвазе. Да кожнага трэба знайсці падыход, захоўваючы і прафесійную дыстанцыю, і чалавечнасць.

Канешне, на гэта патрабуецца шмат сіл. Я заўсёды чэрпаў іх з трох крыніц. Першая — зносіны з калегамі. Не толькі з цэнтральнага апарата, але і з нашых ветэранскіх арганізацый. Гэта людзі, якія працуюць не за зоркі і не за славу, а ад душы памагаюць іншым. Ад іх адданасці службе і сам нібы зараджаешся энергіяй. 

Другая крыніца — мая малая радзіма. Кожныя выходныя імкнуся выбірацца туды, каб папрацаваць на зямлі, адпачыць, сустрэцца з аднавяскоўцамі, напрыклад, з першай настаўніцай, якой ужо 95 гадоў... І потым новы тыдзень пачынаецца з новымі сіламі. 

Трэцяя іх крыніца — здаровы лад жыцця. Без гэтага ў нашай прафесіі ніяк не магчыма.

— За 32 гады ў ёй, вядома, набылі вялікі вопыт, шмат чаго дасягнулі. Чым ганарыцеся больш за ўсё?

— У першую чаргу, стварэннем ветэранскай арганізацыі ўпраўлення. Мы не дазваляем забыцца на тых, хто дзесяцігоддзі аддаў службе. Не абмяжоўваемся фармальнымі віншаваннямі да свят, а рэальна дапамагаем у складаных сітуацыях, у тым ліку і праводзім у апошні шлях. 

Быў выпадак, калі фірма, якая ўзяла грошы на арганізацыю пахавання воіна-інтэрнацыяналіста, кінула яго ўдаву ні з чым. І мы ўзялі на сябе ўсе клопаты: арганізавалі развітанне, ганаровую варту, дапамаглі вярнуць сродкі. Другое маё дасягненне — гэта мае падначаленыя. 

Тыя, хто пачынаў з сяржантаў і лейтэнантаў, дасягнулі вялікіх вышынь — сталі палкоўнікамі, добрасумленна нясуць службу. Мабыць, гэта лепшая ацэнка працы і вялікая мая радасць.

— А якія парады даяце маладым супрацоўнікам, якія толькі пачынаюць сваю службу?

— Сумленнасць і прыстойнасць — аснова асноў. І ніякай маркоты — калі абраў гэтую прафесію, аддавайся ёй цалкам. Яшчэ нельга саромецца вучыцца ў дасведчаных калег, задаваць пытанні. Ізаляцыя ў нашай рабоце пагібельная — адзін у полі не воін. Калі чалавек замыкаецца, калі няма калектыву — нічога не атрымаецца. 

Важна і самому праяўляць чалавечнасць — калі бачыш, што калега ў цяжкім стане, падтрымай, падкажы. І абавязкова трэба цікавіцца вынікам — ці спрацавала твая дапамога. Я сам па такіх прынцыпах заўсёды працую, і тыя, хто сёння дасягнуў вялікіх зорак, яны гэтак жа робяць, сваім прыкладам навучаючы моладзь.


Аміна НАЗАРАВА.
Фота: прэс—служба МУС.


Чытайце таксама: У сям'і Строк бацька і сын — міліцыянеры, падрастае і магчымы прадаўжальнік дынастыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю