Top.Mail.Ru

Ветэрынарны погляд на клопат пра жывёл

Кожны чалавек, у якога ёсць хатні гадаванец, хаця б раз у жыцці наведваўся да ветэрынара. Пад святлом лямпы ва ўтульным кабінеце, напоўненым мяккім варкатаннем або ціхім шоргатам, ветэрынар клапатліва і ўважліва аглядае кожнага пацыента. Але ці такая простая і вясёлая гэтая прафесія, як здаецца на першы погляд, мы даведаліся, правёўшы адзін дзень з новым героем нашай рубрыкі маладым спецыялістам ветэрынарнай станцыі Цэнтральнага раёна Мінска Яраславам Кісловым.


Лячыць жывёл марыў з дзяцінства

Нягледзячы на тое, што прыехалі мы ў выхадны дзень, ужо падыходзячы да ветэрынарнай станцыі, заўважылі першых наведвальнікаў. Хтосьці з чатырохногіх сяброў выходзіў сам, а кагосьці клапатлівыя гаспадары неслі на руках, мабыць, пасля працэдур. Зайшоўшы ўнутр, першае, што мы адзначылі, — пах і чысціня, як у сапраўднай бальніцы, ніякіх слядоў брудных лап і шэрсці. Сустрэў Яраслаў і адвёў у кабінет, дзе пачынаецца дзень кожнага супрацоўніка ўстановы.

— Гэта кабінет нашага начальніка. Кожны дзень, прыходзячы раніцай на працу, мы адзначаемся ў спецыяльным журнале. А гэта, дарэчы, Коша, — Яраслаў паказвае на падаконне, дзе ляжыць паўсонная котка. — Коша — гэта яе імя, яна вельмі любіць знаходзіцца менавіта ў гэтым кабінеце. Аднойчы нам прынеслі яе ў клініку, мы котку вылечылі, і яна настолькі палюбілася ўсім, што вырашылі яе пакінуць. Цяпер яна паўнавартасны супрацоўнік нашай станцыі. І атрымлівае заработную плату ежай. (Смяецца.)

Дарэчы, наш герой з сям’і медыкаў, але ўжо ў дзяцінстве вырашыў, што жадае лячыць не людзей, а жывёл.

— Улетку я часта ездзіў у вёску да дзядулі, дзе дапамагаў яму даглядаць жывёл. У нас былі і куры, і гусі, і каровы, увогуле працы хапала. У горадзе я таксама не праходзіў міма чатырохногіх сяброў. Увесь час падкормліваў коцікаў, бывала, што і птушак дадому прыносіў, у якіх былі пашкоджаны крылы, і выходжваў іх. Бацькі не лаялі мяне, наадварот, падтрымлівалі і дапамагалі, прыносілі клеткі для птушак і нават куплялі корм. Увогуле, у дзявятым класе я ўжо дакладна вызначыўся, што гэта мая справа, і пасля заканчэння школы паступіў у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.

Не ўсё так лёгка, як у кніжках

Пасля заканчэння навучальнай установы наш герой спачатку трапіў па размеркаванні на ферму ў Гомельскай вобласці. Але ў сувязі з сямейнымі абставінамі акадэмія дапамагла і пераразмеркавала яго на цяперашняе месца.

— Тут, вядома, мне падабаецца значна больш. Па-першае, калектыў прыняў як роднага. Не, сур’ёзна, тут, мусіць, найлепшы калектыў, пра такое стаўленне я нават і марыць не мог. Усе максімальна прыязныя і настроены дапамагчы расці прафесійна. Памятаю, спярша я вельмі баяўся работы з дробнымі жывёламі, бо было мала практыкі, але мае калегі развеялі ўсе сумненні. Мне давалі спрабаваць праводзіць розныя маніпуляцыі, заўсёды дапамагалі і да сёння падтрымліваюць. Асабліва ўдзячны старэйшай калезе Ганне Аляксандраўне Пахомавай. Працаваць у ветэрынарнай станцыі фізічна лягчэй і нават больш бяспечна, чым на ферме з буйнымі жывёламі.

Скончыўшы ўсе справы ў кабінеце начальніка, адпраўляемся аглядаць астатнія кабінеты. Тут усё як у чалавечым шпіталі: і зона чакання, і назіральныя кабінеты, і нават аперацыйныя. Дарэчы, цікавы момант: медсясцёр у ветэрынарных станцыях няма, толькі ўрачы. Яны і прыём праводзяць, і аналізы бяруць, і кропельніцы ста-
вяць пры неабходнасці.

— Пачынаючы працаваць, сутыкаешся з тым, што не ўсё так лёгка, як у кніжках апісваецца. Недзе няма патрэбнага абсталявання, недзе не так усё відавочна па сімптомах, як у падручніках. У сваёй працы я, напэўна, магу вылучыць толькі адзін мінус — гэта смяротныя зыходы. Так, напрыклад, было з маім першым пацыентам. На прыём прынеслі кацяня, якое падабралі на вуліцы. У яго была вірусная інфекцыя, якая ўжо пашкодзіла яго органы. Я паставіў яму катэтар, лячыў некалькі дзён, але марна. Занадта позна пачалі лячэнне. Вядома, з досведам пачынаеш лягчэй на гэта рэагаваць. Але ўсё роўна ў сэрцы коле, асабліва калі бачыш, як гаспадары развітваюцца са сваімі гадаванцамі як з паўнавартаснымі членамі сям’і.

Пацыентаў у ветэрынарную станцыю прыводзяць самых розных. Сёння мы трапілі ў «сабачы дзень». Ужо якога чатырохногага нясуць дадому. Акрамя іх, частымі наведвальнікамі становяцца каты розных парод, а таксама пацукі, трусы, хамякі і марскія свінкі. З незвычайных пацыентаў могуць прынесці змяю, а адзін раз прыносілі голуба, у якога было пашкоджана крыло.

У гэтым месцы я шчаслівы

— Незалежна ад таго, хто наш пацыент: маленькі хамяк ці нямецкая аўчарка, — мы заўсёды выконваем падчас агляду тэхніку бяспекі. Па-першае, удакладняем адразу ж, ці ёсць у жывёлы прышчэпка ад шаленства, ці ходзіць яна на вуліцу, ці ёсць кантакт з іншымі жывёламі. Потым распытваем у гаспадара, наколькі жывёла агрэсіўная, і ў гэты ж момант візуальна ацэньваем яе, як правіла, нам адразу зразумелы настрой пацыента. Дарэчы, як паказвае практыка, многія баяцца буйных парод сабак. Але часам глядзіш на якога-небудзь алабая, пытаешся ў гаспадара, ці кусаецца ён, і ў гэты момант сам разумееш, што максімум цябе заліжуць да смерці. А вось з дробнымі пародамі — наадварот: часта яны вельмі агрэсіўныя да незнаёмых людзей. Акрамя гэтага, абавязкова не толькі знаходзімся ў медыцынскай форме, але і працуем у пальчатках. Калі раптам жывёлу трэба фіксаваць, у нас ёсць спецыяльныя скураныя пальчаткі, спецыяльныя фіксавальныя сумкі, звычайна выкарыстоўваем іх для котак. Для сабак часцей выкарыстоўваем каўняры, якія не дазволяць укусіць. Ну, а ўвогуле ў нашых правілах прапісана, што асноўную фіксацыю праводзіць уладальнік гадаванца. Гэта робіцца для таго, каб жывёліне было больш комфортна ў руках гаспадара і яна была спакайнейшай.

Акрамя работы ў самой ветэрынарнай станцыі, бываюць і выязныя заданні. Напрыклад, калі адбываецца ў раёне выпадак з шаленствам, ветэрынары выязджаюць для правядзення прафілактычных работ. Калі наш герой толькі прыйшоў сюды на работу, яму ўдалося пабываць на такім выязным заданні: быў выяўлены выпадак шаленства лятучай мышы. Яраслаў са сваім калегам хадзілі па хатах і апавяшчалі жыхароў аб выяўленым выпадку і прапаноўвалі зрабіць прышчэпку іх хатнім жывёлам. А таксама расклейвалі аб’явы аб здарэнні для большай інфармаванасці.

— Нягледзячы на ўсе складанасці прафесіі, я люблю сваю работу. Кожны дзень, прачынаючыся, у мяне няма думак, што я іду не туды. Лічу, што гэта маё пакліканне. У гэтым месцы я шчаслівы. Шчаслівы, што ў мяне такі калектыў, шчаслівы бачыць ачунялых пушысцікаў. Асобнае задавальненне мне прыносяць размовы са свядомымі гаспадарамі, якія сочаць за здароўем і харчаваннем свайго гадаванца. Яны могуць лішні раз перастрахавацца і прынесці жывёліну з маленькай драпінай на прафесійную апрацоўку, а не мажуць рану чалавечай зялёнкай, што рабіць катэгарычна нельга, ці зусім як тыя, хто прыносіць свайго гадаванца, калі мы зрабіць ужо нічога не можам. Але такіх, на шчасце, нашмат менш.

Ангеліна НОВІКАВА
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю