14 мая прысталічны рэгіён прыняў гістарычную падзею: у рэспубліканскім фармаце тут прайшоў фінал спаборніцтваў «Аўталэдзі-2026», арганізаваны Цэнтральным саветам ДТСААФ. Гэта не проста турнір, а яркае прызнанне прафесіяналізму сучасных жанчын, прымеркаванае да Года беларускай жанчыны.
Неба, зямля і адрэналін
Свята пачалося задоўга да таго, як першая ўдзельніца націснула на педаль газу. Неба над трасай «разарваў» спартыўны Як-52, а парашутысты дадалі падзеі нябеснай эстэтыкі. На зямлі ж тон задавалі дрыфтэры і юныя пілоты ДТСААФ на багі.

Старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Беларусі Андрэй Некрашэвіч, адкрываючы марафон, падкрэсліў выключнасць моманту:
— Сёння мы па ініцыятыве Цэнтральнага савета ДТСААФ упершыню праводзім спаборніцтвы на рэспубліканскім узроўні па майстэрстве ваджэння нашымі жанчынамі. Гэтыя спаборніцтвы праведзены з элементамі шоу. Гледачам было цікава ўбачыць прэзентацыйныя матэрыялы кожнага ведамства, а таксама магчымасці ДТСААФ. Тут мы пастараемся прадэманстраваць усе магчымасці арганізацыйных структур як на зямлі, так і ў паветры. Я думаю, гледачы будуць прыемна здзіўлены.
Ад «змейкі» да высокай моды
За тытул змагаліся 24 каманды. Геаграфія ўдзельніц выйшла за межы краіны: канкурэнцыю нашым ведамствам і грамадскім арганізацыям склалі госці з Расіі. Кожнае трыа (кіроўца, тэхнік і кіраўнік) прайшло строгі фільтр: ад праверкі пасведчанняў катэгорыі «В» да медыцынскага кантролю.

Праграма выпрабаванняў прымусіла пахвалявацца нават вопытных аўтамабілістак. Дзяўчаты штурмавалі «дворыкі», праходзілі «змейку» заднім ходам і філігранна паркаваліся ў «дыяганалку». Але самым відовішчным стаў этап «Аўталэдзі-мадэльер». Прама пад прыцэлам соцень вачэй удзельніцы ператваралі свае машыны ў дызайнерскія аб’екты. У гэтым творчым паядынку не было роўных камандзе Беларускай чыгункі. Прадстаўніца БЧ Аксана Башкірава, дзелячыся ўражаннямі пасля аўтатрэнажораў, прызналася: для яе, кіроўцы з сямігадовым стажам, такі фармат стаў выклікам, але азарт перамогі аказаўся мацнейшым за хваляванне.
Твары п’едэстала
Лёсы ўдзельніц заслугоўваюць асобнага рамана. Бронзавая прызёрка, ваеннаслужачая ўнутраных войскаў МУС Галіна Долгіна, даказала, што нават двухтыднёвая падрыхтоўка пры наяўнасці дысцыпліны дае бліскучы вынік.

Серабро заваявала Святлана Краўчук з «Мінскаўтатранса». Яе гісторыя — пра пераадоленне. Кіроўца хуткай дапамогі ў другой дзіцячай бальніцы, Святлана некалі перажыла цяжкое ДТЗ і доўга не вырашалася вярнуцца за руль. Сёння яна віртуозна кіруе спецтранспартам, разумеючы, што ў яе працы секунды роўныя жыццям.
Але абсалютны трыўмф свята належаў Магілёўшчыне. Золата і званне лепшай аўталэдзі краіны заваявала Ганна Калешка, старшы інспектар ДПС. Для Ганны, якая ўжо чатыры гады захапляецца экстрэмальным ваджэннем, траса стала месцам сілы.

— Поцяг да хуткасці, да нечага прыгожага, да ідэальнага выніку — гэта ўсё і прыцягнула мяне ў экстрэмальным ваджэнні. Мне вельмі падабаецца гэтым займацца, — адзначыла пераможца.
Больш, чым спорт
Конкурс «Аўталэдзі-2026» разбурыў апошнія стэрэатыпы. Расіянка Кацярына Касаточкіна, чый стаж за рулём перасягнуў за два дзесяцігоддзі, трапна заўважыла: на дарозе няма полу, ёсць толькі добрыя і дрэнныя кіроўцы.

Арганізатары з ДТСААФ упэўненыя: такія сустрэчы — гэта не толькі пра кубкі і медалі. Гэта пра ўмацаванне сувязяў паміж ведамствамі, папулярызацыю бяспекі і дэманстрацыю таго, што беларуская жанчына аднолькава прыгожая і на ўрачыстым прыёме, і ў крутым заносе на гоначным трэку.
Марыя АСМАЛОЎСКАЯ
Фота: Валерый КАРТУЛЬ