Top.Mail.Ru

Вучоны: Страт ураджаю з-за ўмоў надвор’я ў Беларусі няма, вегетацыя працягваецца

Страт ураджаю з-за ўмоў надвор’я ў Беларусі няма. Вегетацыя сельскагаспадарчых культур працягваецца, паведаміў дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Сяргей Краўцоў, перадае БелТА. 


Сяргей Краўцоў адзначыў, што ў бягучым годзе тэмпературны рэжым садзейнічаў расцягнутаму перыяду вегітацыі і фарміраванню больш высокага ўраджаю. 

«Мы бачым, што ўраджайнасць расце ва ўсіх галінах — у сярэднім па рэспубліцы на 7 ц/га, — адзначыў Сяргей Краўцоў. — Страт з-за кліматычных умоў пакуль няма. Расліны спеюць, вегетуюць. Цяпер крытычнага стану няма», — сказаў дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, дадаўшы, што прымяняюцца новыя тэхналогіі, распрацаваны рэкамендацыі па тэхналагічным доглядзе.

Паводле яго слоў, такога ніколі не было, каб сельскагаспадарчыя культуры прадоўжылі свой вегетацыйны перыяд на два тыдні, а некаторыя — і на больш працяглы тэрмін. У красавіку-маі адзначаліся анамальныя тэмпературы — ніжэй за кліматычную норму. Чэрвень не цешыў цяплом. «У нас тры месяцы сума актыўных тэмператур была ў сярэднім на тры градусы ніжэй у параўнанні з сярэднімі шматгадовымі данымі. Гэта дало асаблівасць расцягнутаму перыяду вегетацыі», — расказаў Сяргей Краўцоў. 

Аграрыі летась да канца ліпеня ўжо завяршылі ўборку азімага ячменю, сёлета — знаходзяцца на фінішнай прамой. Азімы рапс прыбраны толькі на 20% плошчаў, тады як у папярэдняе жніво — 90%. У засеках тады да 29 ліпеня было больш за 3 млн т збожжа, цяпер — 1,6-1,7 млн т. «Але ёсць і станоўчы бок. Падаўжэнне вегетацыйнага перыяду — гэта павелічэнне ўраджайнасці», — дадаў Сяргей Краўцоў. Гаворачы аб асаблівасцях тэхналагічнага догляду такіх культур, як рапс, зернебабовыя, ён звярнуў увагу на апрацоўку прэпаратамі, якія прадухіляюць парэпанне, абсыпанне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю