Асеннія палявыя работы, кадры і развіццё рэгіёнаў
Асноўнымі тэмамі сталі сітуацыя ў вобласці з акцэнтам на ўборачную кампанію і асеннія палявыя работы, магчымыя праблемы, якія патрабуюць увагі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а таксама кадравыя пытанні. Анатоль Ісачанка далажыў, што рэгіён завяршае масавую ўборку збожжавых і збожжабабовых культур. Аграрыі Магілёўскай вобласці ўжо актыўна вядуць узворванне, прыступаюць да сяўбы азімых. Адначасова — уборка гародніны і кукурузы на сілас. У цэлым работы ў палях выконваюцца ў тэрмін, аграрыі забяспечаны ўсім неабходным.
Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па развіцці асобных тэрыторый вобласці, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта. Так, вопыт развіцця эканамічнай і вытворчай базы Шклоўскага раёна закліканы стаць узорам для іншых рэгіёнаў. Што датычыцца суседняга Дрыбінскага раёна, Прэзідэнт нядаўна канцэптуальна падтрымаў прапановы аб яго ўзбуйненні, развіцці інфраструктуры і АПК. Цяпер гэта трэба будзе рэалізаваць на практыцы. Дэталёва абмеркаваны і кадравыя пытанні — прапановы аблвыканкама па прызначэнні кіраўнікоў на месцах.

«Увесь комплекс асенне-палявых работ у Магілёўскай вобласці ідзе па графіку»
Анатоль Ісачанка ў размове з журналістамі адзначыў, што тэма палявых работ застаецца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы. «На сённяшні дзень масавая ўборка збожжавых і зернебабовых культур у Магілёўскай вобласці завершана, — канстатаваў ён. — Нам засталося ўбраць каля 1,8 тысячы гектараў. Гэта ў асноўным познеспелыя сарты пшаніцы. Я думаю, да канца тыдня мы ўсё ўбяром».
Аднак на гэтым работа ў рэгіёне не заканчваецца. «Мы пачалі ўборку цукровых буракоў, бульбы, — канкрэтызаваў губернатар. — Актыўна працуем з кукурузай на сілас, ужо каля 8 % убрана. Вядзем узворванне пад азімыя культуры, нам трэба будзе падсеяць 233 тысяч гектараў. На сённяшні дзень узарана 30 % і шэраг рэгіёнаў пачалі сяўбу азімых культур».
Паралельна з гэтым у рэгіёне рыхтуюць насенне. «Насеннем мы забяспечаны ў поўным аб’ёме», — адзначыў старшыня аблвыканкама.
Працягваюцца работы па ўнясенні ўгнаенняў, узняцці лёну, уборцы саломы з палёў. «Усе работы, якія на сённяшні дзень неабходна выконваць па тэрмінах, мы робім, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — Крыху пазней прыступім да ўборкі кукурузы на зерне. Каля 40 тысяч гектараў плануем (убраць. — „Зв“.). Паспяванне ідзе нядрэнна, мы думаем таксама ўзяць нядрэнны ўраджай. А далей зябліва. Таму ўвесь комплекс асенне-палявых работ у Магілёўскай вобласці ідзе па графіку».

«Шклоўскі раён павінен быць паказальным для іншых»
Сярод тэм, якія абмяркоўваліся падчас даклада, — развіццё Дрыбінскага і Шклоўскага раёнаў. Апошні разгледзелі больш дэталёва.
«Прэзідэнт цікавіўся Шклоўскім раёнам, выкананнем яго даручэнняў, — удакладніў губернатар. — Таксама пагаварылі аб Дрыбінскім раёне, усе рашэнні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прыняты, трэба на сённяшні дзень бегчы крыху хутчэй, каб іх ажыццявіць».
Анатоль Ісачанка адзначыў, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі трэба зрабіць Шклоўскі раён паказальным. «Сёння мы ў гэтым кірунку актыўна працуем — гэта і сельгастэхніка, і малаказавод, і льнозавод, — канкрэтызаваў кіраўнік рэгіёна. — Гэта самастойныя прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць. Гэта і „Жылкамгас“, і ПМК, таксама шэраг іншых прадпрыемстваў. Шклоўскі раён павінен быць паказальным для іншых, каб іншыя рэгіёны капіравалі гэты вопыт і працавалі па ім. Зразумела, што ёсць розныя раёны па памерах, насельніцтве. Абсалютна дакладнага капіравання не будзе, але тыя падыходы, якія адпрацоўваюцца на Шклоўскім раёне, можна прымяняць і ў іншых рэгіёнах».
Таксама Аляксандр Лукашэнка і Анатоль Ісачанка абмеркавалі, як ідзе работа аграрных прадпрыемстваў раёна: ААТ «Новагарадзішчанскае», ААТ «Любінічы-Агра», ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец», ЗАТ «Вялікія Славені» (раней былі ў складзе аграхолдынга «Купалаўскае», які ўваходзіў у структуру Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта).
«На сённяшні дзень гэта ўсе самастойныя гаспадаркі, дзе ёсць кіраўнік, структура, штат, — адзначыў губернатар Магілёўскай вобласці. — Гэтыя прадпрыемствы самастойна могуць вырабляць прадукцыю, могуць зарабляць і спакойна жыць, забяспечваць і заработную плату, і будаўніцтва жылля, і іншыя ўмовы, якія неабходны, каб гаспадаркі развіваліся. Яны паказваюць нядрэнны вынік. І тыя інвестыцыі, якія ўкладваюцца ў гэтыя сельгаспрадпрыемствы, даюць вынік. Там павысілася ураджайнасць, павысілася вытворчасць прадукцыі мяса і малака».
Яшчэ адным даручэннем Прэзідэнта па выніках наведвання Дрыбінскага раёна стала маштабіраванне вопыту па колькасці племянных ферм. Як адзначыў Анатоль Ісачанка, будаўніцтва такой фермы цяпер ідзе ў рэгіёне.
«У мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы мы будуем сёння племянную ферму па развядзенні мясных парод жывёлы, — удакладніў ён. — І я думаю, недзе ў кастрычніку мы пачнём туды ставіць жывёлу. Гэта будзе менавіта племянная ферма і племпродаж».
Падчас дакладу Прэзідэнту былі абмеркаваны і кадравыя пытанні. «Гэта датычыцца не толькі ўзроўню раёнаў, але і кіраўнікоў гаспадарак, — патлумачыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. — Тут няма ніякай тэрміновасці для прыняцця рашэнняў. Ратацыя кадраў заўсёды ёсць, і мы працуем у гэтым кірунку. Ёсць кадравы рэестр, мы ўносім прапановы. Тое, што датычыцца ўзроўню кіраўніка дзяржавы, — на ўзгадненне. Тое, што датычыцца ўзроўню аблвыканкама, мы самі прымаем рашэнні».
Паводле БелТА