Top.Mail.Ru

Водазабеспячэнне ў Асіповічах было адноўлена ў самыя кароткія тэрміны

19 лютага нядобрасумленныя інфармацыйныя рэсурсы літаральна захлыналіся чарговай высмактанай з пальца «сенсацыяй»: «Асіповічы засталіся без вады», «у горадзе гуманітарная катастрофа», «улада бяздзейнічае»... Але, ведаючы іх «аб’ектыўнасць», верыць гэтаму не даводзіцца. І насамрэч усё было зусім па-іншаму.


Дастаткова толькі прасачыць храналогію падзей і чарговы раз пераканацца: трэба карыстацца толькі праверанымі і аб’ектыўнымі крыніцамі інфармацыі. Што мы вам і прапануем зрабіць.

Сапраўды, аварыя мела месца быць. Як паведамілі БелТА ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС, прарыў трубаправода халоднага водазабеспячэння (азбестацэментнай трубы дыяметрам 500 мм) адбыўся ў ноч на 19 лютага. Паведамленне аб аварыі паступіла ў 1.50 ад дыспетчара Асіповіцкага аддзялення філіяла «Бабруйскводаканал». І практычна адразу пачаліся работы па ліквідацыі прарыву і наступстваў аварыі.

Для правядзення рамонтных работ аварыйная брыгада Асіповіцкага аддзялення філіяла «Бабруйскводаканал» спыніла падачу вады на водазаборах «Паўднёвы» і «Паўночны», якія абслугоўваюць 16 тысяч спажыўцоў і 78 аб’ектаў эканомікі горада. Цеплазабеспячэнне парушана не было. Пра адсутнасць водазабеспячэння насельніцтва было аператыўна праінфармавана праз СМС-рассылку, арганізаваны падвоз вады. Цыстэрны для забеспячэння жыхароў Асіповічаў пітной вадой размяшчаліся ў некалькіх пунктах горада.

Па даручэнні міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага на месца выехалі начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Ігар Хадановіч і начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Голубеў.

У Асіповіцкім райвыканкаме адбылося пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, дзе разгледзелі пытанні ліквідацыі прарыву ў самыя кароткія тэрміны, арганізацыю бесперабойнага забеспячэння насельніцтва пітной вадой і падвоз тэхнічнай вады арганізацыям па неабходнасці. Былі прыняты ўсе патрэбныя рашэнні для аператыўнага аднаўлення нармальных умоў жыццядзейнасці насельніцтва і функцыянавання аб’ектаў эканомікі. «Для забеспячэння насельніцтва працавалі пяць аўтацыстэрнаў з пітной вадой, у тым ліку дзве цыстэрны МНС для тэхнічных патрэб. Праведзена СМС-рассылка, якая апавясціла больш за 20 тысяч абанентаў», — расказаў Ігар Хадановіч. Два водазаборы былі ўведзены ў работу за максімальна кароткія тэрміны, і водазабеспячэнне спажыўцоў у Асіповічах адноўлена. На працягу дня праводзіліся работы па кантролі за якасцю вады.

На месцы аварыі працавалі 8 адзінак тэхнікі і 14 чалавек водаканала, дзве аварыйныя брыгады, два экскаватары. Ад МНС былі задзейнічаны дзве аўтацыстэрны, якія займаліся падвозам тэхнічнай вады на аб’екты горада.

Як бачыце, ніхто не спаў у шапку і ні пра якую гуманітарную катастрофу гаворкі не ішло. Усе службы спрацавалі хутка і выразна, па максімуме задзейнічаўшы свае рэсурсы для хутчэйшай ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння. Таму застаецца толькі яшчэ раз паўтарыць усім вядомую ісціну: верыць трэба не тым, хто жыве за кошт хайпу і ачарнення сваёй краіны, а тым, хто кажа праўду.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю