У нашай краіне ўносяцца змяненні ў правілы ажыццяўлення аперацый з плацежным праграмным дадаткам і іншымі плацежнымі інструментамі. Такое рашэнне ўступае ў дзеянне з 19 чэрвеня, паведаміла начальнік упраўлення электронных плацежных інструментаў Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Вольга Антановіч.
Пра што гаворка?
Правілы датычацца менавіта плацежных інструментаў. Іх існуе тры віды. Першы — плацежныя праграмныя дадаткі (інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг), яны патрабуюць адкрыцця і вядзення рахункаў, іх ствараюць банкі. Другі — плацежныя мабільныя дадаткі. Трэці — плацежны інструмент, які забяспечвае доступ да электронных грошай. «Гэта, напрыклад, дадатак „Аплаці“, з выкарыстаннем якога можна разлічыцца за праезд у грамадскім транспарце і не толькі», — удакладніла прадстаўнік Нацбанка.
Хто адказвае за бяспеку?
Вызначаны парадак узаемадзеяння грамадзян і юрыдычных асоб з банкамі па аперацыях, якія здзейснены з выкарыстаннем плацежных інструментаў, але не санкцыянаваны кліентамі. «Мы канкрэтызавалі норму, прапісалі, што ў такім выпадку трэба звяртацца да эмітэнта плацежнага інструмента, з якім заключаны дагавор на аказанне плацежных паслуг. У прыватнасці, калі гэта інтэрнэт-банкінг, то кліент павінен звярнуцца ў банк. Калі гэта плацежны мабільны дадатак, калі карыстальнік яго запампоўвае, яму прадастаўляецца адпаведнае пагадненне. Кліент чытае, пагаджаецца, ставіць „птушачку“. І калі нейкая аперацыя выклікае падазрэнне, можна звярнуцца да свайго партнёра, з якім заключыў гэтае пагадненне. Што датычыцца дадатку „Аплаці“, эмітэнтам электронных грошай з’яўляецца Белінвестбанк», — патлумачыла Вольга Антановіч.

Электронны чэк і не толькі
Яшчэ адна новая норма датычыцца пацвярджэння здзяйснення аперацыі з выкарыстаннем плацежнага інструмента. Правіламі ўстаноўлена, што пры паспяховым завяршэнні аперацыі карыстальніку можа быць выдадзены чэк на папяровым носьбіце або ў электронным выглядзе, у тым ліку шляхам накіравання на электронную пошту. Таксама можа быць сфарміравана і адпраўлена апавяшчэнне аб аўтарызацыі.
«Калі чэк не аднаўляецца на папяровым носьбіце або аднаўляецца толькі з дапамогай вываду на экран перыферыйнага абсталявання, кліент можа звярнуцца ў банк, дзе адкрыты яго рахунак, для атрымання інфармацыі па плацежнай аперацыі. Банк гэту інфармацыю падае, і ў ёй павінны ўтрымлівацца ўсе даныя, якія звычайна фіксуюцца ў чэку», — дадала Вольга Антановіч.
Узаконенае партнёрства
Уводзіцца норма аб магчымасці пераходу з плацежнага праграмнага дадатку банка (інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг) у праграмна-тэхнічную інфраструктуру партнёра фінустановы (сайт, мабільны дадатак або іншы электронны рэсурс) для выбару і набыцця тавараў, работ і паслуг. Для гэтага ў банку могуць праводзіць аўтэнтыфікацыю кліентаў — партнёраў банка пры ўмове дасягнення пагаднення паміж банкам і партнёрам.
У Нацбанку падкрэслілі, што ўнесеныя ў правілы змены ўлічваюць прапановы грамадзян, юрыдычных асоб, банкаў і будуць спрыяць павышэнню якасці аказання плацежных паслуг ва ўмовах паскоранага развіцця лічбавізацыі фінансавага рынку. «Усе навацыі ў першую чаргу скіраваны на абарону правоў спажыўцоў. Мы робім усё, каб аплатныя аперацыі, якія здзяйсняе кліент, былі для яго зразумелыя», — удакладніла Вольга Антановіч.

Пярсцёнкі і бранзалеты выбіраюць адзінкі
У плане выбару сродкаў плацяжоў грамадзяне даволі кансерватыўныя. У Нацыянальным банку пазітыўна ставяцца да таго, што жыхары краіны пачалі актыўна карыстацца карткамі. Што датычыцца плацежных пярсцёнкаў і бранзалетаў, то імі карыстаюцца неахвотна. Прычым «фінансавыя ўпрыгажэнні» — фактычна тое ж самае, што і карткі, толькі ў іншай форме. Вольга Антановіч выказала здагадку, што такія «аксесуары», магчыма, больш распаўсюджаныя як опцыі для VІP-кліентаў.
Прадстаўнік Нацбанка адзначыла, што аб’ём плацяжоў праз анлайн-сэрвісы павялічваецца. У тым ліку пашырэнне адбывалася на фоне пандэміі. Цяпер гэта можа быць звязана з развіццём маркетплейсаў, службаў дастаўкі і іншых блізкіх да іх сегментаў.
Сяргей КУРКАЧ