Top.Mail.Ru
101

Вобраз беларускай жанчыны стаў галоўнай тэмай выставы «Фарбы вясны» ў Брэсце

У выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра 16 красавіка адкрылася выстава «Фарбы вясны», перадае БелТА.



Экспазіцыя прысвечана Году беларускай жанчыны. Асноўныя матывы работ мастакоў Брэсцкай вобласці — жаночы вобраз, подых вясны, абуджэнне прыроды. Выстава ўключае творы 21 мастака, членаў Брэсцкага аддзялення ГА «Беларускі саюз мастакоў», а таксама 22 тэматычныя творы з фондаў ГА «Беларускі саюз мастакоў», якія спецыяльна дастаўлены з Мінска. Усяго прадстаўлена 59 жывапісных і графічных работ, 3 скульптуры, 2 барэльефы і 1 габелен.



Вобраз жанчыны — вечная тэма ў творах паэтаў і мастакоў. Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы расказваюць аб іх пачуццях, праблемах, нягодах, радасцях і дасягненнях. Колер, фарба, лінія, аб’ём, пластыка — гэта інструменты, пры дапамозе якіх аўтары ствараюць вобраз жанчыны. Яна моцная, уразлівая, летуценная, практычная, строгая, пяшчотная і любімая.

«Выстава — унікальная магчымасць на свае вочы ўбачыць творчасць савецкіх мастакоў і, можа, параўнаць іх работы з сучасным мастацтвам», — расказала загадчыца сектара па выставачнай дзейнасці Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Кацярына Шаўчэнка.


У экспазіцыі адчуваецца візуальны дыялог эпох за кошт прысутнасці работ класікаў беларускага мастацтва савецкага перыяду і прадстаўнікоў сучаснасці.

«Наша выставачная зала карыстаецца попытам. Мы даём магчымасць прадставіць свае работы як знакамітым мастакам, так і самадзейным. У гэтым годзе ў нас таксама будзе выстаўляцца аб’яднанне „Скарб“. Гэта саюз майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, наша Брэсцкае аддзяленне. Планаў шмат. Наступная падзея — фотавыстава аб В’етнаме», — дадала Кацярына Шаўчэнка.


Наведаць выставу можна да 3 мая.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю