29 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва пачала работу выстаўка «Віцебскі феномен. XX / XXI». Праект віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў прадстаўляе панараму мастацкага жыцця горада больш чым за сто гадоў. Пра гэта паведамілі ў арганізацыі.
У экспазіцыі сабраны творы звыш 120 майстроў з калекцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Гледачы могуць убачыць работы, якія ахопліваюць розныя эпохі і напрамкі — ад акадэмічных вытокаў мастацтва рубяжа XIX–XX стагоддзяў да сучасных аўтараў XXI стагоддзя.
Як адзначылі арганізатары, у адзінай прасторы паказаны рэвалюцыйныя эксперыменты і авангард, пасляваенны рэалізм і мастацкія дасягненні савецкай эпохі, нонканфармізм легендарнага «Квадрата», феномен віцебскай акварэлі. «Віцебск стаў калыскай авангарда і ўнікальнай мастацкай лабараторыяй, якая паўплывала на развіццё мастацтва XX стагоддзя», — падкрэслілі ў арганізацыі.
Пры гэтым, па словах арганізатараў, феномен горада не абмяжоўваецца рэвалюцыйнымі эксперыментамі мінулага стагоддзя. У Віцебску сфарміравалася бесперапынная пераемнасць пластычных ідэй, асаблівае творчае асяроддзе і культура дыялогу традыцый і наватарства. Менавіта гэту стагадовую лінію і прасочвае выстаўка.
Экспазіцыя размясцілася ў зале жывапісу галерэі Палаца мастацтваў. Выстаўка будзе працаваць да 9 снежня. Галерэя адчынена з 11.00 да 20.00, выхадны — панядзелак.
Ягор ЧУРЫК