Шматдзетныя бацькі Аляксей і Кацярына Говін — гаспадары асабістай падсобнай гаспадаркі. У іх два ўчасткі, а гэта каля 80 сотак зямлі. У вялікіх цяпліцах растуць таматы, агуркі, кавуны, па суседстве невялікі ўчастак з кукурузай. Плады сваёй працы прадавалі на рынку, і многія не верылі, што маладыя муж і жонка вырошчваюць іх самі. Тады з’явілася ідэя блога «Хатняя гародніна», у якога сёння дзясяткі тысяч падпісчыкаў.
«Гэта быў сапраўдны рынкавы хейт», — успамінае з усмешкай Аляксей той самы момант, калі яны вырашылі праз сацсеткі паказаць усяму свету, што ўмеюць працаваць на зямлі.

Муж і жонка не ведалі спачатку, якія відэа будуць цікавыя людзям. Першыя сюжэты былі без гуку: Аляксей будуе цяпліцу, першы памідор паспеў, а вось сям’я ўжо збірае ўраджай... Неўзабаве зразумелі, чаго хочуць падпісчыкі, тым больш і тыя сталі агучваць свае просьбы.
«Пытанняў задаюць шмат, — адзначае Аляксей. — Напрыклад, як будаваць цяпліцы, як вырошчваць гародніну. Самы папулярны: якому сорту вы аддаеце перавагу? Але гэта наша невялікая вытворчая таямніца. Доследным шляхам, пакаштаваўшы шмат сартоў, мы знайшлі свае. Акцэнт робім на смакавых якасцях, а не на ўраджайнасці».
Пачынаеш глядзець відэа пра «цяплічнае» жыццё Аляксея, Кацярыны і іх дзяцей — і не можаш адарвацца. Усміхнешся: падвязка агуркоў — гэта ўмацаванне спіны праз 2 тысячы паклонаў. Захопішся: як лісцікі таматаў пасля паліву пачынаюць цягнуцца ўверх. Навучышся: тут шмат парад і падказак пачаткоўцам-агароднікам. Дарэчы, бацькі прывучаюць сваіх дзяцей да працы з маленства. Маша, Вадзім і Анечка, можна сказаць, растуць каля цяпліц, на зямлі. Клапатлівыя бацькі ўладкавалі для іх зону адпачынку: арэлі, горку, пясочніцу. Як расказала з усмешкай мама Кацярына, у радзільню яна адпраўлялася прама адсюль, з градак. З маленства дзеці побач з бацькамі, у калясках спяць пад дрэвамі, пакуль тыя працуюць. Таму з ранняга ўзросту ведаюць, адкуль бярэцца карысная ежа і колькі яна патрабуе клопату.