Top.Mail.Ru

Вольга Калеснікава: «Што мы адчуваем без патрэбы даказваць нешта іншым?»

Наша першае знаёмства са спявачкай, актрысай Маладзёжнаг тэатра эстрады Вольгай Калеснікавай адбылося больш за дзесяць гадоў таму, калі толькі пачынаўся яе шлях у артыстычным асяродку, хоць за плячамі было шмат конкурсаў і перамог. А сёння яна ўжо не толькі запатрабаваны прафесіянал, але і шчаслівая жонка і мама траіх дзетак. Сустрэліся з артысткай, каб пагаварыць пра жыццёвыя прыярытэты, пошук гармоніі і мастацтва, якія яна ўмее таленавіта спалучаць у сваёй формуле шчасця. 



Поспех не раўняецца тваёй каштоўнасці

— Сёння, калі многія імкнуцца гучна заявіць пра сябе, вы рэдка даеце інтэрв’ю. Чым абумоўлены такі выбар?

— Быў перыяд, калі мне хацелася медыйнасці і публічнасці. А пасля (мабыць, тое звязана з нараджэннем дзяцей і з’яўленнем сям’і) вельмі многае пераасэнсавалася. Я імкнулася, рыхтуючыся да бацькоўства, не сыходзіць з прафесіі. Пасля нараджэння другога дзіцяці літаральна праз два месяцы ўжо давала канцэрт на сцэне ў філармоніі. І так усе тры разы было. Я старалася і максімальна быць з дзецьмі, і ў прафесіі, а на ўсё астатняе проста не хапала часу. 

Праўда, раней было па-іншаму. Бачыла артыкул у часопісе альбо ў газеце і радавалася, здавалася, быццам гэта пацверджанне нейкай тваёй каштоўнасці. А зараз ужо ўсе прапановы ацэньваю па-іншаму. Раней хацелася поспеху, бегчы кудысьці, зараз жа (не магу сказаць, быццам спынілася) па-ранейшаму хочацца пісаць песні, але разумею, што яны павінны ўжо быць іншымі. І патрэбен перыяд цішыні, каб такая творчасць выспела. Бо канцэрты і выступленні на розных пляцоўках працягваюцца, але гэта больш як рамяство. Калі ж гаварыць пра місію артыста, калі ён трансліруе свае ідэі, думкі, то гэта зусім іншае. І пакуль там я раблю пэўныя накіды, але ў мяне ў прыярытэце дзеці. 

— Вы ішлі ў мацярынства не спыняючы канцэртнай дзейнасці. Ці не было адчування, быццам у нейкай са сфер ваша прысутнасць недастатковая?

— Былі розныя думкі і пачуцці. Я ўсё неяк да апошняга адкладала тэму з сям’ёй і нараджэннем дзяцей. Здавалася, што ўсё гэта можа крыху пачакаць. Але вось так Бог распарадзіўся і ў мяне з’явіўся муж і дзеці. Нават падчас першай цяжарнасці я да апошняга выходзіла на сцэну і выступала, бо было шмат энергіі, сіл і мне нічога не перашкаджала. Пасля зразумела, што мне даводзіцца разрывацца. Перажывала, што сцэна адыдзе на другі план, але я ўдзячная майму мужу, які ў той момант мяне вельмі падтрымаў. Ён мне казаў: «Ты — артыстка! І я з табой!» Калі трэба было парэпеціраваць ці перазагрузіцца, то ён нават выштухтоўваў мяне з дома, каб я вярталася да сябе. Таму што ў нейкі момант жыццё змянілася поўнасцю, і я не разумела, як жыць далей. Падтрымка мужа і маёй мамы мне дапамагла і калі чакалі другое дзіця. Я адчувала: мы справімся. Пасля ўжо з двумя дзецьмі ты вучышся ўсё сумяшчаць, планаваць. І ўнутры ўжо спрацоўвае вельмі дакладна дысцыпліна і разуменне, калі ты не арганізуеш і не сплануеш нешта, то нічога не атрымаецца. А вось з нараджэннем дачкі раптам усё нібы стала на свае месцы. З’явілася ўнутранае разуменне, што шчасце не звязана з дасцігатарствам і поспехам. Незалежна ад сваёй медыйнасці, ты працягваеш творчы шлях, але і знаходзіш час для дзяцей, бачыш як яны растуць. І не даводзіцца выбіраць. Я разумею, што баланс, які маю сёння, — гэта вялікая ўдача, але да гэтага трэба прыйсці і шчыра адказаць сабе на важныя пытанні. 

— Чаму вучаць вас дзеці?

— З дзецьмі ўсё становіцца на свае месцы. З імі навучышся ўсяму, да чаго ў іх узнікне цікавасць. Вы сумесна вырашаеце любое пытанне, якое з’яўляецца. Напрыклад, я пачала гуляць у футбол, хаця, вядома, лепш сябе адчуваю сярод балельшчыкаў. Увогуле я падтрымліваю і раздзяляю любыя захапленні маіх дзяцей. Старэйшы сын гадоў з трох пачаў праяўляць цікаваць да музыкі, зараз вучыцца ў музыкальнай школе. Таксама дзеткі гімнастыкай, плаваннем займаюцца. Часам складана ўсё скаардзініраваць, але мы стараемся. 

— Як выхоўваеце сваіх дзетак?

— Я бачу як яны капіруюць нас і ўсё, што адбываецца ў нашай сям’і. Ад дзеянняў да інтанацый. Таму фраза «Выхоўвайце сябе, а не дзяцей» — яна для мяне ключавая. Таксама я імкнуся шукаць і вывучаць дзіцячую псіхалогію, каб лепш разумець як у пэўным узросце развіваецца псіхіка дзіцяці. У астатнім лепш за ўсё працуе любоў, тактыльнасць, праяўленне дабрыніі і ўважлівасці адно да аднаго. Мы імкнемся будаваць адносіны з дзецьмі на даверы. А тэлефоны, планшэты — гэта ўсё мы абмяжоўваем і мінімізуем. Вядома, немагчыма ад усяго ўберагчы дзіця і ў знешнім свеце яно сутыкнецца з рознай інфармацыяй і людзьмі. Але патрэбна спачатку ў сям’і закласці фундамент з размоў і тлумачэнняў, маючы які сын ці дачка змогуць пасля выбіраць, аналізаваць і прымаць свае рашэнні.


Камандай ствараецца непаўторнае дзейства

— Як дзеці адрэагавалі на ваша з’яўленне ў «Калыханцы»? 

— Яны пачалі глядзець усе выпускі праграмы з маім удзелам. «Калыханка» цікавая і па часе зручна: паглядзелі і пайшлі рыхтавацца да сну. Праўда, калі я сышла з праекту, то ўжо не глядзяць. Кажуць, таму што мяне там няма. 

— Вам самой які вопыт дало гэта супрацоўніцтва?

— Я была надзвычай шчаслівая, калі прайшла кастынг і трапіла ў каманду «Калыханкі». Пра адбор я даведалася ад Уладзіміра Варанкова, з якім мы працуем разам у тэатры. Работа на праграме дала мне незабыўны вопыт, бо яе стварае классная каманда прафесіяналаў. Але ў нейкі момант я злавіла сябе на тым, што хоць і трымаюся бадзёра, імкнуся ўсюды паспяваць, але злавіла выгаранне. І зноў апынулася перад выбарам, таму падзякавала за супрацоўніцтва і пайшла далей. Але гэта быў насычаны перыяд, і я спадзяюся, што ў нас з тэлебачаннем будуць новыя сустрэчы. 

— А праекты, у якіх вы занятая ў Тэатры эстрады, наколькі дапамагаюць вам адчуваць сябе рэалізаванай?

— Я вельмі ўдзячная нашаму мастацкаму кіраўніку Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіславе Арцюкоўскай, бо з яе прыходам мы ўсе адчулі вялікую падтрымку. Акрамя канцэртаў у нас з’явіліся мюзіклы, спектаклі. І яна не давала нам сумнявацца ў сваіх здольнасцях. Проста давала складаны матэрыял і казала: усё атрымаецца, працуем! Першым маім судакрананнем з жанрам мюзіклаў стаў спектакль «Ты і я» (ён беларускамоўны і з музыкай Аляксандра Сухарава) — гісторыя пра светлае каханне. Пасля з’явіўся «Джэк Трыбушыльнік», у ім ужо ўсё па-іншаму. Я доўга супраціўлялася сваёй ролі ў ім, але гэта быў нібыта новы выклік для мяне. За многае ўдзячна гэтаму праекту, у тым ліку за сумесную працу з заслужаным артыстам Русланам Чарнецкім, бо ён вялікі прафесіянал, які мне вельмі дапамагаў і падтрымліваў... Асаблівая для мяне і ваенная меладрама «Без тэрміну даўніны», у якой я ўвасабляю Веру (жонку разведчыка Сяргея Святлова). Важны для мяне і мюзікл-прытча «Гур’янаў». Працуючы над ім, мы ездзілі на востраў да бацюшкі і настолькі ўсе пранікліся гэтай гісторыяй, што, нягледзячы на ўсе спакусы і выпрабаванні, зрабілі так, каб яна атрымала сваё сцэнічнае жыццё. І людзі прыходзяць на мюзікл зноў і зноў, каб напітацца і ачысціцца. Для мяне «Гур’янаў» таксама як споведзь. Я ўдзячная кожнаму праекту, які здарыўся ў маім жыцці ў патрэбны час.

— Шэраг канцэртных праграм з вашым удзелам перыядычна праходзіць і ў сценах Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Што ў іх для вас самае галоўнае захаваць?

— У кожнай з іх, у прыватнасці ў «Французскім бульвары», мне хочацца пакідаць нязменным менавіта само трапяткое імгненне і лёгкае хваляванне ад моманту судакранання з музыкай. Бо ў такіх канцэртах яна гучыць па-асабліваму. Разам з тым ёсць жаданне і дадаваць кожны раз штосьці новае. Але ў цэлым канцэпцыю, створаную рэжысёрам Арцёмам Еўсіевічам,заўсёды хочацца захаваць, бо там усё гарманічна выбудавана, прадумваецца да дробязяў. У нас цудоўна суіснуюць на сцэне і балет Таццяны Трафімавай, і музыканты і ўсёй вялікай камандай мы ствараем адзінае непаўторнае дзейства. І калі, ў адных праграмах хочацца пакідаць музычны матэрыял у звыклым, класічным выглядзе, то ў іншых мы спрабуем эксперыментаваць, шукаць новае. 


Ваш выбар — лепшы варыянт

— Зразумела, калі гледачы прыходзяць на спектакль альбо канцэрт, то выказваюць так сваю любоў і падтрымку артысту. А ці падтрымліваеце вы сувязь са сваёй аўдыторыяй у тых жа сацыяльных сетках?

— З сацыяльнымі сеткамі ў мяне складаныя адносіны. Найперш, таму што для іх вядзення патрэбны час і сілы. Таму добра, калі для гэтага ёсць з кім супрацоўнічаць. Я ж пакуль што сама ўсім займаюся, таму публікую там штосьці даволі рэдка. І мне насамрэч зараз цікава наадварот зразумець, як бы гэта жыць без гэтага. Бо ў маім жыцці ёсць прыклады людзей, якія якраз выбіраюць быць не публічнымі, і ім гэта не перашкаджае. Але гэта выбар. І прыняць яго непроста, паколькі ў інтэрнэце ў тым ліку я атрымліваю часам прапановы аб супрацоўніцтве, зваротную сувязь ад аўдыторыі. Таму я гэта ўспрымаю як частку маёй прафесіі, і думаю, аднойчы змагу яе дэлегіраваць камусьці... Ты можаш жыць галосна альбо ціха, іншае пытанне: што мы адчуваем без патрэбы даказваць нешта іншым? Таму любы варыянт — гэта толькі наш выбар.

— Зараз, калі вы для сябе знайшлі спосаб гарманічна спалучаць асабістае і прафесійнае, можаце сказаць, якую ролю ў гэтым адыграў і ваш муж?

— Велізарную. Ён вельмі моцны і смелы чалавек. Я магу сумнявацца, а Арцём эксперыментуе і дзейнічае. Кажуць, каханне і смерць не трэба шукаць, яны самі цябе знойдуць. І са мной менавіта так адбылося. Спачатку мы былі проста двума творчымі людзьмі, якія зусім не марылі пра сям’ю, а хутчэй былі кар’ерыстамі нацэленымі на вялікі поспех. А склалася так, што ўтварыўся наш саюз, нарадзіліся дзеці і мы навучыліся цаніць ціхае шчасце. Спадзяюся, мы зможам выбудаваць жыццё так, каб знаходзіць час для сябе і для блізкіх. І, як муж мяне падтрымаў у пэўны перыяд, так і я змагу дапамагчы яму расправіць крылы, бо там такі размах! Я ў яго веру!

Алена ДРАПКО
Фота з архіва гераіні


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю