Ружовыя мары
Да вучобы ў Польшчы Кацярына пачала рыхтавацца яшчэ ў 10 класе. Гэта быў 2019 год, калi межы яшчэ былi адкрытыя.
— Пасля 11 класа ЦТ не здавала, таму што для працягу вучобы ў Польшчы мне гэта не патрабавалася, — расказвае яна. — Дастаткова было атэстата i ведання польскай мовы на ўзроўнi В2.
Кацярыну натхнiў прыклад дачкi знаёмых, якая атрымлiвала ў Польшчы спецыяльнасць лагiста. Лагiстам ёй быць не хацелася, а вось магчымасць стаць урачом-касметолагам прываблiвала. Такую спецыяльнасць прапаноўвала вышэйшая школа навук аб здароўi, iнфармацыю пра якую дзяўчына знайшла ў iнтэрнэце. Як высветлiлася, гэта школа працавала ў многiх гарадах Польшчы, у тым лiку і ў Быдгошчы, якi па памерах i колькасцi насельнiцтва падобны на Магiлёў.
— Ехала туды без хвалявання, — кажа суразмоўнiца. — Там мяне ўжо чакаў мой малады чалавек, якi спецыяльна дзеля мяне паехаў туды ў разведку, зняў кватэру i нават працаўладкаваўся.
Першыя расчараваннi
На момант выезду Кацярыне было 17 гадоў, таму ўзнiклi складанасцi з атрыманнем вiзы. I нават калi яна была ў кiшэнi, выпрабаваннi не скончылiся.
— У польскiх пагранiчнiкаў было шмат пытанняў да мяне як да непаўналетняй, — расказвае дзяўчына. — У рэшце рэшт прапусцiлi, хоць i затрымалi аўтобус. Калi прыехала ў Варшаву, зразумела, што мая польская мова не вельмi падобная на тую, на якой размаўляюць палякi. Я слухала iх i не разумела, палякi мяне — таксама. У вынiку стала ахвярай падману. Зразумеўшы, што я замежнiца, мне за вялiкiя грошы прадалi непрацоўную сiм-карту. Прыйшлося купляць яшчэ адну. На гэты раз звярнулася да рускамоўнай жанчыны. Сiм-карта была працоўная, але не вельмi якасная i сувязь была нездавальняльнай.
На дварэ стаяў кастрычнiк, але надвор’е было спякотным. Дзяўчына была апранута па-асенняму i вельмi пакутавала ад амаль летняй гарачынi. Да адпраўлення цягнiка на Быдгошч заставалася паўгадзiны, i можна было зайсцi ў кавярню, каб у прыбiральнi пераапрануцца. Аднак беларуску туды не пусцiлi. Прычым толькi яе, астатнiя праходзiлi без праблем. Разгубленая дзяўчына, аблiваючыся потам, пабрыла на платформу. У апошнi момант высветлiлася, што гэта не тая платформа i, каб паспець на пасадку, трэба было бегчы з цяжкiм багажом у руках. Сэрца бiлася так, што, здавалася, зараз выскачыць. I сiл увайсцi ў вагон ужо не было. Дапамог цёмнаскуры мужчына, якi лiтаральна ўпiхнуў яе ў адыходзячы цягнiк i следам закiнуў багаж. «Я была так удзячна яму за гэта, — прызнаецца яна. — I з горыччу падумала пра сябе, што ён таксама не паляк, а такi ж чужынец, як i я».
Эканомiя i пераплаты
Магiляўчанка прызнаецца: не была гатовая да таго, што жыццё ў Польшчы акажацца такiм дарагiм.
— Мы здымалi двухпакаёўку за 300 еўра ў месяц, — расказвае яна. — Цэны на кватэры ў Варшаве яшчэ вышэйшыя. Праз тры месяцы вучобы высветлiлася, што далей навучанне будзе дыстанцыйнае i сэнсу жыць у Польшчы няма. Але ўзнiклi складанасцi са з’ездам з кватэры.
— Мы на пяць гадоў падключылi iнтэрнэт, i гаспадары кватэры сталi патрабаваць, каб мы або яго адключылi, або пакiнулi iм вялiкую суму грошай, — расказвае дзяўчына. — Пры гэтым яны размаўлялi з намi як са злачынцамi, пагражалi выклiкаць палiцыю. У вынiку мы аддалi круглую суму не толькi за iнтэрнэт, але i за кватэру на месяц наперад.
Кацярына ўспамiнае, што ў Польшчы прыходзiлася эканомiць лiтаральна на ўсiм.
— Мы куплялi на тыдзень прадукты ў самым танным сеткавiку — Biedronka i пакiдалi там каля 100 еўра, — расказвае яна.— Гэта з умовай, што ты бярэш оптам — цэлымi ўпакоўкамi. Калi сябе не абмяжоўваць, то спатрэбiцца сума ў 2-3 разы вышэйшая. Праезд таксама быў дарагі. Калi б бацькi не дапамагалi, было б цяжка.
Без дыплома
З вучобай так i не склалася. Калi Кацi трэба было вярнуцца ў Польшчу, з атрыманнем вiзы ўзнiклi складанасцi.
— Мне паставiлi ўмову зняць кватэру на год наперад i пацвердзiць гэты факт дакументальна, — расказвае яна. — Акрамя гэтага, трэба было мець на рахунку 1000 еўра. А таксама цалкам аплацiць вучобу. Зрабiць гэта з нашага банку было немагчыма. Калi ў мяне пачалiся праблемы з выездам, у польскай вышэйшай школе мне сказалi, што 960 гадзiн практыкi я павiнна шукаць самастойна. Усiм далi накiраваннi, а мне — не. Хоць я скончыла акадэмiчны год на 5 з плюсам па польскай пяцiбальнай сiстэме на той час.
Па словах магiляўчанкi, вучыцца было нескладана, бо ўзровень адукацыi, на яе думку, у Беларусi мацнейшы, чым у Польшчы.
— Я ўваходзiла ў пяцёрку наймацнейшых выпускнiкоў нашага класа — кажа яна, — Проста так у Беларусi не атрымаеш нi добры атэстат, нi дыплом. У Польшчы — iншая справа. Таму туды ўсе i едуць. Калi ты замежнiк i плацiш грошы, там нiкому справы няма да таго, як ты вучышся. I якiм ты будзеш спецыялiстам — таксама.
Каця перажывае, што змарнавала час з-за сваёй паездкi за мяжу. Калi ёй не адкрылi вiзу, рыхтавалася дома амаль год, каб здаць ЦТ i паступiць у медыцынскi каледж. Рускую i англiйскую мовы, а таксама бiялогiю яна здала на 90 i больш балаў. Перад паступленнем у каледж паспела прайсцi курсы па касметыцы i эстэтыцы i атрымаць квалiфiкацыю 4-га разраду. «Самае крыўднае, што за той семестр, што я правучылася ў Польшчы, мне нiякага дакумента не далi, — кажа дзяўчына. — Мяне выкiнулi з усiх чатаў, адрэзалi доступ да электроннай базы ўстановы. I нават не вярнулi атэстат. Прыйшлося аднаўляць яго на радзiме».
Радзiма там, дзе твая сям’я
Кацярына знайшла сваё шчасце на радзiме. Тут у яе ёсць усё: работа, дом, сям’я. I хутка ў iх з мужам з’явiцца дзiця.
— Пра замежжа не хачу i думаць, — кажа дзяўчына. — Толькi тут, на радзiме, адчуваю сябе чалавекам. Тут ёсць усё: добразычлiвасць, бяспека, дапамога. Нiчога з гэтага я не знайшла за мяжой.
Нэлi ЗIГУЛЯ