Top.Mail.Ru
302

Волату слова прысвячаецца

У Маскве адкрылася перасоўная літаратурна-дакументальная выстаўка «Волат слова і думкі», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі. Месцам правядзення выстаўкі стаў Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. 



Творчы лёс вядомага беларускага празаіка і літаратуразнаўца быў прадстаўлены праз матэрыялы, якія расказвалі пра дзяцінства і юнацтва пісьменніка, пра яго ўдзел у партызанскай барацьбе, яго франтавыя дні. 17-гадовым падлеткам Іван Навуменка ўключыўся ў барацьбу з фашыстамі. Мо таму такімі пераканаўчымі, яркімі з’яўляюцца вобразы яго герояў у раманах «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», што ўсё напісанае ім, франтавым пісьменнікам, перажыта, выпакутавана?! Да ўвагі наведвальнікаў перасоўнай выстаўкі былі прадстаўлены планшэты з копіямі фотаздымкаў народнага пісьменніка з розных перыядаў яго жыцця. З цікавасцю наведвальнікі разглядалі факсіміле дакументаў, якія выразна паказваюць велічыню асобы літаратара, плёнам нястомнай працы якога ў беларускай прозе і беларускім літаратуразнаўстве сталі каля 200 кніг, выдадзеных у розных краінах свету. 

Удзел у адкрыцці літаратурна-дакументальнай выстаўкі прыняла і дачка пісьменніка Таццяна Іванаўна Навуменка — расійскі музыказнаўца, доктар мастацтвазнаўства, ганаровы работнік сферы адукацыі Расійскай Федэрацыі, аўтар многіх манаграфій, а таксама падручнікаў для музычных школ (па 8-9 разоў кожны выдадзены яе падручнікі для 5-9 класаў «Мастацтва: Музыка»). 

У першы дзень працы на выстаўку наведаліся і пісьменнікі з Расіі і Беларусі — старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч, адказны сакратар Санкт-Пецярбургскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Віталь Фёдараў, вядомы празаік і публіцыст Алесь Кажадуб, кнігі якога выходзяць і ў Маскве і ў Мінску. «Мне прыемна сустрэцца з такой выстаўкай яшчэ і таму, што я асабіста ведаў Івана Якаўлевіча, часта сустракаўся з ім на калідорах Акадэміі навук у Мінску, — падзяліўся ўражаннямі Алесь Канстанцінавіч Кажадуб. — І ўвогуле хацеў бы падзякаваць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, што яго калектыў лёгкі на пад’ём і не шкадуе сіл, часу, каб данесці веданне пра нашых класікаў і да тых беларусаў, ураджэнцаў Беларусі, якія жывуць і працуюць у Маскве. Спадзяюся, што многія госці Дзелавога і культурнага комплекса ў пасольстве Беларусі ў Расійскай Федэрацыі пазнаёмяцца з выстаўкай пра Івана Навуменку, а следам здымуць з бібліятэчных паліц яго кнігі, каб атрымаць асалоду ад знаёмства з добрымі творамі». 

Мікола БЕРЛЕЖ,

г. Масква. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю