Top.Mail.Ru

Віртуальная сістэма навучання ахове працы прэзентавана ў прафсаюзнай ВНУ

Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскага семінара, прысвечанага Сусветнаму дню аховы працы. Удзел у ім прынялі тэхнічныя інспектары працы прафсаюзаў, прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Арганізатар форума — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.


Сусветны дзень аховы працы закліканы звярнуць увагу ўсіх зацікаўленых на найважнейшых пытанне бяспекі на працоўных месцах. У гэтым годзе ён прысвечаны пытанню ўплыву штучнага інтэлекту і лічбавізацыі на ахову працы.

— Прафсаюзы Беларусі падтрымліваюць міжнародныя ініцыятывы ў галіне аховы працы. Прафсаюзамі ўсіх узроўняў па ўсёй краіне праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Сусветнага дня аховы працы. І праходзяць яны ў розных фарматах. Напрыклад, арганізаваны тэматычныя семінары. Такія, як і сённяшні, які адбыўся на базе прафсаюзнага ўніверсітэта. У рамках мерапрыемства прэзентавана новая тэхналогія навучання з дапамогай выкарыстання сістэмы дапоўненай рэальнасці. Новая тэхналогія дазволіць на якасна новым узроўні навучаць прафсаюзных актывістаў, супрацоўнікаў розных прадпрыемстваў, студэнтаў універсітэта бяспечным метадам працы, не падвяргаючы слухача, работніка шкоднаму вытворчаму фактару, — адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Павел Манько. — У цэлым, тэхналогіі не стаяць на месцы. І, безумоўна, іх можна і трэба выкарыстоўваць у рабоце. Такая VR-тэхналогія ў ахове працы, распрацаваная сумесна з рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам электраэнергетыкі «Віцебскэнерга» адпавядае запыту часу, дазваляе работніку ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальнасці, адпрацаваць правілы паводзін пры надзвычайных сітуацыях. Ці тое пажар, уцечка аміяку, паражэнне токам. Вядома ж, такую практыку ў навучанні неабходна пашыраць.

Трэба адзначыць, што ахова працы — адно з асноўных пытанняў у працы прафсаюзаў. Сумесна з наймальнікамі вядзецца пастаянная работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму. Дзякуючы пастаяннай рабоце сацыяльных партнёраў па пытаннях аховы працы вытворчы траўматызм паступова зніжаецца. У прыватнасці, летась зафіксаваны самы мінімальны паказчык па траўміраванні работнікаў. У той жа час, прафсаюзы па-ранейшаму выяўляюць значную колькасць парушэнняў у сферы аховы працы.

photo_2025-04-25_15-55-58.jpg

— У абсалютнай большасці выпадкаў наймальнікі аператыўна рэагуюць на заўвагі прадстаўнікоў прафсаюзаў і ліквідуюць тыя ці іншыя парушэнні. Гэта яшчэ раз пацвярджае: бяспечныя ўмовы працы — наша агульная цікавасць, — падкрэсліў Павел Манько. — Калі казаць аб асноўных прычынах вытворчага траўматызму, то па-ранейшаму ў значнай ступені гэта так званы чалавечы фактар: тыя ці іншыя нормы не выконваюць не толькі наймальнікі, але і самі работнікі, і нярэдка менавіта гэта і прыводзіць да трагедыі. Укараненне аўтаматызаваных сістэм кантролю, мадэрнізацыя і рабатызацыя працоўных месцаў, удасканаленне падыходаў у навучанні дазваляюць знізіць гэтыя рызыкі.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю