Новым галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе стаў Віктар Ганчарэнка. На гэтай пасадзе беларускі спецыяліст змяніў іспанца Карласа Аласа, які трэніраваў каманду са жніўня 2023 года да снежня 2025-га, паведамляе БелТА.
Кантракт з 48-гадовым Віктарам Ганчарэнкам быў падпісаны сёння ў мінскім Доме футбола. Будучы гульцом Ганчарэнка выступаў у барысаўскім БАТЭ і там жа ў 2004 годзе пачаў трэнерскую кар’еру. З 2007 па 2013 год Ганчарэнка быў галоўным трэнерам барысаўскай каманды. Пад яго кіраўніцтвам БАТЭ шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі і ўпершыню прабіўся ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, а таксама выступаў у 1/16 фіналу Лігі Еўропы. У кантынентальных турнірах падапечныя Віктара Ганчарэнкі перамагалі мюнхенскую «Баварыю», лонданскі «Арсенал» і іншыя вядомыя клубы. Пасля сыходу з БАТЭ Ганчарэнка ўзначальваў расійскія клубы — ЦСКА, «Кубань», «Урал», «Краснадар», «Уфа», «Пары Ніжні Ноўгарад», які пакінуў у чэрвені 2025 года.
Восенню 2026 года зборнай Беларусі трэба будзе згуляць у чарговым сезоне Лігі Нацый УЕФА. Падапечныя Віктара Ганчарэнкі выступяць у трэцім па рангу дывізіёне гэтага турніру — лізе С. Жараб'ёўка групавога этапу Лігі Нацый адбудзецца 12 лютага, а самі матчы пройдуць з 24 верасня па 17 лістапада.
Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Яўген Булойчык падзякаваў папярэдняму трэнерскаму штабу галоўнай каманды краіны і падкрэсліў, што адносіны з Карласам Аласам былі нармальнымі і развіталіся з ім без якіх-небудзь недамовак.