Top.Mail.Ru

Вэйп у два-тры разы больш шкодны за звычайную цыгарэту

Прылада пашкоджвае не толькі лёгкія, але і іншыя органы, наносіць шкоду чалавечаму арганізму ў два-тры разы мацней, чым курэнне звычайнай цыгарэты. Пра гэта паведаміў ТАСС дацэнт кафедры педыятрыі Клінічнага інстытута дзіцячага здароўя імя М. Ф. Філатава Сечанаўскага ўніверсітэта Міністэрства аховы здароўя Расіі Павел Беражанскі.


«Усё, што мы ўпускаем у свае лёгкія штучна, з’яўляецца шкодным для нашага арганізма. І ўплывае гэта ўсё абсалютна па-рознаму. Менавіта вэйп у два-тры разы мацней шкодзіць арганізму, разбурае не толькі лёгкія, але і розныя органы», — сказаў ён.

Эксперт растлумачыў, што «хвароба вэйпераў», так званы сіндром EVALI, гэта пашкоджанне лёгкіх, якое звязана з ужываннем электронных цыгарэт і вэйпаў. Мінімальны час, на працягу якога можа ўзнікнуць такі сіндром, складае тры месяцы.

Курэнне вэйпаў, у прыватнасці, прыцягвае падлеткаў за кошт прыемнага водару і салодкага смаку. Пры гэтым у арганізм увесь час паступае цукар, з-за чаго падстраўнікавая залоза працуе на мяжы сваіх магчымасцяў. А такія рэчывы, як прапіленгліколь, гліцэрына і ацэтат вітаміну Е асядаюць у самых нізкіх аддзелах лёгкага.

«На жаль, калі ўтрыманне названых рэчываў у лёгкіх у вялікай колькасці, то поўнае вывядзенне іх з арганізма немагчыма. Аднак у падлеткаў ёсць рэзервовыя магчымасці, бо лёгкія растуць да 21 года. А вось у старэйшых людзей узнікаюць праблемы. Пры гэтым мясцовая імунная сістэма дыхальных шляхоў аднаўляецца праз 120 дзён пасля адмовы ад курэння вэйпа».

Беражанскі расказаў, што забарона на продаж вэйпаў, якая ўжо дзейнічае ў 36 краінах, можа дапамагчы ў вырашэнні праблем, звязаных з курэннем электронных цыгарэт. «Каб кінуць шкодную звычку, у першую чаргу, неабходна звярнуцца да здаровага сэнсу і ўсвядоміць наступствы. Калі мы гаворым пра дзяцей, падлеткаў, то тут важную ролю адыгрывае прыклад бацькоў. Акрамя іншага, барацьба з курэннем вэйпаў патрабуе псіхалагічнай падтрымкі, як і любая іншая залежнасць. Можа дапамагчы справіцца з цягай да курэння і здаровае хобі, бо калі чалавеку ёсць чым заняцца, яму сапраўды не да курэння», — сказаў на заканчэнне ён.

Першыя выпадкі «папкорнавай хваробы»

Упершыню негатыўныя наступствы для лёгкіх у выніку курэння электронных цыгарэт былі заўважаны ў Амерыцы (першы выпадак задакументаваны ў 2012 годзе). Тады Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC) пачалі расследаванне ў сувязі з рэзкім павелічэннем колькасці пацыентаў, шпіталізаваных з-за курэння выпарнікаў. Яны скардзіліся на мноства рэспіраторных сімптомаў: тахікардыю, дыхавіцу, кашаль, болі ў грудзях і жываце, млоснасць, ваніты, дыярэю, ліхаманку, дрыжыкі і іншыя. І адзінае, што іх аб’ядноўвала, акрамя сімптомаў, — любоў да электронных цыгарэт.

Падчас праслухоўвання лёгкіх урачы выяўляюць у такіх пацыентаў у грудзях характэрныя хрыпы, якія нагадваюць гук папкорну, які лопаецца.

Пазней характэрная сімптаматыка была класіфікавана як новая хвароба, якая атрымала назву EVALI. Гэта абрэвіятура з’явілася з англійскай фразы E-cigarette, or vaping, product use associated lung injury, якая літаральна азначае «пашкоджанне лёгкіх, выкліканае ужываннем электронных цыгарэт, або вэйпінгу».

Чытайце таксама: Як цыгарэты і вэйпы ўплываюць на сасуды? Расказаў кардыёлаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю