Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу мы зазірнулі ў кандытарскі цэх сталічнага хлебазавода № 3, каб паглядзець, як нараджаюцца тысячы хлебабулачных вырабаў, якія потым раз’язджаюцца па сталіцы — і не толькі. Пазнаёміліся і з самімі кандытарамі, дзякуючы чыім умелым рукам нараджаюцца духмяная прыгажосць і смаката.
«Цеста ўсё адчувае»
Кандытар Аліна Івашчанка працуе ў цэху нядаўна — падчас навучання ў каледжы хлебапячэння прыйшла сюды на практыку паўгода таму — і засталася. Дзяўчына не шкадуе пра выбар: «Усё цудоўна, графік — два праз два, працуем з васьмі да васьмі. Спачатку, зразумела, было цяжка прывыкнуць, але з часам усё стала на свае месцы».
«Я замешваю цеста па рэцэптуры, дзялю яго на кавалкі вызначанай масы, астуджваю, раскатваю на нарыхтоўкі, — пералічвае Аліна свае абавязкі. — Пасля гэтага раскладваем начынку, робім сетку, закрываем, змазваем яйкам, адпраўляем у расстойку, каб форма крыху паднялася. Потым выпякаем, пірагі астудзяцца і — у каробкі».

Побач з Алінай — вопытная калега, Ірына Яновіч — пекар-майстар 5-га разраду. Яна з гонарам расказвае пра асартымент пірагоў, якія выпякае іх цэх, — ад «лёгкіх» ягадных да сытных з мяснымі і сырнымі начынкамі. Жанчына ў цэху 25 гадоў. Яна паказвае, як з цеста нараджаецца той самы пірог. «Зараз будзем рабіць пірагі са шпінатам і брокалі», — кажа Ірына Барысаўна, беручы ў рукі звычайную пластыкавую качалку.
Як удаецца захаваць хатні смак у прамысловых маштабах? Адказ нечакана просты: «Патрэбны настрой, таму што цеста ўсё адчувае». Пекар-майстар любіць працаваць менавіта з дражджавым цестам. На пытанне, ці выкарыстоўваюцца традыцыйныя беларускія рэцэпты, адказвае дыпламатычна: «Стараемся не адставаць ад часу, выпякаем па-сучаснаму. Але таксама ёсць свае традыцыйныя сакрэты».

Ірына Барысаўна прыйшла на завод невыпадкова. Яе мама, Раіса Аляксандраўна Леская, адпрацавала тут 35 гадоў кандытарам. На пытанне, ці не пабаялася жанчына цяжкай работы, адказвае коратка: «Не, бо любоў да прафесіі была прывіта яшчэ з дзяцінства».
Смак і якасць — паняцці тоесныя
За якасцю сочаць не толькі самі кандытары. Начальнік лабараторыі Аксана Журыкава тлумачыць: «Мы адказваем за ўсю прадукцыю, якую выпускае хлебазавод. Лабараторыя — адзін з галоўных яго аддзелаў. Мы робім фізіка-хімічныя аналізы, мікрабіялагічныя, каб прадукцыя, якая паступае да спажыўца, была бяспечная і якасная.
Акрамя кантролю, лабараторыя займаецца і распрацоўкай новых відаў прадукцыі». Аксана Сяргееўна прызнаецца, што набывае прадукцыю свайго завода прынцыпова. «Уся мая сям’я любіць — і пірагі, і торцікі».


Інжынер-тэхнолаг Ангеліна Шыткоўская працуе на заводзе паўтара года. Яна малады спецыяліст, але ўжо добра разумее, як нараджаецца новы прадукт. «Галоўнае ў маёй працы — гэта кантраляваць працэс, распрацоўваць навінкі», — кажа Ангеліна. Дзяўчына расказвае, што прадукцыя завода ідзе не толькі на сталічныя прылаўкі, але яшчэ ў Расію, Азербайджан, Казахстан, Грузію: «Падабаюцца нашым сябрам з іншых краін пернікі, бісквітнае печыва, лёгка-сметанковыя пірожныя, тарты, хлеб».


У гэтыя перадсвяточныя дні завіталі і да новага кіраўніка хлебазавода — дырэктара Сяргея Васіленка, які на пасадзе ўсяго месяц, але ўжо паспеў ацаніць патэнцыял завода. «Будзем далей рабіць упор на кандытарскія вырабы, таму што яны тут сапраўды годныя», — лічыць Сяргей Мікалаевіч і запэўнівае, што, уносячы сучаснасць у вытворчасць, традыцыі на прадпрыемстве захаваюць. Галоўнае, што ён паспеў заўважыць, калі прыйшоў на пасаду дырэктара, — гэта людзі. «Яны вельмі цярплівыя, шчырыя душой. Узяліся за адну справу, і ўсе сябе аддаюць ёй».

Сяргей Мікалаевіч разважае пра сутнасць справы, якой займаецца: «Хлеб усяму галава. І ўсё, што звязана з яго вырошчваннем і вырабам, — самыя галоўныя прафесіі ў маім разуменні»...

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ