Top.Mail.Ru

Віктар Тураў мог бы стаць капітанам, але абраў кіно

З нагоды 90-годдзя славутага рэжысёра


У пятніцу ў Музеі гісторыі беларускага кіно (філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь) адкрылася часовая экспазіцыя «Віктар Тураў — майстар беларускага кіно», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння вядомага кінарэжысёра. Асабліва ярка яна «гучыць» сёння таму, што неўзабаве, з 30 кастрычніка распачнецца Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Віктар Тураў — менавіта той, хто зрабіў вялікі ўнёсак у гісторыю беларускага кіно. На яго работах многія выраслі...



Галоўная мэта выстаўкі — прадаставіць яе наведвальнікам магчымасць паглыбіцца ва ўнікальны свет кінематаграфічнай спадчыны, якую пакінуў Віктар Тураў. Экспазіцыю складаюць не толькі матэрыялы да культавых фільмаў майстра, але і фотаздымкі, і касцюмы герояў яго стужак. Кожны ахвотны, хто з’яўляецца вялікім прыхільнікам беларускага кіно і асабліва творчасці Віктара Турава, а таксама маладыя рэжысёры, сцэнарысты і гукарэжысёры, могуць аддаць даніну павагі, наведаўшы гэтую часовую экспазіцыю ў Мінску. 


Напярэдадні адкрыцця выстаўкі «Віктар Тураў — майстар беларускага кіно» і з нагоды 90-годдзя Віктара Турава яго дачка, таксама вядомы сёння паспяховы беларускі рэжысёр Алена Турава адказала на нашы пытанні. Варта адзначыць, што яна сапраўды шчыра і падрабязна распавяла, якім згадвае свайго бацьку як асобу са свету кіно і якім Віктар Тураў запомніўся ёй як чалавек:

— Так склалася, што трыццаць гадоў ён ужо не з намі... 25 кастрычніка Віктару Тураву споўнілася б 90 гадоў, а 31 кастрычніка ён пайшоў з жыцця. Дзве такія розныя даты побач... — канстатуе суразмоўца і знаходзіць тое самае важнае сёння для яе асабіста як дачкі славутага рэжысёра. — Прыемна, што ў яго родным Магілёве ўжо шмат гадоў праводзіцца «Тураўская восень». Падчас Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» сёлета адбудзецца творчы вечар памяці Віктара Турава. З 23 кастрычніка працуе выстаўка ў Музеі гісторыі беларускага кіно ў Мінску. Экспазіцыя многае распавядзе пра творчасць Віктара Турава, бо, наколькі ведаю, сабраны матэрыялы з Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага архіва і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Многія рэчы калісьці сама аддала ў музей кіно ў нас на кінастудыі. А цяпер, дзякуючы намаганням майго брата Арцёма, у Магілёве адкрываецца музей Віктара Турава на базе кінатэатра «Радзіма». 25 кастрычніка, у дзень яго юбілею, мы будзем там сваёй творчай камандай. Музей абяцае стаць не толькі цікавым, але і інтэрактыўным. А так у кінатэатры ёсць барэльеф, памятная дошка ў гонар бацькі, куды ўдзячныя гледачы прыносяць кветкі...

— Якія, на Вашу думку, галоўныя дасягненні Віктара Турава? Як бы Вы распавялі пра яго маладому пакаленню, хто, магчыма, толькі чуў яго імя...

— Усе ведаюць Віктара Турава як легенду беларускага кінематографа, рэжысёра культавых кінастужак, якія і сёння ўваходзяць у залаты фонд, па сутнасці, у наш культурны фонд. Каб разбірацца ў мастацтве, трэба ведаць базу — лепшае, што стварылі нашы майстры. І адна з такіх залатых паліц — з работамі Віктара Турава. Яго фільм, як вядома, увайшоў у спіс найлепшых стужак усіх часоў і народаў аб вайне, па рашэнні ЮНЕСКА, — гэта дэбютная работа Віктара Турава «Праз могілкі». Наогул у яго вялікая колькасць фільмаў, шчымлівых і шчырых, аб вайне. Ёсць экранізацыя як рускай, так і беларускай класікі. Аднак напэўна не ўсе ў курсе, што акрамя гэтага Віктар Тураў зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё кіно як грамадскі дзеяч. Шмат гадоў ён узначальваў Беларускі саюз кінематаграфістаў. З яго падачы быў створаны факультэт экранных мастацтваў у БДАМ, дзе цяпер вучацца рэжысёры, сцэнарысты, кінакрытыкі, гукарэжысёры. Дагэтуль сваёй адукацыі кінематаграфістаў у нас не было. А цяпер там выпускаюцца нашы найлепшыя кадры. Віктар Тураў не толькі стаяў каля вытокаў стварэння факультэта, але і адпрацаваў там шмат гадоў. Многія яго навучэнцы, рэжысёры і сцэнарысты, працуюць і сёння, яны стварылі знакавыя фільмы для беларускага кінематографа. Сярод іх — Іван Паўлаў. Сімвалічна, што ён узначальвае факультэт кіно, тэатра і тэлебачання БДАМ.

У нас ёсць і свой тэатр, які практычна адзін з самых наведваемых у краіне і які з’яўляецца самастойным падраздзяленнем кінастудыі «Беларусьфільм», — «Тэатр-студыя кінаакцёра». Мала хто ведае, але Віктар Тураў шмат намаганняў прыклаў, каб ён быў створаны. Можна сказаць, гэта дзейнасць чалавека, які цалкам прысвяціў сябе кінематографу. А пайшоў з жыцця бацька вельмі рана, калі мне было 30 з хвосцікам... Тады здавалася: 60 гадоў — многа, а цяпер, калі мне больш, чым было майму бацьку, калі ён пайшоў з жыцця, разумею, наколькі гэта мала... І як многа ён паспеў зрабіць! Акрамя таго, што гэта быў чалавек, вельмі адданы прафесіі, ён быў жывы чалавек са сваімі інтарэсамі. У яго былі сябры, ён любіў жыццё, кахаў жанчын, у яго былі дзеці ад розных жонак. Бацька вельмі хацеў унукаў! На вялікі жаль, ён іх не дачакаўся... Аднак цяпер яны ёсць — мая дачка Ніка. Яна, па сутнасці, названа ў гонар дзядулі, таму што Вікторыя — багіня перамогі і Ніка — таксама, толькі на іншай мове. А ў брата Арцёма падрастае таксама двое дзяцей. Таму жыццё працягваецца!

— У Вас была сапраўды ўнікальная магчымасць — ведаць Віктара Турава як звычайнага чалавека... Якім усё ж ён быў? Як ставіўся да вашага выбару прафесіі? 

— Няпростым чалавекам... У кожнага з нас унутры — свой космас... Наконт прафесіі... Бацька мяне адгаворваў ісці ў кінематограф. Маўляў, навошта туды лезці, бо хацеў, каб я была шчаслівая па-жаночаму: спачатку сям’я — дом, ачаг, дзеці, толькі ўжо потым — прафесія. Ён на сваім прыкладзе разумеў, што свет мастацтва — стрэсавае асяроддзе, дзе вельмі складана маральна, і ты павінен умець трымаць удар... Аднак, як відаць, я абрала анімацыю і не шкадую. Ці змяніў бацька меркаванне пра мяне? Не ведаю... Але яго пахвалу мне пашчасціла заспець, праўда, прайшло шмат гадоў, калі пасля нейкай радыёперадачы, паводле слоў яго трэцяй жонкі Тамары, ён сказаў: «Дзякуй богу, у мяне дачка не дурніца». Аказваецца, ён уважліва слухаў песні, якія былі напісаны на мае словы (на той момант я была ўжо папулярным аўтарам тэкстаў для эстрады). Вось тая пахвала была самай моцнай. 

Цікава, што бацька мог бы сам стаць не рэжысёрам, а капітанам, бо нават ездзіў у Адэсу, каб паступаць у мараходку. Але... перадумаў, магчыма, з-за здароўя не склалася... У яго ж было нешта астатачнае пасля сухотаў. А так, магчыма, быў бы выдатны капітан, праўда, ён і стаў капітанам у нейкім сэнсе, бо рэжысёр — свайго роду капітан: ён разумеў, якім павінен быць фільм, куды «плыць». 

Вельмі шкада, што так і не ажыццявілася мара бацькі — зняць фільм «Фіеста-45» пра жанчыну, якая з двума дзецьмі вяртаецца дадому з канцлагера. Ён жа сам з маці і сястрой быў сагнаны ў канцлагер, і пасля Перамогі яны разам вярталіся праз усю параненую Еўропу ў Магілёў. Гэтая жанчына з двума дзецьмі — сімвал самога жыцця, любові і мацярынства, а фіеста азначае свята Перамогі над сусветным злом, калі сумеснымі намаганнямі людзі адолелі фашызм і былі перакананыя, што гэта ніколі не вернецца... 

— Алена Віктараўна, распавядзіце, калі ласка, крыху падрабязней пра задуму бацькі. Чаму ж не атрымалася рэалізаваць яго ідэю ў юбілейны год Віктара Турава?

— Стужку «Фіеста-45» бацька хацеў стварыць яшчэ ў маладосці, але не склалася. Ён хацеў, каб сцэнарыстам быў яго сябар Генадзь Шпалікаў, але той рана пайшоў з жыцця... Пасля бацька не мог знайсці патрэбнага сцэнарыста. Былі і іншыя важныя праекты. Але ідэю таго фільма ён пранёс праз усё жыццё! У апошнія дні ў бальніцы перачытваў аркушы сцэнарыя, надрукаванага на машынцы. Расказваў мне пра сутнасць праекта. На жаль, той сцэнарый не захаваўся. Аднак па ідэі Віктара Турава ўжо напісаны выдатны сцэнарый. Засталося толькі зняць! Самому Шахназараву праект вельмі спадабаўся. Мяркую, сёння такі фільм, як «Фіеста-45» быў бы вельмі актуальны! Хацелася, канешне, стварыць гэтую стужку да 90-годдзя Віктара Турава. Магчыма, у будучыні здолеем рэалізаваць задуму бацькі.

Памяць аб рэжысёры і чалавеку жывая, пакуль яе зберагаюць яго вучні, ёсць яго фільмы, аб’екты, якія працягваюць развівацца... Гэта спадчына для ўсіх тых, хто прыйдзе пасля нас.

Ірына ПРЫМАК

Фота з архіва Алены ТУРАВАЙ і Алены ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю