Усе ВНУ і каледжы краіны разам з заказчыкамі кадраў зноў правядуць адзіны дзень адкрытых дзвярэй у дні вясновых канікул — 21 сакавіка. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.
Прафарыентацыйная работа вядзецца актыўна па ўсёй краіне. Так, з 12 па 15 лютага прайшла штогадовая выстава «Адукацыя і кар'ера». Яе ўдзельнікамі сталі звыш 180 устаноў адукацыі і прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў. А наведалі выставу за чатыры дні больш за 22 тыс. чалавек, што на 5 тыс. больш, чым у 2025-м.
«Лічбы кажуць, што цікавасць да такіх мерапрыемстваў узрастае з кожным годам. У гэты раз былі прадстаўлены ўсе айчынныя ўніверсітэты і больш за 70 каледжаў, значная колькасць арганізацый — заказчыкаў кадраў. Па сутнасці, дадзеная выстава — пачатак уступнай кампаніі — 2026 і старт ужо традыцыйнай рэспубліканскай акцыі «Я выбіраю сваю прафесію». 21 сакавіка ўсе ВНУ і каледжы разам з заказчыкамі кадраў правядуць адзіны дзень адкрытых дзвярэй», — праінфармаваў Сяргей Пішчоў.
Паводле яго слоў, маштабнае мерапрыемства сумясціць у сабе дзень адкрытых дзвярэй, кірмаш мэтавай падрыхтоўкі і кірмаш вакансій. Можна будзе дэталёва азнаёміцца з напрамкамі навучання ў айчынных установах адукацыі, што дапаможа вызначыцца са спецыяльнасцю або прафесіяй, а таксама атрымаць інфармацыю аб будучых работадаўцах.
«Гэта дазволіць выбраць спецыяльнасць з улікам наступнага працаўладкавання. Пасля атрымання якаснай прафесійнай адукацыі не менш важнай задачай становіцца замацаванне маладых людзей на першых працоўных месцах, а таксама магчымасць іх далейшага прафесійнага росту», — растлумачыў Сяргей Пішчоў.