Дарагія сябры!
Вітаю ўсіх вас на XII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Месцам яго правядзення сёлета абраны Ніжні Ноўгарад.
Гэты горад — калыска расійскай дзяржаўнасці. Тут закладваліся духоўныя асновы ўсходнеславянскай цывілізацыі, фармаваўся менталітэт народа-пераможцы.
У 1612 годзе Ніжні Ноўгарад стаў цэнтрам народнага апалчэння. Яго жыхары — ад князя да селяніна — аб’ядналіся і вызвалілі Маскву ад польскай інтэрвенцыі.
І праз стагоддзі, калі на нашу Савецкую Радзіму абрынуўся чарговы ўдар з Захаду, тут кавалася Вялікая Перамога. У літаральным сэнсе. Менавіта з легендарных заводаў Горкага ішла на фронт кожная трэцяя баявая машына. Танкі, самалёты, падводныя лодкі — усё гэта стваралі людзі са стальным характарам. Савецкія людзі.
Справядліва і канцэптуальна дакладна, што гісторыя горада стала сімвалам галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Расіі.
Таксама вельмі сімвалічна, што ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі сёлетні Форум рэгіёнаў праводзіцца менавіта тут — у Ніжнім Ноўгарадзе.
І, безумоўна, правільна, што ў гэты юбілейны год мы прысвяцілі яго юным спадчыннікам пераможцаў — нашай моладзі.
Перакананы, наш Форум, які традыцыйна праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі, сабраў ініцыятыўных, таленавітых і адданых сваёй зямлі людзей. Дзякуй за падтрымку і рэалізацыю маштабных праектаў, што асабліва важна, — прапанаваных моладдзю.
Бо будучыня нашых краін — у руках маладога пакалення. І менавіта ад яго залежаць месца і роля Беларусі і Расіі на будучай геапалітычнай карце свету.
Мы павінны падрыхтаваць годную змену з маладых і амбіцыйных, якія разумеюць сусветныя тэндэнцыі, якія ўмеюць думаць і дзейнічаць на апярэджанне.
Сучасная моладзь расце ў свеце, які імкліва змяняецца. У свеце, у якім вядзецца непрыкрытая гібрыдная вайна супраць нашых народаў, нашай гісторыі, традыцыйных каштоўнасцей і ідэалаў.
Таму нам неабходна засцерагчы маладое пакаленне ад навязвання ілжывых сэнсаў. Мы павінны ўпэўнена паказваць, праз што нам прыйшлося прайсці на шляху да суверэнітэту, бяспечнага і стваральнага жыцця ў нашых краінах.
Важна захоўваць і перадаваць моладзі сапраўдныя веды аб мінулым, фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю, пачуцці адказнасці і гонару за сваю гісторыю. Нам як ніколі важна смела і настойліва казаць аб сваіх героях і гістарычнай праўдзе.
22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду нашага народа, у Брэсце быў дадзены старт патрыятычнаму праекту «Цягнік Памяці». Гэтая ініцыятыва парламентарыяў дапамагае моладзі даведвацца больш пра сваю гісторыю, забяспечвае пераемнасць пакаленняў.
Такія праекты трэба развіваць і маштабаваць. Бо ў адзінстве наша сіла, праўда і арыенцір для пабудовы агульнай будучыні дзяржаў.
Паважаныя ўдзельнікі Форума!
За гады работы гэты міжрэгіянальны саміт даказаў і неаднаразова пацвердзіў сваю эканамічную эфектыўнасць — падпісаны сотні пагадненняў і камерцыйных кантрактаў, агульныя сумы якіх супастаўныя з бюджэтамі асобных краін.
Наша стратэгічнае партнёрства садзейнічае ўмацаванню супрацоўніцтва, дае магчымасць эфектыўна супрацьстаяць знешняму націску, своечасова рэагаваць на глабальныя выклікі сучаснасці, аберагаць нашы традыцыі і духоўна-маральныя каштоўнасці.
Важна паслядоўна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы: пашыраць рэгіянальныя сувязі, ствараць новыя сумесныя вытворчасці і забяспечваць тэхналагічны суверэнітэт.
Упэўнены, што XII Форум рэгіёнаў у Ніжнім Ноўгарадзе пройдзе ў фармаце змястоўнага і адкрытага дыялогу, стане месцам прыняцця рашэнняў, якія вызначаюць вектар развіцця нашага саюза на дзесяцігоддзі наперад.
Жадаю ўсім паспяховай і плённай работы на карысць нашых краін і брацкіх народаў.
Шчасця і здароўя!
Дзякую вам за ўвагу.