Top.Mail.Ru

Відэамост, прысвечаны 80-годдзю завяршэння Нюрнбергскага працэсу, аб'яднаў экспертаў Мінска і Масквы

«Прававы падмурак пасляваеннага свету»

Самая гучная крымінальная справа XX стагоддзя — роўна 80 гадоў таму завяршыўся міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу. Маштабны судовы працэс над нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі доўжыўся амаль год. На лаве падсудных апынуўся вышэйшы эшалон кіраўніцтва гітлераўскай Германіі.

Большасць абвінавачаных атрымалі па заслугах. Але ёсць і іншы бок трыбунала. Захад хаваў нязручную праўдупра тых, хто быў карысны. Больш за 14 тысяч нацыстаў пасля вайны схаваліся ў ЗША, не былі названыя злачынцамі легіянеры СС, не прызнаная генацыдам блакада Ленінграда. Усё гэта — незавершаны Нюрнберг. Тым не менш менавіта матэрыялы гэтай справы ў далейшым ляглі ў аснову гучных судовых разглядаў над фашысцкімі злачынцамі ў розных краінах свету. У сувязі з круглай датай быў арганізаваны відэамост Масква—Мінск: «Да 80-годдзя завяршэння Нюрнбергскага працэсу», падчас якога вядучыя эксперты дзвюх краін падзяліліся сваімі меркаваннямі.

Не дазволіць разбурыць наш ментальны код

Адкрываючы відэамост у мінскай студыі, намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па навуцы і адукацыі, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Мірончык адзначыў: «80 гадоў таму Нюрнбергскі трыбунал заклаў прававы падмурак пасляваеннага свету. Агрэсія, генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці атрымалі жорсткую і адназначную кваліфікацыю. Прынцып няўхільнасці пакарання стаў краевугольным каменем міжнароднага гуманітарнага права».

Але, на жаль, сёння мы бачым сістэмныя спробы рэвізіі гэтых асноватворных пастулатаў, канстатаваў парламентарый. У цэлым шэрагу краін ушаноўваюць памагатых нацызму, зносяць помнікі героям-вызваліцелям, перапісваюць школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі. «Гэта не розныя погляды на гісторыю. Гэта мэтанакіраваны дэмантаж прававой і маральнай сістэмы, закладзенай у Нюрнбергу па выніках перамогі над нацызмам падчас Другой сусветнай вайны. Наш сумесны абавязак — не дазволіць аддаць забыццю нашу памяць, разбурыць наш ментальны код, — акцэнтаваў увагу парламентарый. — У Беларусі і Расіі прыняты нарматыўныя прававыя акты аб генацыдзе беларускага і савецкага народаў. Органамі пракуратуры і следства дзвюх краін у самым цесным узаемадзеянні вядзецца маштабная і карпатлівая работа па ўстанаўленні новых фактаў злачынстваў нацыстаў ііх памагатых».

Міхаіл Мірончык нагадаў, што ў чэрвені 2026 года ў Брэсце на сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі была прынята Заява аб генацыдзе савец-

кага народа ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў. Парламенцкі сход афіцыйна прызнаў злачынствы нацыстаў і іх памагатых у дачыненні да насельніцтва Савецкага Саюза генацыдам савецкага народа, грунтуючыся на палажэннях прысуду Нюрнбергскага трыбунала. Парламентарыі нашых краін заклікалі ААН, міжпарламенцкія арганізацыі і калег-парламентарыяў далучыцца да гэтай заявы.

Захаванне і абарона гістарычнай памяці, супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі — гэта адзін з асноўных кірункаў дзейнасці парламентарыяў у гуманітарнай і ідэалагічнай сферах, перакананы Міхаіл Мірончык. «У мэтах забеспячэння эфектыўнасці гэтай работы па ініцыятыве прэзідэнтаў нашых краін — Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна — створана і дзейнічае Камісія Парламенцкага сходу па захаванні і абароне гістарычнай памяці, — канстатаваў дэпутат. — Маштабным мерапрыемствам стаў Міжнародны форум Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня».

«Падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў сучасным свеце найбольш часта падвяргаюцца фальсіфікацыям»

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч нагадаў, што ў СССР аб стварэнні Міжнароднага ваеннага трыбунала загаварылі яшчэ ў кастрычніку 1942 года. «Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лістапада 1942 года была ўтворана Надзвычайная дзяржаўная камісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў. Яе матэрыялы былі пасля ўлічаны ў ходзе Нюрнбергскага працэсу ў якасці доказаў учыненых гітлераўцамі злачынстваў, — звярнуў увагу дэпутат. — Кіруючыся нормамі Гаагскай канвенцыі, Савецкі Саюз ужо ў 1943 годзе правёў першыя суды над захопленымі ваеннымі злачынцамі ў Краснадары, Харкаве і іншых гарадах».

У той жа час намеснік наркама замежных спраў СССР Саламон Лазоўскі ў запісцы Вячаславу Молатаву ад 15 мая 1943 года адзначаў у заходніх сталіцах тэндэнцыю замоўчвання германскіх злачынстваў, падкрэсліў Вячаслаў Даніловіч: «Так, чатыры ноты, накіраваныя на працягу 1941–1943 гадоў пасольствам і місіям, акрэдытаваным у Маскве, па пытаннях зверстваў германскіх ваенных улад на захопленых савецкіх тэрыторыях, засталіся без адказу, у тым ліку з боку Брытаніі і ЗША. Не адгукнуўся на гэтыя дакументы і замежны друк, хоць яны былі апублікаваныя ў цэнтральных савецкіх газетах. Ці не праўда, характэрная тэндэнцыя? Важным крокам да падрыхтоўкі будучага судовага працэсу над германскімі ваеннымі злачынцамі стала ініцыяванне Савецкім Саюзам Дэкларацыі ўрадаў СССР, ЗША і Брытаніі аб адказнасці гітлераўцаў за здзейсненыя зверствы ад 30 кастрычніка 1943 года. Што датычыцца сутнасці сумеснага рашэння, меркаванні на гэты конт сярод саюзных дзяржаў прыкметна адрозніваліся».

Рэзюмуючы, Вячаслаў Даніловіч заўважыў: «Нас, беларусаў, асобныя дзеячы любяць папракаць за тое, што мы занадта шмат гаворым пра Другую сусветную вайну, што занадта шмат у нас памятных дат, звязаных з гэтымі падзеямі. На гэта ў нас ёсць дзве вельмі важкія прычыны. 

Па-першае, калі б не Перамога ў Вялікай Айчыннайвайне, не было б ні беларускага народа, ні беларускай дзяржаўнасці. І другая прычына ў тым, што, на жаль, менавіта падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў сучасным свеце найбольш часта падвяргаюцца скажэнням і фальсіфікацыям».

З беларускага боку таксама ўдзел у відэамосце ўзялі рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, доктар гістарычных навук Дзяніс Дук, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі, адказны сакратар Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Сяргей Стрэльчанка, іншыя ўдзельнікі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю