Віцебская мытня папоўніла фонды Віцебскага абласнога краязнаўчага музея каштоўнымі экспанатамі, паведамілі БелТА ў ДМК.
У музей перададзены больш за 80 артэфактаў, якія прадстаўляюць культурную і гістарычную каштоўнасць. Іх меў намер незаконна завезці ў Беларусь грамадзянін Украіны, які прыбыў са Швецыі. Пры даглядзе ў пункце пропуску «Грыгароўшчына» яго транспартнага сродку выяўленыя сталовыя прыборы, дэкаратыўныя фарфоравыя статуэткі, паштовыя маркі, медалі, значкі, манеты і іншыя прадметы.
«Тавар канфіскаваны і накіраваны на экспертызу ў мытную лабараторыю. Эксперт устанавіў, што 80 прадметаў з’яўляюцца культурнымі каштоўнасцямі, адзін з асноўных крытэрыяў — яны выраблены больш за 100 гадоў таму», — адзначылі ў ДМК.
Сярод перададзеных краязнаўчаму музею каштоўнасцяў - манеты ЗША, Фінляндыі і Новай Зеландыі (1918-1921 гадоў выпуску), медалі (Швецыя, сярэдзіна ХХ стагоддзя), жэтон (Швецыя, 1915 год), нагрудныя знакі (Швецыя, 1934-1959 гадоў выпуску), сталовыя прыборы і статуэткі фарфоравыя (XX стагоддзе).