Такое рашэнне было прынята ў сераду на пасяджэнні аб’яднання. Папярэдне плануецца, што чарговы з’езд пройдзе на базе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Намеснік старшыні РГА «Белая Русь» Андрэй Басак растлумачыў: «Год таму былі ўнесены змены ў статутныя дакументы арганізацыі. Яны датычацца тэрмінаў паўнамоцтваў выбарных органаў грамадскага аб’яднання. Усе выбарныя органы цяпер дзейнічаюць на працягу пяці гадоў. Таму нам неабходна правесці справаздачна-выбарную кампанію ва ўсіх структурах грамадскага аб’яднання, пачынаючы ад пярвічных, раённых, абласных арганізацый і заканчваючы з’ездам. Мы будзем выбіраць новы склад Савета грамадскага аб’яднання, Прэзідыум. І тэрмін паўнамоцтваў усіх гэтых органаў — пяць гадоў».
На з’ездзе будуць падведзены вынікі дзейнасці арганізацыі і вызначаны далейшыя кірункі работы. «І на аснове ўжо праведзенага аналізу мы будзем уносіць змены ў дзейныя праграмныя дакументы, — сказаў Андрэй Басак. — Асноўныя кірункі дзейнасці застануцца ранейшымі. Гэта патрыятычнае выхаванне, захаванне гістарычнай памяці, тлумачэнне палажэнняў дзейнага заканадаўства, тых рашэнняў, якія прымаюцца кіраўніком дзяржавы, а таксама дзейнасць, накіраваная на рэалізацыю магчымасцяў членаў грамадскага аб’яднання, яго актывістаў, іх навучанне і гэтак далей».
Намеснік старшыні РГА «Белая Русь» адзначыў цікавасць да грамадскага аб’яднання: «Штомесяц арганізацыя прырастае прыкладна на тысячу чалавек. Сёння ў яе ўваходзіць звыш 240 тысяч чалавек».
Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін адзначыў, што Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» з’яўляецца адным з асноўных суб’ектаў нашай грамадзянскай супольнасці: «Яно ўдзельнічае ў фарміраванні Усебеларускага народнага сходу, адыгрывае ў гэтым вельмі актыўную ролю. Акрамя таго, арганізацыя аб’ядноўвае сотні тысяч чалавек. „Белая Русь“ стала вядомай на кожным прадпрыемстве і ў кожнай установе».
Паводле яго слоў, грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» — структура, важная ў грамадска-палітычным жыцці дзяржавы, якая дапамагае больш якасна выбудоўваць ідэалагічную і патрыятычную работу: «Паглядзіце, колькі праектаў, якія ўжо сталі нам звыклымі. Здаецца, яны заўсёды былі. І дадзеныя праекты былі ініцыяваны і прасоўваліся актывістамі „Белай Русі“. За гэтым стаіць вялікая работа. І цяпер на самай справе планаў шмат. Вельмі важна, што наша моладзь прыходзіць у аб’яднанне. Мы бачым, што яно знайшло сваю нішу ў беларускім грамадстве».
Фота sb.by.