Нямецкі аўтаканцэрн Volkswagen рыхтуе маштабную кампанію для адклікання некалькіх тысяч электрамабіляў у Германіі праз пагрозу ўзгарання батарэй. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на газету Handelsblatt.
Паводле інфармацыі выдання, унутраныя праверкі выявілі вытворчы брак асобных частак высакавольтных батарэй у некаторых аўтамабілях сямейства ID. Дэфект закранае машыны, выпушчаныя ў абмежаваны перыяд часу. У канцэрне растлумачылі, што ў асобных выпадках няспраўнасць можа прывесці да павышанай тэрмічнай нагрузкі на акумулятар і, у горшым выпадку, да ўзгарання.
Пад адкліканне могуць трапіць электрамабілі VW ID.3, ID.4, ID.7, ID.Buzz, а таксама Cupra Born, вырабленыя ў 2023-2025 гадах. Пры гэтым аўтавытворца пакуль не апублікаваў дакладны пералік закранутых мадэляў.