Top.Mail.Ru

Вучоны: Час жыцця шаравой маланкі — каля 20 секунд

Шаравая маланка можа пранікаць у памяшканні праз адкрытыя вокны і нават прасочвацца праз шкло, якое мае адтуліны ці расколіны


Пра гэта паведаміў РІА «Новости» вядучы навуковы супрацоўнік фізічнага факультэта МДУ, акадэмік РАПН, старшыня Расійскага камітэта па шаравых маланках Уладзімір Бычкоў.

Вучоны расказаў, што кожная лінейная маланка здольная спарадзіць шаравую, і традыцыйна яны з’яўляюцца ў перыяд летніх навальніц з чэрвеня па жнівень.

«Шаравая маланка можа без цяжкасці пранікаць у памяшканні праз адкрытыя вокны. Пры таўшчыні абалонкі каля 20 мікрон яна здольная прасочвацца праз адтуліны да міліметра або менш, якія ёсць у закрытым акне або сцяне. Яна не праходзіць наскрозь, а выкарыстоўвае адтуліны або прапальвае іх», — адзначыў эксперт.

Ён паведаміў, што нядаўна ў лабараторыю прывезлі шыбу, праз якую шаравая маланка прайшла наскрозь, «пагуляла» па пакоі і пайшла ў разетку.

«З вялікай цяжкасцю знайшлі месца праходу — адтуліну паўміліметра. Маланка праходзіць скрозь любыя шчыліны, адтуліны або расколіны. У разетку часцей за ўсё сыходзіць з-за прыцягнення да электрычнага зарада», — растлумачыў вучоны.

Ён дадаў, што калі шаравая маланка заляцела ў памяшканне, не трэба спрабаваць яе лавіць або здымаць на камеру: у лепшым выпадку яна сама згасне, у горшым — выбухне.

«Час жыцця — каля 20 секунд. Яна або сыдзе з патокам паветра, або выбухне, або патухне», — удакладніў вучоны і нагадаў, што зарад шаравой маланкі высокі, і пры невыкананні мер бяспекі сустрэча з ёй можа скончыцца трагічна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю