Многім аматарам айчыннага футбола Віталь Кутузаў вядомы як адзін з найлепшых гульцоў свайго пакалення. За 38 гадоў у прафесіі наш герой перажыў шмат і навучыўся многаму, меў магчымасць убачыць свет і пераймаць вопыт у вялікіх майстроў. І цяпер усім гэтым ён дзеліцца ў сваёй кнізе «У патоку «Хвалі». Выданне не толькі знаёміць шырокую аўдыторыю чытачоў з жыццёвым шляхам вядомага спартсмена, але і па-сапраўднаму натхняе на веру ў сябе, свае мары і дае, лічыце, дарожную карту для іх дасягнення.
А вось пра тое, як вялася работа над кнігай, ад чаго залежыць поспех сапраўднага мужчыны і ці можна развітацца са спортам назаўсёды, мы распыталі нашага героя пры асабістай сустрэчы.
— Віталь Уладзіміравіч, зараз многія спартсмены запускаюць нейкія курсы, свае школы адкрываюць, каб дзяліцца вопытам. Чаму вы абралі фармат кнігі?
— Кніга дае магчымасць ахапіць значна большую аўдыторыю людзей. Плюс яна ні да чаго не абавязвае чалавека. Ён можа проста ўзяць яе ў бібліятэцы альбо купіць у краме і знайсці ў ёй для сябе нейкія важныя, патрэбныя думкі. Чытачом можа быць тата, мама, трэнер, само дзіця. Прычым адны ў працэсе чытання могуць зацікавіцца футболам, а іншыя знойдуць там для сябе адказы на пытанні, якія іх непакояць. Дык я лаўлю зваротную сувязь, калі мне шмат пішуць у тых жа сацыяльных сетках. І калі ёсць запыт на такую інфармацыю — значыць, трэба яго задаволіць, што мы і зрабілі. Далі веды, якія будуць цяпер у кожнага ў крокавай даступнасці. І самае галоўнае, я лічу, гэтая кніга дазваляе людзям паверыць у сябе, паколькі ў ёй ёсць шмат псіхалогіі. Выданне базіруецца на гэтым. Нават калі ўзяць саму назву «У патоку «Хвалі». У самой хвалі няма патоку, а ёсць сіла і вышыня, а паток — гэта ўсяго толькі вызначэнне нашага нейкага псіхалагічнага стану. Лічу, што толькі ў патокавым стане можна апынуцца на вяршыні, крэатывіць, ствараць — словам, быць творцам у той вобласці, дзе вы рэалізоўваецеся.
— Шмат часу вам спатрэбілася на напісанне кнігі? Як адбываўся гэты працэс?
— Калі нешта робіш упершыню, то заўсёды гэта складана. Але вялікае жаданне пераадольвае любыя цяжкасці. Ідэя ў мяне з’явілася даўно, але не адразу прыйшло разуменне, як яе рэалізаваць. Баяўся і згубіць нейкую інфармацыю, бо памяць з гадамі заціраецца. Таму некаторыя рэчы ўспомніў у працэсе і не змог уключыць іх у кнігу. Нешта ўспамінаецца і цяпер, асабліва калі з людзьмі з мінулых часоў сустракаешся. Напрыклад, адзін мой знаёмы, з якім мы гулялі ў дзяцінстве, нядаўна расказаў, што калі аднойчы зайшоў да мяне, то я сядзеў і нешта пісаў. А на яго пытанне: «Што ты робіш?» — адказаў: «Вучуся аўтографы даваць!» Тады, вядома, маім словам ніхто не надаў значэння, аднак цяпер іх ацэньваеш ужо зусім па-іншаму. Але асноўную інфармацыю я ў кнігу ўключыў, згадаў людзей, з якімі мяне зводзіў лёс. Плюс там ёсць свая філасофія, маё пасланне, якое я хацеў перадаць шырокай аўдыторыі.
— Ваша кніга — прадукт, у якім аб’яднаны культура і спорт. Праекты такога кшталту сёння ў тым ліку спрыяюць папулярызацыі абедзвюх сфер. Ці дастаткова такіх крокаў і што, на вашу думку, яшчэ можна зрабіць для папулярызацыі футбола?
— Я асабіста раблю тое, што ў маіх сілах. Імкнуся быць карысным у гэтай сферы, скарыстоўваючы свае веды, магчымасці, кантакты. І мая кніга — таксама адна з маленькіх цаглінак, якія патрэбны для пабудовы чагосьці трывалага і годнага. Усяму патрэбныя цэмент, фундамент, але без маленькіх цаглінак усё не мае сэнсу. Зразумела, што і я не дзейнічаю адзін. І калі будуць знаходзіцца людзі, арганізацыі з жаданнем рабіць свой унёсак, то сітуацыя і з футболам, і з запаўняльнасцю стадыёнаў пачне змяняцца.
Я і кнігу напісаў, каб перадаць свае веды. Мне такога выдання ў свой час не хапала, а хацелася знаходзіць інфармацыю, разумець, як паводзіць сябе ў нейкай сітуацыі. Такая кніга дапамагла б мне зрабіць зусім іншы віток у маім развіцці як асобы, так і футбаліста. А калі разглядаць футбольную галіну глыбей, то там можа быць значна больш вузканакіраваных прадуктаў для спартсменаў. Аднак калі ў нас губляецца хоць адна дэталь, то і агульнай карціны ўжо не будзе.
— У сваёй кнізе вы пішаце пра тое, што калі галоўнае месца ў вашым жыцці заняў футбол, то ўсё астатняе было другарадным. А як вызначалі прыярытэты для сям’і, сяброў, асабістага жыцця?
— На ўсіх знаходзіў час, але калі ўжо з’яўляецца адказнасць там і там, то ты як прафесіянал можаш адчуваць сябе камфортна, маючы за спінай вялікую арганізацыю. І тады, як у мяне было, яна дапамагае табе ва ўсім: адаптавацца, вырашаць праблемы сям’і і г. д. Таму што ім патрэбен футбаліст, у якога няма праблем, які поўнасцю сканцэнтраваны на гульні і можа максімальна сябе аддаць. Ты — іх актыў, пра які яны клапоцяцца, каб выкарыстаць твае магчымасці на поўную. І таму там прафесійны футбаліст можа атрымліваць асалоду ад жыцця і працы.
— У сваёй гісторыі вы таксама згадваеце сваіх сястру, маму. Скажыце, наколькі моцны ўплыў яны аказалі на ваша станаўленне?
— Галоўнае, што мне тады ніхто з родных не перашкаджаў. Вельмі важна даць вашаму дзіцяці магчымасць займацца тым, што яму падабаецца. Дапамажыце знайсці занятак па душы і пасля дайце свабоду ў выбары, для росту. Мая маці, напрыклад, поўнасцю даверылася маёй школе. Заўсёды падтрымлівала, калі нешта не атрымлівалася. А я, у сваю чаргу, таксама імкнуўся быць адказным. Таму я вельмі ўдзячны сваім блізкім людзям, што дапамагалі мне рухацца па жыцці.
— А лёгка было вам адбівацца ад прыхільніц, бо, верагодна, з поспехамі ўзрастала і ўвага да вас з боку дзяўчат? Як знайшлі свайго чалавека?
— Адбівацца было складана (смяецца), але мне хацелася знайсці сваю палавінку. Чалавека, які будзе падтрымліваць, раздзяляць мае погляды на розныя рэчы. Вельмі важна, каб побач была тая жанчына, якая цябе разумее і чуе, умее падбадзёрыць у патрэбны момант. І я заўсёды быў шчаслівы ў адносінах з жанчынамі. І імкнуўся ў адказ таксама дзяліцца шчасцем, заставаўся шчырым, аддаваў сям’і ўсё, што магу. І цяпер раблю тое ж самае.
— Жанчына аказвае ўплыў на поспех мужчыны?
— Жанчына павінна быць для мужчыны апірашчам, пра існаванне якой ён ведае. І калі гэта ёсць, то ты проста можаш ісці і спакойна займацца сваімі справамі, ствараць нешта. У гэтым, лічу, сутнасць узаемаадносін.
— Здараліся ў вашым жыцці моманты выпрабавання зорнай хваробай? І на чым сканцэнтраваны зараз?
— Думаю, часам моманты, калі ты нібы проста адлятаеш у космас, прысутнічаюць у жыцці кожнага чалавека. Усё ладзіцца, і адчуваеш шчасце. Хоць здараюцца і расчараванні. Мне пашчасціла, паколькі я быў там, дзе нельга мяняцца. Таму што побач заўсёды людзі, якія таксама ўсё прайшлі. А значыць, проста вяртаешся кожны раз на зыходную пазіцыю і ідзеш далей. Мне аднойчы адзін трэнер сказаў: «Мясарубка ніколі не выключаецца, таму, што б ні адбылося, трэба працягваць працаваць. І штораз даказваць сваё права быць там, дзе ты знаходзішся». А галоўнае, каб, азіраючыся на зробленае, ты разумеў, што зрабіў усё, што ад цябе залежыць, і табе не сорамна.
І цяпер я працягваю ставіць перад сабой новыя мэты і дасягаць іх. Пачаў гуляць у хакей, працягваю гуляць у шахматы, раблю шмат цікавых рэчаў для футбольных клубаў. Хочацца мяняць індустрыю спорту да найлепшага.
Фота з архіва героя