З 22 красавiка пачалася адпраўка грамадзян, прызваных на тэрмiновую ваенную службу ў злучэннi i воiнскiя часцi Узброеных Сiл, унутраных войскаў Мiнiстэрства ўнутраных спраў, органаў пагранiчнай службы i дзяржаўнай бяспекi. Адпраўным пунктам у ваеннае жыццё стаў урачысты мiтынг, прысвечаны першаму дню адпраўкi жыхароў горада Мiнска ва Узброеныя Сiлы Рэспублiкi Беларусь i iншыя воiнскiя фармiраваннi. Карэспандэнты «Звязды» далучылiся да важнага мерапрыемства.
Прызыў грамадзян на тэрмiновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў сакавiку — маi сёлета ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 6 сакавiка 2025 года № 96. У першы дзень у армiю было накiравана каля адной тысячы прызыўнiкоў. Яны папоўняць рады сiл спецыяльных аперацый Узброеных Сiл, Мiнскай ваеннай камендатуры i 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкi прапаршчыкаў i малодшых спецыялiстаў.
Намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення — начальнiк 1-га ўпраўлення галоўнага арганiзацыйна-мабiлiзацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сiл палкоўнiк Алег Чарненка зазначыў: «Усяго на ўкамплектаванне Узброеных Сiл, iншых войскаў i воiнскiх фармiраванняў Беларусi ў красавiку — маi плануецца накiраваць каля 10 тысяч чалавек. Акрамя таго, згодна з указам, студэнты першага курса ўстаноў вышэйшай адукацыi сельскагаспадарчага профiлю, якiя маюць права на адтэрмiноўку ад прызыву для працягу адукацыi, па iх жаданнi могуць быць накiраваны на службу ў рэзерве, праходжанне якой магчыма ў перыяд iх канiкул».
Знакавым гэты дзень стаў для сям’i Мiзгiраў. «Сёння мы адпраўляем нашага сына Мiкiту на праходжанне тэрмiновай ваеннай службы ў 103-ю Вiцебскую паветрана-дэсантную брыгаду. Адпраўляць не страшна, паколькi муж у свой час служыў у паветрана-дэсантным злучэннi горада Брэста», — адзначыла мама прызыўнiка Таццяна Мiзгiр. Жанчына расказала, што да гэтага малады чалавек скончыў БДУФК, працаваў трэнерам па гандболе. Паводле яе слоў, дзецi трохi засумавалi пасля таго як даведалiся, што iх любiмага трэнера забiраюць служыць, сказалi, што абавязкова будуць чакаць. Сам Мiкiта iдзе на службу ў баявым настроi — малады чалавек на ўсе сто працэнтаў гатовы выканаць свой абавязак перад Радзiмай.
Праводзiць прызыўнiка Мацвея прыйшлi сястра Кацярына Васiлеўская i дзяўчына Ульяна Кваша. «Да канца не ўсведамляю, што брат з’язджае служыць у iншы горад. Думаю, што на службе ён будзе адказным, упэўненым у тым, што робiць. Навiну пра тое, што ён будзе служыць у элiтным падраздзяленнi — 103-й Вiцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, Мацвей успрыняў з гонарам», — падзялiлася Кацярына. Ульяна, каханая маладога чалавека, не магла стрымаць слёз. Яна паабяцала, што будзе прыязджаць да яго кожныя выхадныя. Сам Мацвей Васiлеўскi адпраўляецца на службу з баявым настроем. Будучы абаронца Айчыны быў нешматслоўны: «Гатовы служыць Радзiме!»
Удалося пагутарыць i з яшчэ адным прызыўнiком. Аляксей Васiлевiч не чакаў, што будзе служыць у 103-й Вiцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Малады чалавек прызнаўся, што здзейснiць скачок з парашутам — гэта мара дзяцiнства, якая ў хуткiм часе ажыццявiцца. Рыхтавацца да тэрмiновай службы Аляксей пачаў загадзя — малады чалавек на працягу паўгода займаўся ў трэнажорнай зале.
Цырымонiя прыняцця ваеннай прысягi ў новапрыбыўшага папаўнення ў злучэннях i воiнскiх часцях Узброеных Сiл пройдзе 24 мая.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Вiктара IВАНЧЫКАВА