У школьнікаў у разгары вясновыя канікулы, здавалася б, самы час добра адпачыць і набрацца сіл перад апошняй чвэрцю. Для выпускнікоў — сапраўды апошняй. Аднак ці расслабішся спаўна, калі наперадзе столькі экзаменацыйна-тэставых іспытаў?! Ды і з канчатковым выбарам будучай прафесіі многія яшчэ вагаюцца. Таму ВНУ і каледжы краіны разам з заказчыкамі кадраў своечасова прыйшлі на дапамогу старшакласнікам і перад самым стартам школьнага адпачынку правялі прафарыентацыйны «суботнік» — адзіны дзень адчыненых дзвярэй. За некаторыя з іх зазірнулі і карэспандэнты «Звязды».
Паўсюль — аншлаг
У кожнай установе адукацыі была распрацавана свая праграма, дзякуючы мерапрыемствам якой абітурыенты атрымаюць магчымасць загадзя азнаёміцца з будучай прафесіяй, паразмаўляць з выкладчыкамі і студэнтамі, а таксама задаць пытанні прадстаўнікам прыёмных камісій.
У адну з самых папулярных ВНУ Магілёва — Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — прыйшло шмат моладзі, у тым ліку з бацькамі і малодшымі сёстрамі-братамі. Яны шчыльна абступілі сталы, дзе факультэты прэзентавалі свае магчымасці.
Спакусаў шмат — можна і разгубіцца з непрывычкі.
Адзін з найбольш запатрабаваных факультэтаў — машынабудаўнічы. Нічога дзіўнага, сцвярджае дэкан Уладзімір ШАМЯНКОЎ:
— Цяпер уся эканоміка Беларусі будуецца на металаапрацоўцы. Дзень адчыненых дзвярэй — добры выпадак для будучых абітурыентаў як мага больш даведацца пра спецыяльнасці, што прапануем. Мы тлумачым, чым яны адрозніваюцца, каб сарыентаваць маладых людзей, каб ім было прыемна ў нас вучыцца.

— У гэтым навучальным годзе гэта ўжо другі дзень адчыненых дзвярэй, які мы праводзім, — удакладняе першы прарэктар БРУ Дзмітрый СВІРЭПА. — Асобна ён праходзіў для інжынерных класаў. Ну а цяпер мы запрасілі ўсіх абітурыентаў, якіх цікавяць машынабудаўнічы, аўтамеханічны, электратэхнічны, будаўнічы кірункі.
Свае столікі з азнаямленчымі лістоўкамі выставілі і патэнцыяльныя заказчыкі будучых маладых спецыялістаў. Надзея КАЗЛОЎСКАЯ прадстаўляла ААТ «Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудавання»:
— Мы вельмі зацікаўлены ў спецыялістах, якіх рыхтуе гэты ўніверсітэт. Будаваць гарады і жыллё — гэта ганарова і перспектыўна. Моладзі цікава, бо яна сваімі рукамі нараджае будучыню.
ААТ «Магілёўліфтмаш» наогул прапаноўваў моладзі заключаць дагаворы і вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
— Агульная колькасць месцаў — 12, — дзеліцца інфармацыяй інжынер па падрыхтоўцы кадраў Таццяна СЦЯПАНАВА. — Каб аформіць дагавор, трэба, каб маладыя людзі прыехалі на прадпрыемства непасрэдна з бацькамі, а таксама прывезлі характарыстыку і звесткі пра сярэдні бал.
Моладзь заахвочвалі і самі студэнты. Напрыклад, прадстаўнікі факультэта «Замежнае рэгіёназнаўства» заклікалі паўдзельнічаць у віктарыне, адказаць на розныя пытанні, а за правільны адказ частавалі пранікамі і абаранкамі.
— Прафесія наша шырокая, можна працаваць у розных сферах, таму што вывучаем шмат гуманітарных дысцыплін — мовы, культуру, паліталогію і гэтак далей, — расказваюць другакурснікі Арцём і Ксенія. — Спецыяльнасць адносна новая — было толькі два выпускі.
Дарэчы, пры гэтым універсітэце існуе ваенная кафедра, таму адначасова з грамадзянскай спецыяльнасцю юнакі атрымоўваюць і ваенную.
Умовы паляпшаюцца
У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце — прыемная навіна: у параўнанні з мінулым годам план прыёму ў яго павялічаны на 105 чалавек! Ён складзе 845 чалавек супраць 740 летась, з іх на бюджэтнай аснове будзе прынята 820 чалавек. Мэтавая падрыхтоўка прадугледжвае прыём 489 чалавек.
Сёлета ні ў адным медыцынскім універсітэце краіны на спецыяльнасці «Лячэбная справа», «Медыка-прафілактычная справа», «Стаматалогія» і «Педыятрыя» не будзе ажыццяўляцца прыём абітурыентаў на платнай аснове. Такая форма навучання для студэнтаў-медыкаў захоўваецца толькі на спецыяльнасці «Фармацыя», у ВДМУ пад яе прадугледжана 25 месцаў.
- Так, у Віцебскую медыцынскую ўстанову на «Лячэбную справу» плануецца залічыць 500 прэтэндэнтаў, на «Стаматалогію» — 170, на «Педыятрыю» — 50, на «Фармацыю» — 125. Такія факты агучыў на адзіным дні адчыненых дзвярэй рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў універсітэта Аляксей ЧУКАНАЎ. Ён выказаў упэўненасць у паляпшэнні ўмоў для будучых студэнтаў, звязаўшы іх з павелічэннем кантрольных лічбаў прыёму, змяншэннем колькасці платных месцаў і тым, што месцы ва аўдыторыях установы адукацыі зоймуць найлепш падрыхтаваныя, мэтанакіраваныя хлопцы і дзяўчаты.
Цікаўнасць да навучання менавіта ў ВДМУ пацвярджалася колькасцю моладзі, якая прыбыла на сустрэчу: у вялікай актавай зале не было свабодных месцаў, многія стаялі каля сцен і ў праходах. Падчас дня адчыненых дзвярэй маладыя людзі мелі магчымасць атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія іх хвалююць напярэдадні ўступнай кампаніі 2026 года.
Адбылося ўзнагароджванне пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд па біялогіі і хіміі. Уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў, а гэта 54 чалавекі, маюць права на залічэнне ў ВДМУ без уступных экзаменаў. Адзінаццацікласнік гімназіі № 2 Віцебска Мікалай Грыгор’еў — адзін з чатырох разумнікаў, якія сталі дыпламантамі па абодвух прадметах. Разам з ім «пуцёўкі» на навучанне ў ВДМУ атрымалі яшчэ дзве яго аднакласніцы.
— Ужо чацвёрты год мы вучымся ў класе медыцынскай накіраванасці, дзе хімію і біялогію выкладаюць на паглыбленым узроўні. Рэпетытары мне не былі патрэбныя, — тлумачыць Мікалай. — Да таго ж да нас нярэдка прыходзяць спецыялісты з розных устаноў аховы здароўя: расказваюць пра асаблівасці работы медыкаў, дэманструюць прыёмы аказання першай медыцынскай дапамогі — каб мы мелі ўяўленне, чым будзем займацца, калі станем прафесіяналамі.
Тут не засумуеш
Больш як 400 старшакласнікаў з розных куткоў краіны прыехалі ў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога, які лічыцца лідарам тэхнічнай адукацыі беларускага Палесся. Будучых абітурыентаў і іх бацькоў чакалі ў аўдыторыях дэканы і выкладчыкі факультэтаў, а таксама студэнты, якія дзяліліся ўласным вопытам. Былі арганізаваны майстар-класы і экскурсіі па лабараторыях.
Дзесяцікласніца Аляксандра з Гомеля прыехала разам з мамай Аленай.
— Ну што рабіць — матэматычны склад розуму! — адказвае школьніца на пытанне, чаму яна зацікавілася менавіта гэтай ВНУ.
— Вырашыла, што ад мяне — падказка, а далей — ужо яе дзеянні, — дадае мама Алена. — Вельмі добра, што праводзяцца такія дні адчыненых дзвярэй! Аднак мы крыху разгубіліся, што ўсе ВНУ — адначасова, хацелі б трапіць яшчэ ў адзін універсітэт, але адразу цяжка за раз ахапіць усё — шмат уражанняў, эмоцый.
Вялікая колькасць старшакласнікаў і іх бацькоў сабралася ў аўдыторыі, дзе праходзіла прэзентацыя факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм. Менавіта тут рыхтуюць будучых айцішнікаў. Дарэчы, самы высокі ў ВНУ прахадны бал — 349 — быў летась на гэтым факультэце па спецыяльнасці «Праектаванне і распрацоўка інтэрактыўных і гульнявых дадаткаў».
— Гэта і праграмаванне, і праектаванне гульнявых дадаткаў, і класічнае праграмаванне, — заматывавана пералічае магчымасці навучання на гэтым факультэце вучань 11 класа Рэчыцкай гімназіі Аляксей.

Прафарыентацыя — пастаянная сістэмная праца, лічыць прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога Рыгор ПЯТРЫШЫН:
— Усё робіцца, каб школьнікі зразумелі, цікавыя ім нашы кірункі навучання ці не, убачылі, што інжынерная прафесія — гэта не сумна, а вельмі займальна. Сучасны інжынер — гэта сёння не толькі пра работу на буйным прамысловым прадпрыемстве. Пры наяўнасці ведаў і сучаснага тэхналагічнага абсталявання сучасны інжынер здольны арганізаваць вытворчасць літаральна з любой стартавай пляцоўкі і самымі малымі сіламі.
Набор ва ўніверсітэт традыцыйна ідзе па пяці асноўных кірунках: энергетыка, машынабудаванне, аўтаматызаваныя і інфармацыйныя сістэмы, гуманітарна-эканамічны і механіка-тэхналагічны.
— Машынабудаўнічыя спецыяльнасці, дырэчы, у нас — з акцэнтам на новую адукацыйную праграму, — удакладняе прарэктар. — Усе спецыяльнасці, звязаныя з апрацоўкай матэрыялаў, цяпер абавязкова маюць унутры курсы па праграмаванні і робататэхнікі.
Не менш сучасны падыход рэалізуюць і на механіка-тэхналагічным факультэце ВНУ, дзе цяпер навучаюцца ў тым ліку 3D-мадэляванню, 3D-пячаці, адытыўным тэхналогіям (метад стварэння трохмерных аб’ектаў), прычым як у прамысловасці (друк пластыкам, металамі), так і сучасных ліцейных кірунках.
— Гэта вось тое, што называецца на вастрыі новых тэхналогій. Гэта тыя тэхналогіі, якія цяпер прымяняюцца ва ўсім свеце і дазваляюць атрымліваць нарыхтоўкі, максімальна набліжаныя да гатовых вырабаў, якія не трэба апрацоўваць. Гэта значыць, што нашы класічныя факультэты, захаваўшы свой кірунак забеспячэння патрэбнасці ў інжынерных кадрах нашай апрацоўчай прамысловасці, пераходзяць на новы тэхналагічны ўзровень, і мы набліжаемся да падрыхтоўкі інжынераў па тэхналогіі індустрыі 4.0. Гэта ўжо інжынеры, які валодаюць не толькі апрацоўкай, але і сістэмамі аўтаматызацыі вытворчасці, аўтаматызацыі праектавання, — падкрэслівае Рыгор Пятрышын.
Усе на кірмаш!
Гасцінна адчыніў свае дзверы і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У гэты дзень кожны мог задаць пытанні, атрымаць каштоўныя парады і акунуцца ў атмасферу студэнцкага жыцця. Тут прайшоў «Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі», які сабраў прадстаўнікоў усіх факультэтаў. Абітурыенты і іх бацькі атрымалі ўнікальную магчымасць даведацца аб правілах паступлення, асаблівасцях здачы цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама аб працэсе падліку балаў і падачы дакументаў. Прадстаўнікі прыёмнай камісіі і Цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі падрабязна растлумачылі ўсе нюансы, каб кожны мог зрабіць свядомы выбар.
— Разам з больш чым 20 арганізацыямі — заказчыкамі кадраў мы падрыхтавалі насычаную праграму, каб з першых вуснаў расказаць пра тое, як добра вучыцца ў нашым універсітэце. У нас 13 факультэтаў, і кожны можа прапанаваць нешта ўнікальнае, — кажа начальнік Цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена ЛАПКОЎСКАЯ.
Асаблівая ўвага была ўдзелена мэтаваму навучанню — праграме, якая гарантуе маладым спецыялістам першае працоўнае месца, камфортныя ўмовы працы і ўсебаковую падтрымку. Прадстаўнікі факультэтаў расказалі пра перавагі мэтавага навучання, адказалі на шматлікія пытанні і развеялі ўсе сумненні.
Мацвей Карабач прыехаў з Ваўкавыска, на дзень адчыненых дзвярэй у Купалаўскі ўніверсітэт адправіўся па парадзе бацькоў, якія таксама тут вучыліся:
— Я планую стаць праграмістам. Гэты ўніверсітэт здаецца мне выдатнай магчымасцю для працягу адукацыі. Канчатковае рашэнне я яшчэ не прыняў, але мае бацькі з цяплом успамінаюць універсітэт.
Аляксандра Макавік пакуль яшчэ не выпускніца, яна вучыцца ў 10 класе, але дзяўчына ўжо цяпер хоча вызначыцца са сваім выбарам:
— Я прыехала з Воранава. Мару паступіць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на філалагічны факультэт, але хвалююся з-за экзаменаў, асабліва па гісторыі. Аднак я веру ў свае сілы!
Дзень быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі: майстар-класамі, гульнямі, віктарынамі і прэзентацыямі. Кожны факультэт падрыхтаваў сваю праграму, каб будучыя студэнты маглі не толькі даведацца больш пра прапанаваныя спецыяльнасці, але і адчуць сябе часткай універсітэцкай сям’і.
Тэрыторыя магчымасцяў
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў — прастора развіцця для тых, хто выбірае прафесію, звязаную з мовай, камунікацыяй і міжнародным супрацоўніцтвам. У 2026 годзе ён плануе прыняць больш за тысячу новых студэнтаў.
Паводле слоў рэктара БДУЗМ Наталлі ЛАПЦЕВАЙ, сучасны ўніверсітэт — гэта не толькі месца атрымання ведаў, але і асяроддзе, дзе фарміруецца будучы спецыяліст. Універсітэт замежных моў рыхтуе настаўнікаў замежных моў, перакладчыкаў, спецыялістаў у сферы міжкультурнай камунікацыі, а таксама тых, хто валодае сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі і выкарыстоўвае іх у лінгвістычнай дзейнасці.

— Наш універсітэт пастаянна развіваецца: мы шукаем новыя спецыяльнасці, адкрываем новыя профілі падрыхтоўкі, уводзім новыя мовы. Гэта дазваляе пашыраць магчымасці для студэнтаў і дапамагае ім рэалізаваць формулу поспеху, — адзначае Наталля Лапцева.
Перш за ўсё ў адукацыйным працэсе —- практыка-арыентаваная праграма, якая дапамагае студэнтам не толькі атрымліваць тэарэтычныя веды, але і прымяняць іх на практыцы. Важнай часткай студэнцкага жыцця становіцца ўдзел у алімпіядах, творчых і спартыўных конкурсах, а таксама ў розных спаборніцтвах — ад факультэцкага да міжнароднага ўзроўню.
- Вялікая ўвага ўдзяляецца навуковай дзейнасці. Універсітэт прапануе студэнтам магчымасць займацца даследаваннямі ў розных галінах — ад камп’ютарнай лінгвістыкі да міжкультурнай камунікацыі. Навуковыя форумы, канферэнцыі і праца ў лабараторыях дапамагаюць маладым людзям развіваць даследчыя навыкі, неабходныя спецыялістам XXІ стагоддзя. Універсітэт падтрымлівае творчыя, спартыўныя, валанцёрскія і маладзёжныя ініцыятывы, што робіць студэнцкае жыццё насычаным і разнастайным.
У 2026 годзе ўніверсітэт плануе набраць больш за тысячу абітурыентаў. Сярод спецыяльнасцяў дзённай формы атрымання адукацыі — «Сучасныя замежныя мовы», «Перакладчыцкая справа», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі» і «Лічбавая лінгвістыка». Для выпускнікоў каледжаў прапануюцца спецыяльнасці «Лінгвістычная адукацыя» і «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі».
— Мы адказваем на выклік часу. Сёння важна, каб нашы будучыя перакладчыкі не толькі прафесійна выконвалі сваю місію — перакладалі з адной мовы на другую, але і маглі дапамагаць дыпламатычным прадстаўніцтвам у вырашэнні важных задач, — падкрэслівае рэктар.
Універсітэт таксама актыўна развівае экспарт адукацыйных паслуг. Сёння тут навучаецца каля 500 замежных студэнтаў з 46 краін. Найбольшая колькасць прыехала з Кітая, Індыі, Турцыі. У перспектыве плануецца пашырэнне геаграфіі студэнтаў за кошт новых рэгіёнаў (у першую чаргу краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі).
Паводле нашых карэспандэнтаў