Top.Mail.Ru

Вобраз жанчыны ў беларускай міфалогіі. Выставу творчых работ прадставяць у галерэі «Універсітэт культуры»

Урачыстае адкрыццё выставы работ студэнтаў і выкладчыкаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў «Код Радзімы» адбудзецца 19 лістапада ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.


Увазе наведвальнікаў прадставяць аб’ёмна-прасторавыя, жывапісныя, графічныя аўтарскія творы, прымеркаваныя да Года беларускай жанчыны. Праект аб’яднае эксперыментальныя і адукацыйныя работы студэнтаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКМ, а таксама творчыя палотны іх настаўнікаў.

«Код Радзімы» — гэта праект, дзе жаночы пачатак пераасэнсоўваецца праз мастацкія вобразы і становіцца своеасаблівым кодам, напоўненым глыбокім сэнсам. Са старажытных часоў у беларускай міфалогіі жанчына паўстае як увасабленне самой прыроды: Прамаці, Маці-Зямля, Берагіня. Гэтыя архетыпы падкрэсліваюць вялізную ролю жанчын у захаванні сусветнай гармоніі і прадаўжэнні чалавечага роду. Жанчына — крыніца жыцця, захавальніца традыцый, сімвал адраджэння", — адзначылі ў прэс-службе БДУКМ.


Арганізатары падкрэслілі, што творчыя імкненні аўтараў накіраваны на пошук асноў мастацкага ўвасаблення жаноцкасці ў міфалагічных і гістарычных аспектах, а таксама пры дапамозе метафар, калі традыцыйныя сімвалы (кветкі, птушкі, жывёлы) і арнаментальныя матывы пераплятаюцца з жаночым пачаткам, ствараючы ўнікальны код. Выставачную прастору таксама напоўняць пластычныя эцюды міфалагічных істот і фігуры знакавых гістарычных асоб. Значная частка работ будзе прысвечана вобразу беларускай сялянкі як крыніцы жыцця і адраджэння.
Куратарамі праекта выступілі члены Беларускага саюза мастакоў і выкладчыкі кафедры дэкаратыўна-пракладнога мастацтва БДУКМ. Яны ўпэўнены, што экспазіцыя дапаможа асэнсаваць глыбінную сувязь паміж вобразам жанчыны ў беларускай міфалогіі і гісторыі з сакральнымі сэнсамі, закладзенымі ў назву выставы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю