У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча з членамі Савета пажылых грамадзян пры Віцебскім абласным выканаўчым камітэце. У Мінск прыбылі 52 актывісты залатога ўзросту-працаўнікі розных галін і ветэраны працы з усіх раёнаў вобласці, паведамляе БелТА.
Галоўнай часткай мерапрыемства стаў адкрыты змястоўны дыялог са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. У цэнтры ўвагі-пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, удасканалення заканадаўства, эфектыўнай занятасці, паступальнага развіцця беларускіх рэгіёнаў, а таксама практычная рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030».
Удзельнікі сустрэчы праявілі высокую энергію і актыўную жыццёвую пазіцыю: яны падзяліліся канкрэтнымі вынікамі працы на месцах і прэзентавалі ўнікальныя сацыяльныя практыкі. У цэнтры ўвагі актывістаў — усебаковае садзейнічанне старэйшаму пакаленню, развіццё «срэбнага» валанцёрства і ўмацаванне традыцыйных каштоўнасцяў.
Прадстаўнікі Віцебскай вобласці перадалі спікеру Савета Рэспублікі спецыяльны зборнік і матэрыялы праекта «сацыяльнае партнёрства ў інтарэсах пажылых грамадзян Віцебскай вобласці». У гэтай ініцыятыве аб’ядноўваюцца намаганні ветэранскіх арганізацый, Чырвонага Крыжа, Беларускага саюза жанчын, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і сферы турызму, што дазваляе арганізоўваць для пажылых людзей насычаны вольны час, культурна-адукацыйныя паездкі і творчыя конкурсы.
На сустрэчы былі ўзняты важныя практычныя ініцыятывы і вострыя тэмы. Сярод іх — развіццё сацыяльнага заказу і патранажу. Гаварылі аб паспяховым вопыце работы службы сацыяльнага заказу па догляду за пажылымі грамадзянамі, які ахоплівае ўсе раёны вобласці, а таксама пашырэнні інстытута сядзелак і дапамогі адзінокім людзям.
Ва ўвазе ўдзельнікаў была дзейнасць грамадскага аб’яднання «Залаты ўзрост»: досвед працы адзінай у краіне зарэгістраванай арганізацыі пажылых людзей і пытанні ўзаемадзеяння грамадскіх аб’яднанняў з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацабслугоўвання насельніцтва. Прадстаўнікі аб’яднання падкрэслілі значнасць такой працы.
Акрамя таго, актывісты выказалі занепакоенасць згубным уплывам шкодных звычак на падлеткаў, падкрэсліўшы неабходнасць узмацнення сістэмнай прафілактыкі, адраджэння культуры чытання і прасоўвання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Спікер Савета Рэспублікі цёпла падзякавала гасцям за шчырую ўцягнутасць, адзначыўшы, што менавіта з такіх неабыякавых ініцыятыў і чулага стаўлення да людзей складваецца эфектыўная сацыяльная палітыка дзяржавы.