Нядаўна ў TіkTok быў апублікаваны відэасюжэт, аўтар якога ўзняў вельмі актуальную на сёння тэму, што знаходзіцца на самым высокім кантролі, — гандаль на вёсцы. Маўляў, жыхарам аграгарадка Слабада Лепельскага раёна для таго, каб набыць прадукты харчавання, тавары паўсядзённага попыту, прыходзіцца ехаць у райцэнтр. Бо ў краме «Каравай», якая была адкрыта летась, купляць няма чаго — зусім невялікі асартымент тавараў, другая — наогул закрытая.
Платформа кароткіх відэа з дынамічнай назвай TіkТok — на сёння ці не самая папулярная сацыяльная сетка, у тым ліку і ў Беларусі. Хоць аднойчы на яе заходзіў, напэўна, кожны ўладальнік смартфона. А зайшоўшы, не мог прымусіць сябе выйсці, бо чаго толькі ў тым TіkТokу няма! Глядзець — не перагледзець.
Асаблівы раздзел гэтай забаўляльнай па сутнасці сваёй платформы — крытычныя відэа. Некаторыя выкарыстоўваюць яе, каб паскардзіцца — на жыццё, на сваякоў, на ўладу. Шмат умення не трэба: уключыў камеру на тэлефоне — і вяшчай аб тым, што хвалюе. Або, скажам, аб тых, каму хочаш крыху папсаваць жыццё... Аб’ектыўнасць як паняцце тут зусім не абавязковая, таму ці будзе яна прысутнічаць у відэа — выключна справа сумлення, выхавання і светапогляду аўтара... І вось ужо сотні і нават тысячы карыстальнікаў спачуваюць, абураюцца, патрабуюць справядлівасці. А ці адпавядае інфармацыя рэчаіснасці, задумваюцца вельмі нямногія.
У новай рубрыцы «TіkТok: ці так?» мы будзем разбірацца менавіта ў гэтым — наколькі крытычныя відэа, якія здымаюць і выкладваюць беларусы, адпавядаюць рэчаіснасці. Аб’ектыўнасць гарантуем.
Сігнал, як кажуць, трывожны. Але ці так гэта на самай справе? Мы пагаварылі з жыхарамі Слабады і высветлілася, што аўтар відэа, мякка кажучы, схлусіў.
«Так, сёлета ў нас была закрыта крама, якая належала Лепельскаму райспажыўтаварыству. Аднак у аграгарадку працуе крама „Каравай“, — расказвае Валерый Тухта. — Тое, што тут прапануецца невялікі асартымент тавараў, няпраўда. У краме кожны дзень можна набыць усё неабходнае. Тут заўсёды ёсць у продажы і малако, і хлеб, і прамысловыя тавары, якія могуць спатрэбіцца кожны дзень. Нельга сказаць, што прадаецца няшмат тавараў. Магчыма, аўтар відэароліка хацеў набыць у краме хлеб, якога ў той час не аказалася, але гэта была часовая з’ява. Хлеб у краму дастаўляецца рэгулярна, трэба было толькі крыху пачакаць. Разам са сваёй сям’ёй мы прыходзім сюды часта і набываем тут усё, што патрэбна».
Словы Валерыя Тухты пацвердзіла і мясцовая жыхарка Марына Вайчаніс:
«Убачыўшы відэаролік у TіkTok, я была здзіўлена. Лічу, што праблем з набыццём тых ці іншых тавараў у жыхароў Слабады няма. У краме „Каравай“ прапануюцца свежыя прадукты, макаронныя вырабы, крупы, садавіна, агародніна, тавары для дзяцей... Для таго каб зрабіць пакупку, не трэба ехаць у раённы цэнтр. Усе тавары тут прапануюцца ў належным асартыменце».
Таццяна Сідарэнка, у якой у Слабадзе дача, бывае тут кожныя выхадныя. «Заходжу ў краму, каб набыць паўфабрыкаты, прысмакі для сына і пральны парашок. Першае, на што адразу звяртаю ўвагу, гэта багаты выбар прадуктаў, — гаворыць жанчына. — Тут заўсёды ёсць свежыя малако і хлеб. Уражвае таксама і добразычлівасць прадаўцоў. Прыходжу сюды з вялікім задавальненнем».
Станоўчымі водгукамі аб рабоце вясковай крамы падзялілася таксама мясцовая жыхарка Вольга Бабаед: «Тут заўсёды шмат малочнай прадукцыі, хапае і бакалеі, напояў, замарожаных вырабаў. Ёсць таксама шырокі выбар пячэння, цукерак і г. д. Не менш важна і тое, што прадаўцы сустракаюць наведвальнікаў з цёплымі ўсмешкамі. Многія жыхары аграгарадка, асабліва пажылыя людзі, прыходзяць сюды, каб не толькі зрабіць пакупкі, але і пагаварыць. Вясковыя прадаўцы заўсёды рады даць карысную параду і падтрымаць добрым словам».

Крама «Каравай» належыць Лепельскаму хлебазаводу. Туды мы таксама звярнуліся па каментарый.
«Вядома, асартымент тавараў не такі вялікі, як у гарадскіх гандлёвых цэнтрах, але ўсё неабходнае тут можна набыць заўсёды», — гаворыць Таццяна Быкава, маркетолаг прадпрыемства. «На выбар пакупнікоў прапануюцца малочныя, хлеба-булачныя, кандытарскія вырабы — пірожныя, тарты, марожанае, бакалея, паўфабрыкаты — пельмені, нагетсы, хінкалі, чабурэкі, а таксама дробнаштучныя тавары. У продажы прадстаўлены таксама вялікі выбар каўбасных вырабаў, сасісак, сардэлек, некалькі відаў сыру — у слайсах і расфасаванага. Заўсёды ёсць у наяўнасці свежамарожаная рыба, кансерваваныя агуркі, памідоры, зялёны гарошак, кукуруза. Тут можна набыць школьныя пісьмовыя прыналежнасці, пральныя парашкі, мыйныя сродкі, фарбы — тавары, якія патрэбны ў быце. Для вясковай крамы асартымент прадстаўлены даволі вялікі».
Спецыяліст адзначыла, што тавары дастаўляюцца ў магазін у адпаведнасці з графікам. Кожны дзень прывозяцца малочныя і хлеба-булачныя, чатыры разы на тыдзень — каўбасныя вырабы, адзін раз на тыдзень — ахаладжальныя і спіртныя напоі. Калі пакупнікі жадаюць набыць тавар, якога няма ў наяўнасці, яны маюць магчымасць заказаць яго. На наступны дзень ён будзе дастаўлены.
Аб тым, што гандаль у Слабадзе ідзе даволі бойка, сведчаць і лічбы тавараабароту крамы — у сярэднім за месяц ён складае 75 тысяч рублёў.
Вось так мы ў чарговы раз пераконваемся ў тым, што не ўся інфармацыя, якая з’яўляецца ў інтэрнэце, праўдзівая. І перш чым рабіць пэўныя высновы, вельмі важна ва ўсім дэталёва разабрацца.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ