Top.Mail.Ru

Восеньская навальніца і +24 °С у Пінску: чым здзіўляла надвор’е ў кастрычніку

Кастрычнік 2026 года быў вельмі цёплым (разам з кастрычнікам 1967 года заняў другое месца). Сярэдняя тэмпература паветра па Беларусі склала 9,7 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 2,9 градуса. Аб гэтым паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


«А самым цёплым быў кастрычнік 2020 года з сярэднямесячнай тэмпературай 10,5 градуса», — расказалі ў Белгідрамеце. 

Па ўсёй тэрыторыі краіны адзначалася станоўчая анамалія тэмпературы паветра, знаходзілася ў асноўным у межах ад 2,1 да 3,3 градуса. У абласным разрэзе найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Магілёўскай вобласці (у сярэднім па вобласці 3,2 градуса), у Брэсцкай адхіленні былі найменшымі (у сярэднім па вобласці 2,3 градуса).

Сярэдняя тэмпература паветра ва ўсіх трох дэкадах перавышала кліматычную норму. Найбольшыя адхіленні сярэдняй дэкаднай тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў трэцяй дэкадзе (4,4 градуса), найменшыя — у другой (1,6 градуса).

«Дзённыя тэмпературы паветра ў асноўным утрымліваліся ў межах 11-19 градусаў, за асобныя суткі тэмпература паветра павышалася да плюс 20 і вышэй. Максімальнага значэння (плюс 24,4) тэмпература паветра дасягнула днём 8 кастрычніка на станцыі Пінск. Тэмпература паветра ўначы пераважна знаходзілася ў межах 2-10 градусаў, а ў самыя халодныя ночы месцамі апускалася да адмоўных значэнняў. Мінімальная тэмпература паветра за месяц адзначана на станцыі Езярышча 16 кастрычніка і склала мінус 2,9», — звярнулі ўвагу кліматолагі. 

За месяц у сярэднім па краіне выпала 33 мм ападкаў, што склала 61% кліматычнай нормы. На большай тэрыторыі краіны выпала 50-75% кліматычнай нормы ападкаў.

На тэрыторыі Мінскай і Брэсцкай абласцей за месяц выпала больш за ўсё ападкаў — 41 мм і 36 мм. Менш за ўсё ападкаў было на тэрыторыі Магілёўскай вобласці — 24 мм, ці 41% кліматычнай нормы.

«На працягу месяца ападкі выпадалі нераўнамерна. Дажджлівай выдалася другая дэкада кастрычніка, калі ў сярэднім па краіне выпала 18 мм ападкаў, што склала 118% кліматычнай нормы за дэкаду. Першая і трэцяя дэкады былі сухімі — па тэрыторыі краіны выпала 5 мм (24% нормы) і 10 мм (54% нормы) адпаведна», — дадалі ў Белгідрамеце. 

На працягу месяца назіраліся туманы, месцамі за асобныя суткі адзначаліся галалёдныя з’явы. На станцыі Гомель 12 кастрычніка была зарэгістраваная навальніца. Назіралася ўзмацненне хуткасці ветру парывамі да 15 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру за месяц была адзначана на станцыі Навагрудак 9 кастрычніка (19 м/с).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю