Top.Mail.Ru

Прэзідэнт заслухаў даклад кіраўніка Мінсельгасхарча

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 жніўня заслухаў даклад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Асноўнымі тэмамі даклада былі ход уборачнай кампаніі і сяўбы, перапрацоўка малака і мяса, дынаміка продажаў харчовай прадукцыі, меры па забеспячэнні захаванасці жывёлы.


Прэзідэнту было даложана, што ўборка збожжавых і зернебабовых культур на завяршальным этапе. Аграрыі разлічваюць на сур’ёзную прыбаўку ўраджаю нават да высокага базавага ўзроўню мінулага года. Намалот збожжа з улікам рапсу чакаецца на ўзроўні 9 млн тон. У тым ліку чакаецца рэкордны намалот рапсу — каля 1,5 млн тон.

Добрыя разлікі і на ўраджай зерня кукурузы, які яшчэ трэба ўбраць з палёў, — у планах 2,5 млн тон.

Такім чынам, вага агульнага каравая з улікам рапсу і кукурузы складзе каля 11,5 млн тон. З апярэджаннем вядуцца пастаўкі збожжа ў лік дзяржзаказу, які плануецца поўнасцю выканаць да 1 верасня. Высокі ўраджай і па іншых культурах — цукровых бураках, ільне, агародніне. У міжсезонне жыхары краіны будуць забяспечаны ўсім неабходным.

Адначасова рэгіёны інтэнсіўна ўключыліся ў работу па сяўбе азімых. Юрый Горлаў асобна далажыў аб сітуацыі ў Віцебскай вобласці, дзе таксама набраны добрыя тэмпы з улікам больш паўночных умоў — азімы рапс пасеяны ўжо на 83% плошчы ад плана.

Што датычыцца сітуацыі ў жывёлагадоўлі, акцэнт у дакладзе быў зроблены на захаванні тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны, мерах па зніжэнні ўзроўню падзяжу буйной рагатай жывёлы. У гэтых адносінах, запэўніў Юрый Горлаў, ёсць пазітыўная тэндэнцыя. Да кастрычніка ўвядуць у строй некалькі соцень прафілакторыяў для ўтрымання цялят. У бягучым годзе таксама адзначаецца істотнае прыбаўленне па нарыхтоўцы травяных кармоў.

Прэзідэнт цікавіўся тэндэнцыямі ў перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, перш за ўсё мяса і малака, сітуацыяй з экспартам прадуктаў харчавання. Як далажыў міністр, цяпер тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 113% да ўзроўню мінулага года. Прыкладна на чвэрць вырасла валютная выручка ад продажаў, да беларускіх прадуктаў харчавання захоўваецца высокі інтарэс сярод замежных партнёраў. Нядрэннымі тэмпамі ідзе рэалізацыя і сметанковага масла, якое раней назапашвалася на складах, што выклікала крытыку з боку Прэзідэнта. Цяпер аб’ёмы продажу масла вышэйшыя, чым вытворчасць. Такім чынам, ёсць усе перадумовы, каб у бягучым годзе перасягнуць рэкордны мінулагодні ўзровень 10 млрд долараў экспарту прадуктаў харчавання.


Будзем з хлебам!

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі даклада кіраўніку дзяржавы. 

Рапс: ідзём на рэкорд 

Першае, на што звярнуў увагу кіраўнік сельскагаспадарчага ведамства, — гэта рэкордны паказчык па ўборцы рапсу, прычым не толькі за апошнія гады, — за ўвесь час вырошчвання гэтай культуры. 

— На сённяшні дзень мы ўбралі 1 млн 400 тысяч тон рапсу, — падзяліўся добрай навіной міністр. — Ураджайнасць склала 32 цэнтнеры з гектара. Цяпер ідзе ўборка яравога рапсу, і з улікам яго, думаю, да лічбы ў паўтара мільёна тон мы прыйдзем.

У цэлым, разам з рапсам на сённяшні дзень намалочана 8,5 млн тон збожжавых. І гэта лічба, як канстатаваў Юрый Мікалаевіч, значна апярэджвае леташнія значэнні. На пытанне, ці не ўмяшаецца ў паспяховы працэс уборачнай надвор’е, Юрый Горлаў адказаў: 

— Надвор’е сёлета пакуль толькі дапамагае аграрыям. Як падкрэсліў Прэзідэнт, яно ідэальнае для добрага росту і развіцця сельскагаспадарчых культур. Нам засталося ўбраць усяго 7% плошчаў. Упэўнены, што да канца бягучага — пачатку наступнага тыдня ўборку збожжавых культур мы завершым.

Чакаем добры ўраджай

Сёлета аграрыі пад сяўбу кукурузы на зерне адвялі 400 тысяч гектараў зямлі. 

— Стаўку на кукурузу на зерне як на каштоўны і пажыўны корм для сельскагаспадарчых жывёл зрабілі яшчэ летась. У пачатку гэтага года дэталёва спланавалі, дзе і колькі гэтай культуры будзем сеяць, — расказаў Юрый Горлаў. — З засеяных плошчаў мы плануем намалаціць таксама рэкордную колькасць зерня — 2,5 млн тон, перавысіўшы такім чынам узровень мінулага года.

У цэлым працаўнікі аграрнай галіны, уключаючы фермераў, разлічваюць выйсці на фінальную лічбу ў больш за 11 млн тон зерня — разам з рапсам, кукурузай, грэчкай і просам. Збожжа плануецца намалаціць 9 млн тон у бункернай вазе. Такім чынам агульны хлебны каравай сёлета стане цяжэйшым за леташні на 300 тысяч тон. 

Сёння, па словах міністра, ужо ідуць работы па фарміраванні ўраджаю будучага года. Азімы рапс пасеяны на 58% плошчаў, адведзеных пад гэту культуру.

— У працэс уключыліся ўсе рэгіёны, — канстатуе Юрый Горлаў, — але асабліва хацеў бы вылучыць Віцебскую вобласць — там азімым рапсам ужо засеяна 83% плошчаў. У цэлым па краіне гэту культуру плануецца пасеяць на плошчы 457 тысяч гектараў, і гэта прыкладна адпавядае ўзроўню мінулага года. Перад намі стаіць задача завяршыць сяўбу гэтай культуры да 25 жніўня.

Інтэнсіўнымі тэмпамі ідзе і церабленне лёну. 

— Гэту работу скончым літаральна днямі, — адзначыў міністр. — На сёння лён узняты з больш за чвэрць засеянай тэрыторыі — дзякуючы спрыяльным умовам надвор’я церабленне мы пачалі раней, пастаянна ішлі з апярэджаннем графіка і, думаю, да 20 жніўня яго завершым.

На чарзе — уборка агароднінных культур. Як сказаў кіраўнік сельскагаспадарчай галіны, так званы «набор для баршчу» плануецца атрымаць на ўзроўні не меншым, чым летась, і выйсці на 580 тысяч тон бульбы, капусты, морквы і цыбулі.

Што датычыцца закладкі збожжа ў стабілізацыйныя фонды, яна ідзе апераджальнымі тэмпамі, паведаміў міністр:

— План на сёння выкананы на 63%. Дзяржзаказ па азімым рапсе мы ўжо закрылі і перавыканалі яго на 5%. Зараз заканчваем здаваць у кошт дзяржаўнага заказу піваварны ячмень. Плануем, што да 1 верасня выканаем і яго.


Зберагчы і прымножыць

Вядома, у дакладзе Прэзідэнту была закранутая і такая праблемная для АПК тэма, як падзеж жывёлы. На пытанне: «Што дапаможа вырашыць гэту праблему?» Юрый Горлаў адказаў адназначна: дысцыпліна — выканальніцкая і тэхналагічная. 

— Сёлета запланавана будаўніцтва 528 прафілакторыяў для цялят. Ужо пабудаваны 161 такі аб’ект, больш за палову знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці, — паведаміў ён. — Згодна з зацверджанымі графікамі, усе прафілакторыі павінны быць уведзеныя ў эксплуатацыю да надыходу халадоў — да 1 кастрычніка гэтага года.

Міністр адзначыў, што Прэзідэнт паставіў задачу забяспечыць прафілакторыі неабходным тэхналагічным абсталяваннем і запатрабаваў, каб ні адзін з узведзеных цялятнікаў не пуставаў. 

— Пад дахам, у камфорце будзе не толькі маладняк буйной рагатай жывёлы, але і жывёлаводы, якія з ім працуюць. Будзем ствараць такія ўмовы, каб было дзе і памыць малочнае абсталяванне, і падцяпліць малако, і гэтак далей, — рэзюмаваў міністр.

Ён таксама канстатаваў, што падзеж БРЖ за 7 месяцаў 2026 года скараціўся ў параўнанні з тым жа ўзроўнем мінулага года.

Экспарт і перапрацоўка

Прэзідэнт закрануў пытанні перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, у першую чаргу мяса і малака, а таксама экспартных паставак.

— За 7 месяцаў гэтага года аб’ём валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі вырас да 113% адносна ўзроўню мінулага года, а валютная выручка ад продажу павялічылася прыкладна на чвэрць, што дазваляе зрабіць выснову — цікавасць замежных партнёраў (а гэта краіны СНД, дзяржавы афрыканскага кантынента, Інданезія і іншыя) да беларускай сельгаспрадукцыі высокая. У выніку ёсць усе падставы разлічваць, што ў гэтым годзе атрымаецца перавысіць леташні рэкорд па экспарце харчавання ў 10 млрд долараў, — выказаў упэўненасць кіраўнік сельскагаспадарчай галіны.

Вытворчасць малака, як канстатаваў міністр, за 7 месяцаў 2026-га вырасла ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года на 3%. Прыкметна актывізавалася рэалізацыя масла. І калі раней гэтым прадуктам былі затавараныя склады, то сёння ўжо аб’ём продажу перавышае аб’ёмы вытворчасці. Але і дэфіцыту масла, як мы можам бачыць, на прылаўках крам няма.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю