На пляцоўках сталічнага Футбольнага манежа, Falcon Club і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка гэтымі днямі асабліва шматлюдна: сотні канкурсантаў з Беларусі, Расіі, краін блізкага і далёкага замежжа пазмагаюцца за званне найлепшых у розных сферах дзейнасці. Зрабіць цагляны мур, адрамантаваць аўтамабіль, сабраць кампазіцыю букета і распрацаваць мабільны дадатак — для ўдзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkіlls Belarus 2025 няма невыканальных задач, яны прадэманструюць здольнасці ў 50 кампетэнцыях. У гэтым пераконваемся на свае вочы.
«Аграномія»
Сёння беларуская сельская гаспадарка — гэта сучасныя тэхналогіі, выдатныя перспектывы і вялікія магчымасці. У гэтым упэўненыя канкурсанты кампетэнцыі «Аграномія». Маладыя людзі звязваюць сваё жыццё з такім важным кірункам свядома, бо разумеюць: за імі — харчовая бяспека краіны. Дарэчы, у агранамічным конкурсе сёлета ўдзельнічаюць і замежныя госці. Сярод іх — канкурсант Мікалай Ляпехін, які прыехаў да нас з Расіі. Ён навучаецца на 4-м курсе Томскага аграрнага каледжа.
Малады чалавек падзяліўся ўражаннямі аб прафесійным мерапрыемстве: «Мне вельмі падабаецца атмасфера конкурсу. А яшчэ — гэта добрая нагода прыехаць у Беларусь. Я быў прыемна здзіўлены тым, што ў вашай краіне чыста і прыгожа, тут сочаць за парадкам».
Будучую прафесію Мікалай выбраў свядома: «Мой дзядзька параіў мне звязаць жыццё з аграноміяй. Я вывучаю прафесію, мне яна падалася важнай, прывабнай, я канкрэтна захапіўся гэтай справай, грунтоўна паглыбіўшыся ў спецыяльнасць».
Першы этап конкурсу — ідэнтыфікацыя палявых культур. З гэтым Мікалай справіўся паспяхова. «Нам неабходна было вызначыць палявыя культуры па насенні, па праростках і па ілюстрацыях. Вынікі пакажуць, але думаю, што справіўся паспяхова. Вялікіх чаканняў у прынцыпе няма. Я прыехаў сюды не дзеля перамогі, а па каштоўны вопыт, бо гэта, як па мне, — самае важнае».
«Рэстаранны сэрвіс»
У кампетэнцыі «Рэстаранны сэрвіс» за званне найлепшых спаборнічаюць маладыя людзі — студэнты каледжаў. Сярод іх —
Паліна Вашкова. Сёння яна заканчвае 2-і курс у Гомельскім дзяржаўным каледжы гандлю і паслуг. Дзяўчына прызналася, што для яе гэта першы маштабны конкурс, у якім удзельнічае: «Хлусіць не буду, вельмі хвалююся. А прафесію бармена-афіцыянта выбрала нездарма. Мне заўсёды было цікава, як адбываецца змешванне кактэйляў. Цікавілі і зносіны з рознымі людзьмі,
а таксама магчымасць даведацца больш аб спалучэнні напояў, самой сутнасці змешвання смакаў і інгрэдыентаў».
Конкурс для будучых афіцыянтаў падзелены на чатыры модулі. Першы звязаны з абслугоўваннем імправізаванага рэстарана. «Да нас прыходзяць людзі, мы іх праводзім за стол, размаўляем, адначасова абслугоўваючы іх. А яшчэ ў адпаведнасці з конкурснай праграмай наперадзе ў нас — работа на банкеце», — расказала Паліна.
Паводле слоў канкурсанткі, для паспяховага абслугоўвання наведвальнікаў неабходна прытрымлівацца пэўных правіл: «Галоўнае — заўсёды быць ветлівымі з людзьмі, умець знаходзіць падыход да кожнага. Не менш важная ў нашай прафесіі стрэсаўстойлівасць. Без гэтай якасці працаваць з людзьмі наўрад ці атрымаецца».
«Тэхналогія моды»
Прафесія швачкі або мадэльера важная для грамадства. Яна забяспечвае людзей адзеннем, аксесуарамі, прадметамі інтэр’ера і іншымі тэкстыльнымі вырабамі. Швачка таксама адыгрывае важную ролю ў развіцці творчага і эстэтычнага ўспрымання. У кампетэнцыі «Тэхналогія моды» на званне найлепшага спаборнічаюць некалькі чалавек. Сярод іх — канкурсантка Крысціна Грэнь, якая вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы тэхналогіі і дызайну. Яна таксама падзялілася сваімі ўражаннямі: «Прыхільнасць да гэтай прафесіі з’явілася ў мяне з дзяцінства. Можна сказаць, тут сыграў спадчынны фактар — дзве мае бабулі і маці па прафесіі былі звязаны са швейнай справай. Вось і я вырашыла працягнуць такую сямейную традыцыю».
На конкурсе Крысціна адчувае сябе ўпэўнена. Яно і нядзіўна, бо на абласным этапе дзяўчына заняла першае месца. Сёння яна па сутнасці прадстаўляе ўсю Брэсцкую вобласць. Пасля заканчэння вучобы плануе працаваць майстрам вытворчага навучання ў родным Кобрыне. «Для мяне ўдзел у рэспубліканскім конкурсе — важны досвед. Акрамя таго, гэта ўнікальная магчымасць паглядзець, як працуюць мае аднагодкі з іншых краін».
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА