Такое наканаванне лёсу яна ўспрымае як вялікую адказнасць перад колішняй шматтысячнай арміяй землякоў, якім давялося ваяваць на франтах і ў партызанскіх атрадах. Цяпер толькі на яе худзенькіх плячах ляжыць абавязак трымацца як штык і працягваць расказваць маладзейшым праўду пра горкія і гераічныя часы 1941–1945 гадоў. Каб ведалі. Каб помнілі.
У маленькай постаці 95-гадовай жанчыны адчуваецца цвёрдасць. Памяць у яе ясная, размаўляць з ёй вельмі цікава — адчуваецца, што 43 гады выкладала ў школе гісторыю. Былая партызанка і настаўніца не проста пераказвае гатовыя гістарычныя тэксты — яна была сведкам многіх драматычных падзей на сваёй Радзіме і ўпісвала ў яе летапіс уласныя сціплыя радкі.
Калі пачалася навала
...22 чэрвеня 1941-га, у нядзелю, у Чашніках праходзіў традыцыйны кірмаш. Людзі гандлявалі прадуктамі са сваіх падворкаў, жыўнасцю, самаробнымі таварамі. Як толькі праз гучнагаварыцель аб’явілі, што пачалася вайна, плошча хутка апусцела. Праз некалькі дзён на Чашнікі фашысты скінулі першыя бомбы, кулямётнымі чэргамі з самалёта яны стралялі па мірных жыхарах. Аб тым, як да іх будзе адносіцца «новая ўлада» надалей, красамоўна гаварыла тое, што акупанты адразу ліквідавалі партыйцаў, савецкіх актывістаў і людзей, якіх палічылі «непаўнавартаснымі».
Захопнікі рабавалі насельніцтва, прыцягвалі яго да прымусовых работ. У лютым 1942 года фашысцкія нелюдзі знішчылі яўрэйскае гета, а ўлетку — табар цыган. Але гэтыя акты застрашвання толькі распальвалі іскры народнай нянавісці і барацьбы.
Патрыёты, антыфашысты
— Мой тата, Сцяпан Лявонцьевіч Сябежка, да вайны працаваў інжынерам-землеўладкавальнікам. Як патрэбнага спецыяліста немцы прыцягнулі яго да чарчэння тапаграфічных карт, — расказвае Віталіса Сцяпанаўна. — Дык ён употай вырабляў адну карту для іх, а другую капіраваў для партызан. Сувязь з народнымі мсціўцамі трымаў з тых часоў, як дапамог схавацца ў лесе свайму далёкаму сваяку, ваеннаму ўрачу-хірургу па прозвішчы Мусатаў, які ў 1941-м трапіў у тутэйшых мясцінах у акружэнне.
Разам з суседам па прозвішчы Шыпуля, у якога быў радыёпрыёмнік, і перакладчыкам-прыбалтыйцам Карлам, які служыў у немцаў, а фактычна быў антыфашыстам, Сцяпан Сябежка слухаў зводкі Саўінфармбюро і перадаваў навіны ў атрад.
Маленькая разведчыца
— Тата неаднаразова адпраўляў мяне «прагуляцца» ў бок польскіх могілак, Слабадскога моста, у тыя пункты, дзе засяроджваліся варожыя склады, тэхніка, жывая сіла, умацаванні. Трэба было ўсё падлічыць і расказаць бацьку, — успамінае наша гераіня. — Дарослыя туды б і блізка не падышлі, а дзяўчынку быццам ніхто не заўважаў. Ды і я не здагадвалася, што выконваю партызанскае разведдаручэнне.
І ўсё ж бацьку западозрылі ў сувязі з партызанамі, кінулі ў турму, катавалі. На адным з допытаў той самы перакладчык Карл прапанаваў адпусціць вязня і ўстанавіць за ім сачэнне, маўляў, дзесьці памыліцца і вывядзе на партызан. Сцяпан вярнуўся дадому, і назаўтра ўсе Сябежкі рознымі дарогамі па адным сышлі ў лес. Сустрэліся ў дамоўленым месцы і таемнымі сцежкамі рушылі да сваіх.
Яе паважалі ў атрадзе
— Так мы сталі аднымі з першых жыхароў Чашнікаў, якія ўсёй сям’ёй — тата, мама, яе сястра і трое дзяцей — уліліся ў брыгаду «Дубава». Служылі з 4 чэрвеня 1943-га па 1 ліпеня 1944-га, да самага вызвалення, — сведчыць Віталіса Сцяпанаўна. — Бацька стаў картографам, каштоўным правадніком, цётка Рэня — кулямётчыцай. Маці дапамагала па гаспадарцы, пякла хлеб. А я, старэйшая з дзяцей, была санітаркай брыгаднага шпіталя. Рабіла бінты з парашутаў, даглядала параненых і хворых.
У характарыстыцы, знойдзенай на Віталісу Сябежка на сайце «Партызаны Беларусі», пра яе адгукаюцца як пра баявую, знаходлівую, спагадлівую дзяўчыну, якую паважалі і як родную любілі таварышы. Разам з імі яна, далікатны падлетак, падзяліла ўсе цяжкасці і выпрабаванні.
Аднойчы, калі немцы скідвалі на месца дыслакацыі партызан бутэлькі з запальваючай сумессю, Віталіса атрымала моцныя апёкі рук, яе доўга лячылі. Разам з іншымі выходзіла з блакаднага кальца вакол Паліка, дзе размяшчалася брыгада. Памятае трагічны эпізод таго прарыву, калі рака Бярэзіна стала барвовай ад крыві людзей, на якіх падчас пераправы фашысты скідвалі разрыўныя міны. Цяжка хварэла на сыпны тыф, таму яе, змарнаваную дзяўчынку, у 1944-м урачэбная камісія аднесла да падлеткаў 1931 года нараджэння — па знешнім выглядзе. Фактычна ж яна на два гады старэйшая.
Запавет
Віталіса Сцяпанаўна ніколькі не перабольшвае свае заслугі і неаднаразова падкрэслівае, што сапраўдныя героі — тыя, хто прымаў удзел у баявых дзеяннях. Бядуе, што няма ўжо поплеч тых волатаў, якіх асабіста ведала, якія знішчылі фашысцкіх акупантаў. На мой погляд, яе подзвіг — подзвіг дачкі беларускага народа — не менш значны, таму што яна рабіла дзеля Перамогі ўсё, што магла.
— З самага першага дня вайны і сярод яе самых жахлівых выяў я была пераканана, што Перамога будзе за намі, ні хвілінкі ў гэтым не сумнявалася, — горача запэўнівае мужная жанчына. — І вы верце ў праўду, дзеткі. Будуйце хаты, нараджайце дзяцей, вучыцеся, працуйце, любіце Радзіму і беражыце мір!
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара