Top.Mail.Ru

Відэазварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Паважаныя ўдзельнікі і госці XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі!

Сардэчна вітаю вас на гасціннай беларускай зямлі.

Рады бачыць у гэтай зале ўсіх, хто знайшоў магчымасць сустрэцца, каб абмеркаваць ключавыя напрамкі нашага супрацоўніцтва, абмяняцца вопытам і намеціць новыя сумесныя праекты.

У гэтым годзе форум прымаюць у сябе Мінск і Мінская вобласць. Гэта сэрца Беларусі, дзе сканцэнтраваны індустрыяльны, навуковы і культурны патэнцыял краіны. Яны фарміруюць амаль палову нацыянальнага ВУП.

Менавіта тут размешчаны ключавыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, прадукцыя якіх вядома ва ўсім свеце і шырока запатрабавана, у тым ліку на рынку Расійскай Федэрацыі. Сярод іх — БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, «Інтэграл», «Планар», агракамбінат «Дзяржынскі» і многія іншыя.

Тэма трынаццатага форуму, прысвечаная эканамічнаму ўзаемадзеянню рэгіёнаў як фактару ўстойлівага развіцця, вельмі актуальная.

Я не раз падкрэсліваў, што самае галоўнае для нас — эканоміка. Ад узроўню яе развіцця, умацавання прамысловага, аграрнага патэнцыялу залежаць дабрабыт грамадзян, бяспека і суверэнітэт нашых краін.

Менавіта рэгіёны фарміруюць тую матэрыяльную аснову, якая робіць Саюзную дзяржаву жыццяздольнай і ўстойлівай да знешніх выклікаў.

І ва ўмовах санкцыйнага націску мы адаптаваліся да новых лагістычных маршрутаў, выбудавалі разліковыя механізмы, незалежныя ад юрысдыкцый недружалюбных краін, захавалі тэмпы прамысловага росту.

Мы разам ствараем новыя вытворчасці, абменьваемся інавацыямі, развіваем турызм, падтрымліваем моладзь.

Кожнае такое пачынанне — не проста эканамічная статыстыка, гэта жывая тканіна братэрскіх адносін, якая з кожным годам становіцца толькі больш трывалай.

Асабліва радуе, што тавараабарот паміж нашымі краінамі дэманструе ўстойлівы рост. Не менш важна і якаснае напаўненне такой кааперацыі.

Сёння мы ўпэўнена пераходзім ад простага гандлю да стварэння паўнацэнных вытворчых кластараў, навукаёмістых вытворчасцей і сумесных праектаў.

Але за любымі эканамічнымі дасягненнямі заўсёды стаіць упартая праца канкрэтных людзей.

Словы ўдзячнасці адрасую кіраўнікам рэгіёнаў Беларусі і кіраўнікам суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Менавіта вы ператвараеце стратэгічныя дамоўленасці ў рэальныя справы і дасягненні.

Вы галоўныя архітэктары рэальнага супрацоўніцтва. Ад вашай ініцыятывы, асабістай уключанасці і гатоўнасці разам ісці наперад залежыць, наколькі трывалымі і даўгавечнымі будуць сувязі паміж нашымі краінамі.

Беларусь і Расія — саюзнікі па духу. Нас аб’ядноўваюць не толькі гаспадарчыя сувязі, але і агульная культура, духоўна-маральныя каштоўнасці, гістарычная памяць і вернасць подзвігу пакалення пераможцаў.

Мы ствараем у імя будучыні народаў Беларусі і Расіі. І рады бачыць тут усіх людзей добрай волі, якія гатовы да сумленнага партнёрства і адкрытага дыялогу.

Паважаныя сябры!

Я перакананы, трынаццаты форум рэгіёнаў традыцыйна пройдзе на самым высокім узроўні. Ён стане новай кропкай росту для нашых брацкіх краін і народаў.

Таму я хачу пажадаць усім удзельнікам моцнага здароўя, міру і плённай працы.

Дарагія браты расіяне!

Мы жывём у складаны і непрадказальны час. Мы яго не выбіралі. Гэта час выбраў нас. Таму задачы, якія давядзецца нам вырашаць, мы павінны вырашыць. І мы гэта зробім!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю