Top.Mail.Ru

«Віцебскі велафэст»: Не толькі веласіпеды

Як ініцыятыва прадпрыемства вырасла ў адкрыты абласны спартыўны фестываль.



Сёлета ён праходзіў пяты раз і быў прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Свае спартыўныя поспехі яго ўдзельнікі — амаль 450 чалавек з усёй краіны, а таксама з Расіі — прысвяцілі гэтай падзеі. 

IMG_6368.jpg

Да ўдзелу ў асноўных спаборніцтвах, па велакросах па перасечанай мясцовасці на розныя дыстанцыі ў розных узроставых групах, зарэгістраваліся больш за 240 чалавек. Хаця самым масавым быў старт на дыстанцыю 50 кіламетраў, увагу найперш прыцягвалі адважныя байцы — удзельнікі веламарафону на 104 кіламетры. Старт яму роўна ў 11.00 даў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Апошні з 24 веламарафонцаў фінішаваў у 19.05. 

— «Віцебскі велафэст» — гэта топ, — адзначыў пераможца на самай доўгай дыстанцыі, лідар мінскай каманды Rovar Cycling Club Максім Фядзечка. — Рэкамендаваў бы кожнаму далучацца да актыўнага ладу жыцця. Сам зараз рыхтуюся да чэмпіянату міру UCI Gran Fondo 2025, які пройдзе ў Аўстраліі. Cпадзяюся годна прадставіць Беларусь.

IMG_6371.jpg

На прыазёрны двор «У Ганны», што ў вёсцы Доўжа Віцебскага раёна, сабраліся прадстаўнікі з усіх куткоў краіны, а таксама рэгіёнаў Расіі. Многія ўпершыню, сямейнымі экіпажамі: муж і жонка, бацькі і дзеці. Адзначалі выдатныя эмоцыі, добразычлівасць арганізатараў і валанцёраў, годную арганізацыю мерапрыемства. Хаця на невялікім пятачку адначасова сабралася зашмат народу, на дагледжанай тэрыторыі не было тлуму. 

— Сёння паўсотні спартоўцаў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» бяруць удзел у першынстве самога прадпрыемства, — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара Раіса Яршова. — Мы за тое, каб нашы работнікі выпрацоўвалі карысныя звычкі, былі фізічна прыгожыя і здаровыя. Да таго ж, птушкафабрыка з’яўляецца асноўным спонсарам мерапрыемства і вырашае арганізацыйныя пытанні. Адным словам, задаём тон не толькі ў вытворчых дасягненнях, але і ў цікавым правядзенні вольнага часу, умацаванні карпаратыўнага духу. Далучайцеся!

IMG_6394.jpg

За два дні фестывалю адбылося першынства Віцебскай вобласці па бегавым кросе, непасрэдна крос, у тым ліку са штучнымі перашкодамі і дзіцячы, а таксама крос-трыатлон (плаванне, веласіпед, бег). Шматлікія турніры, майстар-класы і забавы прапанавалі балельшчыкам і гасцям свята спорту. 

Адным з герояў спаборніцтваў стаў 78-гадовы палачанін Міхаіл Кажан, які выступаў ва ўзроставай катэгорыі «аксакалы» і выйграў бегавы крос па перасечанай мясцовасці на адлегласці 20 кіламетраў. 

— Не саромейцеся бегчы, ехаць на веласіпедзе ці проста ісці за сваім здароўем, даўгалеццем і добрым настроем, — даў ён параду ўсім, хто яшчэ разважае, як лепей адпачываць. — Рухайцеся!

Святлана ЯКАЎЛЕВА 

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю