25 сакавіка фактычна завяршылася правядзенне комплексных вучэнняў з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Павел Муравейка даў ацэнку ваенным манеўрам.
На працягу сямі дзён злучэнні, воінскія часці і падраздзяленні войскаў Заходняга камандавання ажыццяўлялі актыўныя манеўраныя дзеянні, прымянялі розныя артылерыйскія і ракетныя сістэмы, вялі баявую стральбу з узбраення танкаў, баявых машын пяхоты, прымянялі зенітныя ракетныя комплексы, актыўна выкарыстоўвалі FPV-дроны і сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
— Падводзіць вынікі вучэнняў, якія адбыліся, пакуль заўчасна. Аднак ужо магу заўважыць, што галоўная мэта, якую мы ставілі, — дасягненне гатоўнасці і здольнасці войскаў Заходняга камандавання выконваць задачы па абароне Рэспублікі Беларусь — дасягнута, — падкрэсліў начальнік Генштаба.

Павел Муравейка паведаміў, што на вучэннях адпрацоўваліся эксперыментальныя, новыя пытанні:
— Мы ставілі задачу падчас вучэнняў максімальна скараціць тэрміны падрыхтоўкі абарончай аперацыі войскамі аператыўнага аб’яднання. Як мінімум планавалі зрабіць гэта ў два разы. Адразу скажу: на жаль, дадзенага паказчыка нам дасягнуць не атрымалася, але вынік у скарачэнні часавых параметраў на 40–60 % намі дасягнуты, і гэта дае інфармацыю да разважання, а таксама неабходнасць далейшай карэкціроўкі алгарытмаў і спосабаў падрыхтоўкі да вядзення баявых дзеянняў. Акрамя таго, у рамках вучэння быў апрабаваны зусім новы спосаб пабудовы сістэмы кіравання.
Начальнік Генштаба таксама адзначыў, што ваеннаабавязаныя, якія прыйшлі на фарміраванне войскаў ЗАК, прадэманстравалі высокую зацікаўленасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі. Павел Муравейка ўказаў і на тое, што новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія стаяць на аснашчэнні Узброеных Сіл, таксама паказалі сваю эфектыўнасць. «Нам удалося дабіцца таго, што людзі, якія нават не маюць вопыту абыходжання з гэтымі сродкамі, вельмі хутка іх асвойвалі і дастаткова актыўна прымянялі іх у ходзе вучэння. Таму гэтыя вынікі, якія былі дасягнуты ў рамках вучэнняў, намі будуць пакладзены ў далейшы план удасканалення войскаў, аб’яднанняў і ў цэлым у будаўніцтва Узброеных Сіл», — рэзюмаваў ён.
Паводле БелТА