Top.Mail.Ru

Ветэраны-афганцы робяць вялікую справу ў выхаванні моладзі

Маральны арыенцір для сучаснага грамадства


Подзвіг беларусаў, якія выконвалі службовы абавязак за межамі бацькаўшчыны, разглядаецца як найважнейшы маральны арыенцір для сучаснага грамадства. Сёння досвед ветэранаў-афганцаў становіцца падмуркам для сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання маладога пакалення, а пытанне захавання гістарычнай праўды пра падзеі тых гадоў набывае асаблівае значэнне. Падтрымка ветэранаў і сем’яў загінулых, глыбокая даследчая работа з дакументамі таго часу застаюцца ў фокусе ўвагі дзяржавы і грамадскіх аб’яднанняў.

Член Савета Рэспублікі, старшыня Савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гайдукевіч падчас ваенных дзеянняў быў камандзірам роты Віцебскай дывізіі. Ён падзяліўся ўспамінамі аб тым часе: «Так склаўся лёс, што нам давялося выконваць баявы загад Радзімы на тэрыторыі іншай краіны. У Афганістан увайшлі па загадзе адны з першых — 25 снежня 1979 года. 

Здзейснілі дэсантаванне на два аэрадромы. Гэта была ў тым ліку і партызанская вайна з бандфарміраваннямі, якія аказвалі нам вялікае супраціўленне. І самая галоўная выснова, якую я тады зрабіў: цана рашэнняў камандзіра на полі бою вельмі дарагая, бо маеш справу з лёсам і жыццямі людзей. Нягледзячы ні на што, мы выканалі тыя задачы, якія на нас усклалі», — сказаў Валерый Уладзіміравіч.

Ён адзначыў, што большасць афганцаў — годныя людзі, якія сёння займаюцца патрыятычным выхаваннем моладзі. «Трэба быць падрыхтаванымі не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Маральны дух вельмі важны ў любых ваенных канфліктах».

Палкоўнік, старшы афіцэр упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Сяргей Шохаў зрабіў акцэнт на словах Прэзідэнта краіны, Галоўнакамандуючага Аляксандра Лукашэнкі, які на сустрэчы з актывам Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане заявіў, што менавіта воіны-інтэрнацыяналісты павінны годна прыняць эстафету па патрыятычным выхаванні ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. «Прэзідэнт адзначыў, што воіны-афганцы — гэта той перадавы атрад, які гатовы ў любую хвіліну стаць на абарону сваёй Айчыны, паказваючы прыклад сучаснай моладзі. Разам з Узброенымі Сіламі яны прымаюць актыўны ўдзел у сумесных праектах, у дзяржаўных мерапрыемствах. Гэта сапраўдныя героі, якія сваім прыкладам паказваюць, як трэба абараняць Радзіму», — сказаў Сяргей Валер’евіч.

Сяргей Шохаў адзначыў, што нам неабходна зберагчы мір. «Забяспечыць спакой, які цяпер ёсць у нашай сінявокай Беларусі. Воіны-інтэрнацыяналісты — гэта стрыжань сумленнасці. Яны праяўляюць высокія маральныя якасці, працягваюць працаваць у калектывах, паказваюць прыклад адвагі і мужнасці. Упэўнены, што з такой моцнай камандай мы забяспечым нацыянальную і ваенную бяспеку, захаваем мірнае неба над нашай беларускай зямлёй».

Чытайце таксама: Вальфовіч: Воіны-інтэрнацыяналісты сёння разам з усім беларускім народам абараняюць нацыянальныя інтарэсы.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю