15–16 мая пачаў сваю работу VI Рэспубліканскі сямейны форум «Сям’я: сёння, заўтра і заўсёды». Першы дзень аб’яднаў прадстаўнікоў царквы, дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый.
Пленарнае пасяджэнне адкрыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Паводле яго слоў, склад удзельнікаў сведчыць, што клопат аб сям’і не можа быць справай аднаго ведамства, адной арганізацыі або адной групы спецыялістаў — гэта агульнае служэнне, у якім кожны закліканы ўнесці свой адказны ўклад.
— Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу на 2026—2030 гады накладае на нас асаблівую адказнасць, назва форуму звяртае нас адразу да трох вымярэнняў, нагадвае аб праблемах, з якімі сутыкаецца сям’я і гаворыць аб нашай адказнасці за маладое пакаленне, якому трэба будзе зрабіць выбар жыццёвага шляху, — адзначыў ён.

Мітрапаліт Веніямін дадаў, што маладым людзям трэба дапамагаць не толькі атрымліваць веды, але і фарміраваць сталае стаўленне да жыцця, будучага шлюбу, бацькоўства, годнасці іншага чалавека.
— Няхай моцная шматдзетная сям’я будзе сімвалам суверэннай Беларусі, — заключыў ён.

Таксама на мерапрыемстве зачыталі прывітальны адрас ад Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, у якім было сказана, што гэта мерапрыемства — выдатная магчымасць асэнсаваць значнасць беражлівых адносін да нашай багатай спадчыны, разам выпрацоўваць шлях яе захавання і прымнажэння.
Быў зачытаны і прывітальны адрас ад Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі, у якім акцэнт быў зроблены на тым, што моцная сям’я — залог стабільнага развіцця грамадства і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Прынялі ўдзел у мерапрыемстве і прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі. Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі зачытаў прывітальны адрас ад міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Жука, у якім было сказана, што за мінулыя гады форум стаў значнай падзеяй у грамадскім і духоўным жыцці краіны, зарэкамендаваўшы сябе важнай пляцоўкай для дыялогу па актуальных пытаннях. Таксама там было адзначана, што сумесная работа Міністэрства інфармацыі і БПЦ будзе садзейнічаць развіццю інфармацыйнай прасторы, якая падтрымлівае гарманічнае развіццё асобы грамадства на аснове духоўна-маральных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа.
Ад сябе ж Дзяніс Езерскі дадаў, што на фоне інфармацыйнай вайны захаванне сямейных каштоўнасцяў — адзін з элементаў зброі, які дазваляе журналістам даказваць сваю правасць.

Далей удзельнікі першага дня форуму адправіліся на дыскусіі па розных секцыйных пасяджэннях, дзе больш паглыблена абмеркавалі пытанні дэмаграфіі, псіхалогіі і духоўна-маральнага выхавання моладзі.
Праграма форуму працягнецца 16 мая. Так, а 10-й раніцы ў Мінску пройдзе хрэсны ход у падтрымку інстытута сям’і ад храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы да Свята-Духава кафедральнага сабора. Завершыцца хрэсны ход святочным сямейным малебнам на плошчы каля сабора. А апоўдні ў Верхнім горадзе пройдзе сямейны фестываль з канцэртнай праграмай, майстар-класамі для дзяцей і зонамі сумеснай творчасці.

Лізавета ГОЛАД,
фота аўтара